Плошча Незалежнасці, якой мы яе ведаем зараз, не заўжды была такой вялікай пустой пляцоўкай. Яшчэ ў 1950-я гады ў межах сучаснай плошчы захоўвалася даваенная гарадская забудова. На пярэднім плане старога фотаздымка можна пабачыць жылыя дамы па вуліцы Свярдлова, а насупраць Дома Урада яшчэ знаходзіўся былы даходны дом Кастравіцкай. На здымку канца 1970-х гадоў плошча Незалежнасці мае ўжо выгляд, больш падобны да сённяшняга.
Дом урада ў гады акупацыі: помнік Леніну зрынуты, а пляцоўка перад галоўным уваходам ператворана ў аўтабазу. На пасляваенным здымку беларускага фатографа Уладзіміра Лупейкі паказана святочная калона, што рухаецца па вуліцы перад Домам урада. У 1940-я і 1950-я гады менавіта гэты ўчастак Савецкай вуліцы (цяпер праспект Незалежнасці) выкарыстоўваўся для правядзення парадаў і дэманстрацый.
Дом № 3 на вуліцы Бабруйскай на здымку з часопіса 1941 года і на фота 1950-х гадоў. На першым фота адлюстравана адна з тых будоўляў даваеннага Мінска, якая была перапынена вайной. Будынак, амаль завершаны да лета 1941-га, быў здадзены ў эксплуатацыю толькі ў пасляваенныя гады.
Мінск пачатку 1950-х гадоў. Фотаздымкі перакрыжавання вуліц Кірава і Свярдлова з розніцай у год. Будоўля вядомага дома-падковы, распачатая на першым здымку, ужо амаль завершана на момант з’яўлення другога.
Перакрыжаванне вуліц Карла Маркса і Леніна на даваенным і пасляваенным здымках. Будынак у правай часцы фота — гэта Белкамунбанк, узведзены ў 1929 годзе ў стылі канструктывізму. У вайну дом моцна пацярпеў і быў адбудаваны ў канцы 1940-х гадоў, але ў змененым выглядзе: будынку надалі рысы пасляваеннага неакласіцызму.
Вуліца Петрапаўлаўская на паштоўцы ХІХ стагоддзя і вуліца Энгельса на пасляваенным здымку. У правай частцы фотаздымкаў можна бачыць кавалак Купалаўскага тэатру. Квартал у левай частцы дарэвалюцыйнай паштоўкі быў амаль цалкам разбураны падчас вайны. На яго месцы ў канцы 1940-х гадоў выраслі новыя дамы. Да завяршэння іх будаўніцтва з боку перакрыжавання можна было бачыць амаль усе дамінанты Верхняга горада.
Яшчэ адзін прыклад вялікіх разбурэнняў: моцна пацярпелы квартал па Савецкай вуліцы (цяпер праспект Незалежнасці), што знаходзіўся насупраць Аляксандраўскага сквера, у пасляваенныя гады быў канчаткова знесены і на яго месцы была арганізавана новая плошча Мінска — Кастрычніцкая. На здымку 1930-х гадоў можна пабачыць будынкі, страчаныя ў ваенныя гады.
Петрапаўлаўская царква на Нямізе на здымку канца 1970-х гадоў і на фота 1986 года. За час, які прайшоў паміж здымкамі, на месцы знесенай старой Нямігі вырас агромністы жылы дом.
Знакамітае Траецкае прадмесце ў Мінску не заўжды мела сучасны выгляд. Да канца 1970-х гадоў тут быў звычайны жылы квартал старога Мінска. Цяперашні «прычасаны» выгляд Траецкае атрымала пасля рэканструкцыі 1982−85 гадоў.
Да сярэдзіны 1950-х гадоў выгляд плошчы Перамогі, якая ў той час яшчэ звалася Круглай, моцна адрозніваўся ад сучаснага. Помнік-абеліск з Вечным агнём з’явіўся на плошчы толькі ў 1955 годзе. На фотаздымках канца 1940-х і сярэдзіны 1970-х можна таксама пабачыць, як за некалькі дзесяцігодзяў змянілася забудова Мінска на ўчастку ад плошчы Перамогі да Кастрычніцкай плошчы.