Юныя мастакі з планеты Маленькага прынца.... 21.by

Юныя мастакі з планеты Маленькага прынца...

08.05.2018 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

article3928.jpg

 

28 красавіка  ў Івацэвічах прайшоў ІІІ адкрыты рэгіянальны конкурс дзіцячага малюнка “Спадчына-2018” пад назвай “Экалогія душы – экалогія Зямлі”. У ім прынялі
ўдзел 110 юных мастакоў з 13 раёнаў Брэсцкай вобласці, якія прыехалі з выкладчыкамі, а многія яшчэ і з бацькамі – усіх сустрэлі гасцінна, з душой.

Не выпадкова была выбрана тэма конкурсу, якая тычыцца важнейшага пытання чалавецтва: ці выжыве далікатны свет прыроды і сам чалавек ва ўмовах глабалізацыі бязлітаснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Зямлі, якім будзе жыццё наступных пакаленняў, чым напоўняцца душы людзей?

Конкурс праходзіў у два этапы: на першы было даслана 198 работ з 33 сярэдніх і нядзельных школ і двух каледжаў мастацтваў. Рашэннем кампетэнтнага журы для ўдзелу ў другім этапе конкурсу-пленэры было абрана 110 работ.

– Сёння ўсе конкурсы малюнкаў праходзяць завочна, а вось удзел у пленэры, калі за некалькі гадзін становіцца ясна, хто на што з дзяцей здатны, – вялікая рэдкасць. Спатрэбілася прыкласці шмат сіл і намаганняў, каб арганізаваць такія жывыя зносіны творчых юных душ, але яны былі не дарэмнымі. У дзяцей было сапраўднае яскравае і эмацыянальнае свята, – казала пасля падзеі дырэктар ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы” Ала Груздзева.

Арцюх Паліна, вучаніца Людмілы Вікенцьеўны Крукоўскай ДУА “ДШМ г. Івацэвічы”, атрымала вышэйшую ўзнагароду конкурсу – Гран-пры. Летась дзяўчынка, удзельнічаючы ў такім пленэры, не паспела завяршыць свой малюнак, і журы нават не разглядала яе работу. Тады хацелася плакаць дзяўчынцы ад крыўды, што яе старанні і здольнасці былі дарэмнымі, але сёння на цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў, Паліна плакала ад радасці і перапаўняючых эмоцый – яе талент не проста быў заўважаны, яна – пераможца!

Але гэта мы ўсё забягаем наперад. А казачны дзень хоць і не першага, але не менш незабыўнага пленэру, распачаўся ў Івацэвіцкім ГДК. Для гасцей і ўдзельнікаў свята быў арганізаваны вернісаж у фае малой залы. Там пад гукі жывой музыкі ансамбля старажытнай музыкі “Con-Anima”, што ў перакладзе з італьянскай мовы азначае “з душой” (мастацкі кіраўнік  Алег Зыбайла), можна было пазнаёміцца і палюбавацца работамі дзяцей, якія былі адабраны на другі тур. Дарэчы, і тыя работы, што не прайшлі на другі этап, экспанаваліся на вернісажы, толькі ў другой зале, і гэта сведчыла аб тым, наколькі адкрытым быў конкурс.

А ў 10 гадзін раніцы ўсіх запрасілі ў канцэртную залу – пад гукі адажыо Глебава з балета “Маленькі прынц” вучні харэаграфічнага аддзялення, як светлячкі, замільгацелі ў цёмнай зале. Сцэна асвятляецца, і пачынаецца казачны спектакль “Маленькі прынц”. Антон Куіс, Сямён Пігальскі, Максім Сяргееў, Данііл Лемяшэўскі – выпускнікі Івацэвіцкай ДШМ, а цяпер ліцэісты, а таксама Мікалай Гардзейчык, Аляксей Езапчук, Кацярына Гарэлік – вучні ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы” і выхаванцы нядзельнай школы пад кіраўніцтвам галоўнага рэжысёра пралога конкурсу, метадыста Алены Цітовай – імкнуліся данесці гледачу філасофскія ісціны: што самага галоўнага вачамі не ўбачыш, што трэба глядзець сэрцам і што мы ў адказе назаўсёды за ўсіх, каго прыручылі. А прынц дапамог зразумець і нам, што можна навучыцца верыць у цуды і ўбачыць, што свет поўны дабрыні, святла, радасці і любові. І можна быць шчаслівым разам з тымі, каго ты прыручыў. Пад зоркамі падарункам сэрцу гучала песня “Маленькі прынц” у выкананні Вольгі Гарчаковай.

Конкурс праводзіцца пры падтрымцы Івацэвіцкага райвыканкама. заснавальнік конкурсу – аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, арганізатары: ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы”, храм іконы Божай Маці “Дзяржаўная” г. Івацэвічы. Спонсар конкурсу – Івацэвіцкая РГА “Белая Русь”.

Пасля знаёмства з кампетэнтным журы пад старшынствам Яўгенія Феліксавіча Шунейкі, прафесара кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдата мастацтвазнаўства, дацэнта, члена Беларускага саюза мастакоў, усіх запрасілі на малебен у храм Божай Маці “Дзяржаўная” – добрая справа павінна пачынацца з Божага блаславення. Урачыстасці надавалі Велікодны канон з гучным “Хрыстос Уваскрос” і акрапленне святой вадой дзятвы. 

Натхнёныя дзеці нарэшце накіроўваюцца на падрыхтаваныя пляцоўкі. Іх было тры: каля храма – узроставая катэгорыя 15-17 гадоў і навучэнцы каледжаў, нядзельных школ, каля Івацэвіцкага ГДК – узроставая катэгорыя 12-14 гадоў і ў скверы каля плошчы ля будынка райвыканкама – 8-11 гадоў. Галоўная дзея і самы адказны момант – пачынаюцца…

Наогул, конкурс дзіцячага малюнка ў такім “жывым” варыянце – падзея значная для раёна. Гасцей трэба было прыняць, прадумаць усе дэталі і даць магчымасць журы працаваць засяроджана.

– Каб не валанцёрскі атрад з ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы” пад кіраўніцтвам Жанны Каспяровіч, нам было б вельмі клапатліва. Валанцёры аказалі значную арганізацыйную дапамогу мастакам і іх баць-
кам: разносілі чай і бутэрброды, глядзелі за парадкам, дапамагалі размясціцца на пляцоўках юным мастакам, – казалі ў адзін голас выкладчыкі Івацэвіцкай ДШМ.

Пакуль дзеці малявалі, настаўнікі выяўленчага мастацтва адправіліся на прэзентацыі Валкавыскага каледжа УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы” і Пінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. А потым для іх праводзіліся цікавыя майстар-класы: эцюд партрэта з натуры, які вяла навучэнка Валкавыскага каледжа і былая выпускніца Івацэвіцкай ДШМ Дар’я Бабкова, і прадмета па выбары “Перспектыва” з “Прэзентацыяй дызайн-праекта – будынка складанай канфігурацыі, інтэр’ера з зададзенай функцыяй памяшканняў”, з якога не хацелі адпускаць выкладчыцу “ДШМ г. Івацэвічы” Людмілу Вікенцьеўну Крукоўскую. Яе майстар-клас быў цікавым, бо Людміла Вікенцьеўна вельмі рэдкі педагог: яна па адукацыі архітэктар і валодае ўсімі тонкасцямі ў стварэнні дызайн-праектаў.

А для дзяцей тры гадзіны ля мальбертаў праляцелі ў адно імгненне. Толькі на гэты раз недапісаных работ не было – справіліся з задачай усе. І пакуль дзеці дружна абедалі, дзяліліся ўражаннямі, журы напружана працавала. У пяць га-
дзін вечара ўсе зноў сабраліся ў канцэртнай зале Івацэвіцкага ГДК. Пад гучныя фанфары "Джаз-бэнда" пачынаецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў. Тут мне хочацца дадаць, што ўсе ўдзельнікі конкурсу атрымалі дыпломы – своеасаблівая падзяка і дзецям, і іх настаўнікам за ўдзел. Толькі адны атрымалі дыпломы фіналістаў, а лепшыя –  пераможцаў.

Ва ўзроставай катэгорыі 8-11 гадоў – 17 узнагарод. Лаўрэат 1 ступені – Кацярына Клютко ДУА “ДШМ г. Івацэвічы” (настаўнік А. М. Самасюк). Ва ўзроставай катэгорыі 12-14 гадоў лаўрэатам 1 ступені стала Вольга Лукашэвіч з Антопальскай ДШМ Драгічынскага раёна, усяго 12 узнагарод. Ва ўзроставай катэгорыі 15-17 гадоў лаўрэатам 1 ступені стала Аляксандра Пукала з Бярозаўскай ДШМ. Сярод удзельнікаў нядзельных школ былі вызначаны тры дыпламанты і сярод каледжаў – тры лаўрэаты. Акрамя таго, спецпрыза журы ўдастоена Аліна Пагоніна, вучаніца ДУА “ДШМ г. Івацэвічы” (настаўнік Л. В. Крукоўская), а прыза сімпатый гледачоў – Паліна Сергель, вучаніца ДУА “ДШМ г. Івацэвічы” (настаўнік Т. А. Олех).

Рэзультатыўнасць школ Івацэвіцкага раёна: з 37 удзельнікаў – 15 сталі пераможцамі. Найбольш узнагарод з іх сыпанула ў скарбонку ДУА “ДШМ г. Івацэвічы”, у тым ліку гэтая ўстанова ўзяла самы важкі прыз – Гран-пры.

Благачынны цэркваў Івацэвіцкага благачыння, протаіерэй Грыгорый Піліпчук казаў, што ўсе члены журы спрацавалі ў вышэйшай ступені прафесійна. Лепшыя работы вырашана ахвяраваць у музей Івацэвіцкага храма і стварыць там выстаўку.

Яркімі фарбамі ігралі на цырымоніі выступленні хору першых класаў, узорнага ансамбля “Забавушка”, вакальнага ансамбля “МузаАрт”, вакальнай групы “До, рэ, мі” і іншых.

У кнізе водгукаў дзіцячай школы мастацтваў, якая вядзецца з першага пленэру, шмат цёплых слоў аб гэтай падзеі ад выкладчыкаў, членаў журы, святароў. Адзначана вельмі каштоўная ініцыятыва, якая не мае аналагаў на прасторах краіны. “Івацэвічы – гэта прыклад разумнай ініцыятывы, працалюбства, адказнасці, шчодрасці душы і духоўнага прасвятлення, – напісаў старшыня журы Яўген Шунейка. – Таму рэзультат – дзіўны, уражваючы, творчы. Я ганаруся, што атрымаў магчымасць прыняць удзел у гэтай цудоўнай дзеі. Поспехаў і ініцыятывы”.

Застаецца дадаць: “Маленькі прынц – жыві! Да наступнага экзамену, пленэр!”.

Валянціна БОБРЫК.

Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 У Івацэвічах прайшоў ІІІ адкрыты рэгіянальны конкурс дзіцячага малюнка "Спадчына-2018".
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика