У Гродне адбудавалі каралеўскую рэзідэнцыю Аўгустова. У маштабе 1/100
31.01.2018 09:54
—
Новости Культуры
|
Падрабязны макет каралеўскай рэзідэнцыі Аўгустова з’явіўся ў пачатку студзеня ў краязнаўчым музеі гродзенскай гімназіі № 4. Макет некалькі месяцаў ствараў інжынер Ігар Адасік, Цяжка ўявіць, як некалі выглядала Аўгустова — рэзідэнцыя апошняга караля Рэчы Паспалітай, што знаходзілася на сённяшняй вуліцы Рэпіна ў Гродне. Пра яе да нас дайшло няшмат інфармацыі. Але гады пошукаў далі краязнаўцам і гісторыкам магчымасць не толькі «адбудаваць» сядзібу ў паменшаным выглядзе, але і знайсці яе апошніх уладальнікаў. Краязнаўчы музей у гімназіі № 4 быў адкрыты ў 2009 годзе. Да гэтага некалькі гадоў для яго збіралі экспанаты і інфармацыю. Трапіць туды не складана: трэба толькі звярнуцца ў школу. — Пры стварэнні музея мы адразу абралі накірунак, бо наша ўстанова знаходзіцца на былой тэрыторыі маёнтка Аўгустова — рэзідэнцыі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, — распавядае кіраўнік музея, гісторык Вольга Грамыка. — Матэрыял для музея збіралі шмат часу, ён цікавы і сёння малавядомы ў нашым раёне. Мы пачалі справу з мноствам дзяцей і настаўнікаў. Даследавалі ўсё каля гімназіі: прыроду, гісторыю, апытвалі людзей. Некалькі гадоў таму ў гімназіі ўжо зрабілі больш просты макет сядзібы пры падтрымцы Цэнтра краязнаўства і турызму. У 2017 годзе за вялікі макет узяўся інжынер Ігар Адасік у якога ў гімназіі вучыцца дачка. Ён мае вялікі досвед у стварэнні макетаў. — Хацелі менавіта макет на другую палову 18 стагоддзя, калі стваралася каралеўская рэзідэнцыя, — дадае Вольга Грамыка. Усё лета Ігар Адасік скрупулёзна вывучаў сабраную дакументацыю па рэзідэнцыі Аўгустова. Па нешматлікіх малюнках і фатаграфіях яму давялося ствараць цэлы комплекс. Спачатку ён старанна прамалёўваў усё на камп’ютары, а пасля стварыў пробныя макеты. Потым прыйшоў час фінальнай версіі. Яе маштаб — 1/100. — У працы Ігара выканана ўсё да драбнюткіх дэталяў. Усё, што мог знайсці дакладна, ён увасобіў, а чаго не хапала — давялося крыху дадумваць. Для нас важна было паказаць не толькі сядзібу і іншыя будынкі, але і парк, які там быў. Важна, каб дзеці маглі паглядзець, што такое французскі (рэгулярны) парк, а што такое англійскі (пейзажны) парк. Макет яшчэ дарабляецца, тлумачыць Ігар. Асноўная складанасць для яго — недахоп інфармацыі. — Ніякіх чарцяжоў у мяне не было, а толькі малюнак і фатаграфіі. Але і так атрымалася нешта зрабіць, нават колер вызначыць, — кажа Ігар. Ствараючы гэты макет, ён думаў ужо і пра іншыя каралеўскія рэзідэнцыі. Але працэс стварэння такіх макетаў вельмі доўгі: выдаткаваць яшчэ два гады на падобную працу ён пакуль не гатовы.
Вуліца Рэпіна сёння забудаваная сучаснымі дамамі. Раскопкі калісьці вяліся, але археолагам нічога не ўдалося знайсці. На думку Вольгі Грамыка, раскопкі праводзілі не ў тым месцы. — Гісторыяй рэзідэнцыі мала хто падрабязна займаўся. Нам трэба было, мы і знайшлі здымкі, якія пасля накладваліся адзін на адзін і звяраліся. Нашы пошукі давялі і да таго, што ўдалося знайсці апошніх уладальнікаў, а менавіта Нэлі О’Браен дэ Ласі, якая жыла ў Аргентыне. Так што можна з упэўненасцю сказаць, што раскопкі на тэрыторыі сядзібы яшчэ не вяліся. Недалёка ад рэзідэнцыі караля была пабудавана карчма, якая захавалася да нашых дзён. Многія сёння памылкова лічаць яе часткай рэзідэнцыі 18 стагодзя. Але насамрэч яна не ўваходзіла ў той комплекс. Таму ў макет яна не патрапіла. Карчма была часткай маёнтка і комплексу Аўгустова пры дэ Ласі (разам з капліцай, якая таксама захавалася).
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Падрабязны макет каралеўскай рэзідэнцыі Аўгустова з'явіўся ў пачатку студзеня ў краязнаўчым музеі гродзенскай гімназіі № 4. Макет некалькі месяцаў ствараў... |
|