"Бацька, калі быў малады, дзяўчат называў цыбулькамі". Зміцер Вайцюшкевіч - пра жанчын і каханне. 21.by

"Бацька, калі быў малады, дзяўчат называў цыбулькамі". Зміцер Вайцюшкевіч - пра жанчын і каханне

24.05.2017 13:40 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Папулярны спявак Зміцер Вайцюшкевіч напісаў напісаў кнігу падарожных нататак «Простыя словы», якая выйшла ў выдавецтве «Логвінаў». Прадмову напісаў паэт Уладзімір Някляеў, а ілюстравала кнігу мастачка Ева Гілевіч. TUT.BY прачытаў кнігу і даведаўся пра першае каханне будучага спевака, яго прэзідэнцкія амбіцыі і мару спяваць у «Песнярах».


[2013−11−21]

Мой бацька, калі быў малады, дзяўчат называў цыбулькамі. Ён не быў паэтам, але ж гэныя «цыбулькі» — такая паэзія, такі глыбокі вобраз. Толькі дзіву даешся! Ад іх, ад гэтых цыбулек, і плачаш, і смяешся, і не ведаеш, што з імі рабіць. Спелыя цыбулькі, смажаныя — смаката! А самае галоўнае — без іх НІ-КУ-ДЫ. Усе подзвігі, вершы і дурноты — дзеля іх, дзеля нашых любімых цыбулек. Ну, за жанчын!

[2013−11−28]

Даўно хацеў напісаць пра жа ночыя халацікі. Не, не халаты! А менавіта — халацікі. Тыя, са студэнцкіх інтэрнатаў, з кватэр аднакласніцаў, аднагрупніцаў, з кабінетаў, дзе чароўныя медсястрычкі п’юць сваю гарбату і мараць пра сваё жаночае шчасце. Перад такім халатам, перад такім халацікам цяжка быць крутым мача — круціцца галава і цягне, цягне на подзвігі! Халацік — гэта знак да дзеяння. Гузічак за гузічкам… Трэ спыніцца! А як тут спынішся? Вы кажаце: каханне. А я кажу: халацік. Ва ўсім вінаваты ён — той, які з паркалю, з шоўку, які так цяжка, які так лёгка калісь расшпіліўся.

[2014−01−09]

Кім бы я мог стаць, каб не лёс, прадвызначанасць, выпадак? Кім заўгодна! Мог стаць п’янтосам. Масквічом мог стаць, варшавякам — таксама. Бізнесменам, начальнікам, дырыжорам… Каб хацеў, дык і ў Амерыцы быў бы і жыў бы. Ды не стаў тым, кім мог стаць. Стаў артыстам, беларускім артыстам — во як! Дзякуй Богу, лёсу, выпадку. А зараз кімсьці іншым і быць не хочацца.

Внимание! У вас отключен JavaScript, ваш браузер не поддерживает HTML5, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player.

[2014−01−23]

Што такое шчасце? Кароткі міг, і ўсё. Усё астатняе — гэта цяжкая штодзённая праца, падрыхтоўка да гэтага самага салодкага мігу, да імгнення. Шчасце — цукерка. А што ў гэтай цукерцы, шакалад ці мёд, — па сутнасці, не важна. Пернік — таксама шчасце. Гарачы суп ці поўны бак у тваёй машыне — таксама прыемны момант, можа, нават і шчасце. Але шчасце простае, запростае. Каханне значна вышэй. Сапраўднае каханне шчаслівей за боршч ці мэрсэдэс. Дык навошта тое шчасце? Каб было! Шчасце заўсёды мае сэнс, просты ці найвышэйшы.

[2014−01−30]

Чытаю ізноў вершы Танка. А там пра старасць, пра сталасць, успаміны. Ну, табе яшчэ зарана такое спяваць, нават чытаеш — так сабе, на адлегласці. Ты ж арол! Малады! Ну, можа, і не такі ўжо малады, але ж… Адна дзеўка з Гродна, харошая, прыгожая, кажа мне: «Дзядзечка!» І што мне пасля такіх словаў думаць? Мне б яе прытуліць, пацалаваць, а яна — «Дзядзька!..» Эх… Мужчына.

[2014−02−06]

Каб ведаў, што павалішся, пасцяліў бы сабе што. Не хацеў я вучыцца ў музыкальнай школе на фартэп’яна ці на скрыпцы — шкадую. Зайграў бы зараз Шапэна ці Ліста — не, няма Ліста. Табе яшчэ пашанцавала — ты можаш на дудзе, ці на кларнеце, ці на саксафоне. Хочаш Шапэна ці Ліста — толькі на саксе. О! Зайздросціць і табе нехта, і ўжо лягчэй. А я зайздрошчу мастакам, архітэктарам, фізікам, лётчыкам, жанчынам зайздрошчу! Цікава гэта — быць жанчынай. А мастакі і лётчыкі табе зайздросцяць, хочуць спяваць ці граць на дудзе. Жанчына хоць адзін дзень у жыцці хацела б быць мужчынам. Свет недасканалы.


[2014−02−13]

Калі казаць пра гармонію ў жыцці, то трэба сказаць, што толькі ў сорак гадоў трэба пачынаць сваё сапраўднае жыццё. У сорак гадоў чалавек дакладна ведае свае плюсы і свае мінусы, ёсць жыццёвы вопыт. Ну, і калі не стаміўся і не згарэў, варта падумаць пра новае, яшчэ больш цікавае жыццё: паставіць мэту! Якую? Любую! Якая табе падабаецца. Напрыклад, стаць праз дваццаць гадоў прэзідэнтам ці мастаком. Ты не юрыст і не мастак, табе проста падабаецца нешта. Ідзеш, вучышся, плаціш сваім настаўнікам, атрымліваеш дыплом, ездзіш на практыку, становішся сябрам нейкай партыі, наводзіш парадак у сваім асабістым жыцці, становішся лідарам гэтай партыі, прэзідэнцкія выбары — і ты прэзідэнт! Ну, ці мастак. Ці той, кім ты хочаш стаць. Станеш ці не станеш — гэта не важна. Але ж да гармоніі, напэўна, наблізішся. Магчыма.

[2014−03−13]

Зайшоў у вялізную краму з цацкамі - трэба было купіць малым сваім дзеткам падарункі. Звярнуў увагу на кругленькага ахоўніка гэтае крамы: ахоўнік быў падобны да пераростка, які ў дзяцінстве марыў стаць ахоўнікам самага вялікага супермаркета з цацкамі. І стаў. Не трэба нічога купляць — усе мары-цацкі пад рукою, навідавоку. Толькі час ад часу трэба рабіць выгляд, што ты ахоўнік. А мне ў дзяцінстве хацелася быць, як мясцовыя старэйшыя хлопцы, маднявыя, аўтарытэтныя. Яны слухалі заходнюю музыку і курылі папіроскі. Карацей, ні касманаўтам, ні лётчыкам я не хацеў быць. Нават пакурваў папіроскі таксама. Але мяне спынілі. І я — музыка, у якога час ад часу стае грошай на цацкі для сваіх дзетак.

[2014−03−20]

Не стала Рыгора Барадуліна, дзядзькі Рыгора. Дзеда, як казаў Алесь Камоцкі. Калі я быў смаркачом, марыў спяваць у ансамблі «Песняры». Думаў, жыццё адбудзецца, калі туды, у «Песняры», траплю. Час праляцеў, не стала Уладзіміра Мулявіна. А «Песняры» размножыліся, сталі рознымі — толькі няма таго, што раньш было. А з Барадуліным мы пазнаёміліся больш за 10 гадоў таму, дзякуючы Алесю Камоцкаму. Зрабілі разам з Дзедам альбом «Паравоз кахання». Я, смаркач, і народны паэт Беларусі. Ці было гэта сяброўствам? Не. Але ж Дзед стаў для мяне настаўнікам, маяком, аўтарытэтам. Калі хочаце, бацькам. Дзякуй, Рыгор Іванавіч! Хай зямля будзе Вам пухам.


[2014−04−03]

Не спіцца. У галаве змяшалася ўсё разам: і планы, і надзеі, і страхі, і жанчыны з песнямі - ну як тут заснеш? За вакном шуміць Варшава, яна даўно ўжо не спіць. Варшава рана ўстае. Колькі разоў ты быў у Ваве? Сотні. А можа, ужо і тысячу. Першы раз ты прыехаў сюды ў дзевяноста першым годзе мінулага стагоддзя — прадаваць нёманскі крышталь і забаўкі каля Палаца культуры і навукі. Прадаў? Прадаў! А пасля абеду пайшоў на паслухоўванне ў Акадэмію музычную. Ну проста Францыск Скарына! Аказалася, я добра граю на кларнеце. Яны б мяне забралі. Але лёс склаўся так, што хрусць… Праз дзесяць гадоў каля Палаца культуры і навукі я ўжо спяваў. Ты беларускі артыст, якога носіць па свеце. Ну і як тут заснуць? Трэба падымацца. Хутка самалёт на Менск.

[2014−04−24]

Вясной спаць не хочацца. Птушкі пачынаюць свае спевы — і адчуваеш, што ўжо выспаны. І ў тваю галаву пачынаюць лезці сотні думак, ідэяў, планаў — карацей, не да сну. Ты дарослы хлопчык, якому не трэба ў школу. І праца залежыць выключна ад тваіх уласных намаганняў. А нехта яшчэ спіць. Ці вяртаецца дахаты з працы. Калі мне было сямнаццаць гадоў, я пару разоў працаваў замест мамы ў начныя змены на шклозаводзе «Нёман». Ноч адпрацаваць, адхадзіць гэта ўсё ножкамі — гэта вам не ранішнія артыстычныя хвантазіі! Шмат чаго ў кожнага звязана з пачаткам дня. Рамантыка, школа, блінцы, яешня, кава, пацалункі, дзеткі — усяго багата. Добрай усім раніцы!

[2014−07−03]

Мне было тры з паловай гады, калі загінуў мой бацька. Вырастаў я пад добрыя ўспаміны і словы пра майго бацьку — Вайцюшкевіча Янака. У горадзе Кошыца на Славаччыне сустрэў я англічаніна, які зараз жыве ў Швейцарыі. Яму столькі ж, колькі было б майму бацьку: 75 гадоў. Стары Роджэр. Нават не ведаю, што сказаць, бо не маю тых словаў. Стары Роджэр не выглядае на свае гады. Зрэшты, гэта не самае важнае. Родная душа, бацька. Кошыца мяне не перастае здзіўляць: Роджэр плюс два новыя словы майго жыцця. Першае слова па-славацку úžasný - гэта значыць прыўкрасны. І слова trudno — польскае нібыта, а не, гэта слова сербскае, якое значыць зацяжарыць. Напэўна, усе сустрэчы маюць сэнс, але гэта ўжо іншая гісторыя. Дзякуй, Славаччына! Дзякуй, Кошыца! Дзякуй, стары Роджэр! Дзякуй усім маім добрым сябрам!

[2014−08−21]

— Выбачайце, а ў Вас не знойдзецца дзве капейчыны?.. Так было дваццаць пяць гадоў, нават менш за дваццаць пяць гадоў таму назад. Каб пазваніць з тэлефона-аўтамата трэба бы ло мець дзве капейчыны, савецкія. Радыё тэ лефоны ці мабільныя станцыі, як тады ка залі, мелі толькі алігархі ці вайскоўцы.


І як людзі жылі раней? Як я жыў? Пісаў лісты, набываў капэрту, марку, ішоў на пошту, кідаў у скрыню. Пасля доўгадоўга нудна чакаў адказу ад яе. Божачкі, якое было шчасце — атрымаць ліст ад яе! Ці ад іх. Не, тады была толькі яна. А калі званіў з аўтамата і яна падымала слухаўку, пачынаў здалёк: «Прывет, як справы?..» А маўчанне ў слухаўку — як рамантычна! Дагэтуль дрыжыкі па спіне. За раз інтэрнэт, вайфай, аніякіх дрыжыкаў. Яны маўчаць ці яны не пішуць — і ты нібыта не рэагуеш. Дарослы дзядзечка. Дзве капеечкі, толькі дзве капеечкі, каб пачуць самы родны на свеце голас. Прывіт. Маўчыш. Павесіў слухаўку. У Вайцюшках прапаў інтэрнэт. На халеру ты яго ўвогуле падключаў? Дакладна пра вера на, што шчасце не ў вай-фаі. Дакладна не вядома, у чым гэта шчасце. Вядома толькі, што яно караценькае, імгненнае — усяго дзве капейчыны. Выбачайце, а ў Вас не зной дзецца дзвюх капеечак?..

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Папулярны спявак Зміцер Вайцюшкевіч напісаў напісаў кнігу падарожных нататак "Простыя словы", якая выйшла ў выдавецтве "Логвінаў". Прадмову напісаў Уладзімір...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика