Міжнародны дзень музеяў у Століне адзначылі фэстам “Класічны вечар ХІХ стагоддзя ў Радзівілаўскім парку”, які прайшоў у мінулую нядзелю ў парку “Манькавічы” і быў прысвечаны Году малой радзімы.
Шматлікія госці, якія сабраліся на пляцоўцы перад раённым краязнаўчым музеем, сталі сведкамі падзей, якія разгортваліся падчас арыстакратычных баляў і вечароў, пачулі голас часу і дакрануліся да вялікай музейнай таямніцы.
Святочны вечар адкрылі цырыманіяльным танцам-шэсцем “Паланез”, а гасцей прывітала дырэктар раённага краязнаўчага музея Святлана Паўлаўна Вярэніч.
- 2018 год, аб’яўлены Год малой радзімы, надае асаблівай значнасці музеям, — адзначыла Святлана Вярэніч. – Нам ёсць што зберагаць і ёсць чым ганарыцца, бо Століншчына – унікальны край. І галоўнае яе багацце – людзі. Гэта знакамітыя мастакі Юрый Сергіенка і Сяргей Місюн, пісьменнікі Георгій Марчук і Уладзімір Глушакоў, паэт Леанід Дранько-Майсюк, народны майстар Іван Супрунчык – Ганаровы паляшук і шэраг іншых творчых асоб.
Святлана Паўлаўна павіншавала са святам і падзякавала гасцям за нераўнадушнасць і ўвагу да Бацькаўшчыны.
Разам з удзельнікамі праграмы гледачы зрабілі гістарычную вандроўку ў арыстакратычныя салоны музычна-літаратурнага вечара. Атмасферу ХІХ стагоддзя з уласцівымі танцамі, літаратурнымі і музычнымі салонамі ўзнаўлялі ўдзельнікі ансамбляў танца “Карамель” і “Карагод”, творчыя калектывы Столінскага гарадскога дома культуры, Столінскай і Рэчыцкай дзіцячых школ мастацтваў, Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці.
Гасцям свята нагадалі гульні, якімі суправаджаліся такія вечары. Адна з іх – бурымэ – складанне вершаў на зададзеныя рыфмы.
Свой верш прачытала і падарыла музею ў якасці экспаната самадзейная паэтэса Людміла Карчэўская.
Вялікай цікавасцю ў юных наведвальнікаў карыстаўся аквагрым, які наносіла на дзіцячыя тварыкі педагог дадатковай адукацыі Столінскага РЦДТ Іна Марчук.
Пасля тэатралізаванай праграмы ўсіх жадаючых запрасілі ў музей, дзе можна было бясплатна прайсці па залах і дэталёва азнаёміцца з экспанатамі, яшчэ больш даведацца пра гісторыю роднага краю.
Музейны фэст пад адкрытым небам арганізаваны не першы раз і з кожным разам збірае ўсё больш прыхільнікаў.
Галіна ГАШЧУК
Фота аўтара