Пра творчых людзей часта кажуць, што яны знаходзяцца “на сваёй хвалі”. У Давіда Ціцюры з Давыд-Гарадка – гэтая хваля музычная.
Ён не проста займаецца музыкай, ён ёю апантаны. Запісвае кавер-версіі, піша свае песні, якіх у яго ўжо больш за дзясятак, прымае ўдзел у розных конкурсах. Прычым, не толькі прымае, а становіцца адным з лепшых. У маі гэтага года ён заняў другое месца ў Міжнародным конкурсе “Віват, гітара”, які праходзіў у Магілёве. Выступаў Давід у намінацыі “Выканаўцы-салісты” і змог пакарыць журы сваёй неардынарнасцю. Гэтае ж самае адзначылі і на раённым конкурсе сучаснага эстраднага мастацтва “Зоркі Палесся”. Некалькі гадоў таму ў складзе гурта “Made in Belarus” стаў уладальнікам спецыяльнага прыза ад “Навін Палесся”. А ў гэтым годзе атрымаў прыз ад інтэрнэт-партала “Медыя-Палессе” як самастойны выканаўца. Сёлета юнак скончыў не толькі сярэднюю школу № 1. Развітаўся і з Давыд-Гарадоцкай дзіцячай школай мастацтваў.
– Давід, а калі ты зразумеў, што гітара – гэта тваё?
– Калі ўпершыню пачуў, як іграе на ёй муж маёй стрыечнай сястры Сяргей. Тады я вучыўся ў 6 класе і для меня той быў супер-артыстам. У думках я ўжо ўяўляў сябе з гітарай і нават прыдумваў план, як хутчэй ажыццявіць сваю мару. Добра, што бацькоў доўга ўгаворваць не давялося. У школе я не быў выдатнікам, таму абяцаць дзявяткі не мог. Праўда, мае бацькі, убачыўшы мой запал, пайшлі насустрач. І вось ў 12 гадоў у мяне з’явілася мая першая гітара. З таго часу яна для мяне не проста музычны інструмент, гэта – мой сябар. Спачатку вучыўся на класічнай, потым асвоіў электрагітару, іграць на якой мне падабаецца больш.
– Адна справа – талент і жаданне, а другая – заняткі, якія патрэбна наведваць штодзень. Сустрэча з настаўнікамі не зменшыла твой запал?
– Наадварот, я адчуў патрэбную падтрымку. Вялікі дзякуй за цярпенне майму першаму настаўніку Міхаілу Васільевічу Драні. У яго свой падыход, які дае магчымасць раскрыцца вучню. Гэта для мяне важна. Бо я пачынаю бянтэжыцца і рабіць памылкі, калі адчуваю націск. Да Валерыя Аляксандравіча Мазана, з якім займаўся да заканчэння школы, перайшоў ужо падрыхтаваным. Мы часта рэпеціравалі разам, ён – галоўны крытык маіх песень. Дарэчы, з ім мы адправіліся ў Магілёў. Пакуль ехалі ў цягніку, я чамусьці хваляваўся, а калі прыехалі, наадварот, быў спакойны. Канкурэнцыя была вялікая, але мне неяк было без розніцы, хто выступае да мяне і хто – пасля.
– Значыць, на сцэне перад гледачамі ты адчуваеш сябе як рыба ў вадзе?
– Не ведаю, ці можна гэта назваць так. У першую чаргу мне важна самому настроіцца, а далей усё ідзе, як трэба. Калі існаваў наш гурт “Made in Belarus”, у якім былі Косця Чэх, Коля Туравец і Іван Канапліцкі, для нас выступаць было адно задавальненне. Песня гурта «Би-2» «Полковнику никто не пишет» у нашым выкананні стала кароннай для нас. З ахвотай згаджаліся прымаць удзел у любых конкурсах, бо атрымлівалі асалоду ад таго, чым займаліся. Потым Косця скончыў вучобу ў школе мастацтваў, пачаў рыхтавацца да паступлення ў медыцынскі ўніверсітэт. А я пачаў выступаць сольна. Але мы застаемся камандай і ў нас зараз ёсць адна задумка, звязаная з музыкай і нашым горадам.
– І якая, калі не сакрэт?
– Праўду кажучы, сакрэт. Таму толькі крыху прыадкрыю таямніцу. Мы плануем арганізаваць міні-канцэрт на адной з вуліц, сабраць сяброў, знаёмых ды ўсіх, каму будзе цікава. Я хацеў бы, каб Давыд-Гарадок спяваў. Гэта было б крута. У вялікіх гарадах Еўропы, напрыклад, Берліне ці Вене, вулічныя канцэрты – зусім не рэдкасць. Нават прафесійныя выканаўцы з задавальненнем ідуць на вуліцу. Гэта класна, калі ты са слухачамі адно цэлае. Шкада, што жывая музыка ў нас гучыць толькі на святочных канцэртах ці ў класах школы падчас заняткаў. Упэўнены, яна павінна быць паўсюль.
– Гэта можна назваць тваёй марай?
– Адной з многіх – так. Чалавек павінен жыць з марай у сэрцы. Мне здаецца, сусвет чуе кожнага. У адной з маіх песень якраз пра гэта гаворыцца.
– Дарэчы, праслухаўшы твае песні, заўважыла, што ў цябе яны ўсе розныя. Як ты іх пішаш?
– Як калі. Бывае, словы самі сплятаюцца ў галаве ў тэкст. І толькі потым я пераношу яго на паперу. Таму ў мяне безліч замараных лістоў. А вось песню “Мечта”, прэм’ера якой адбылася на выпускным вечары ў школе мастацтваў, я доўга выношваў у галаве.
“Чапляюць” тэксты беларускіх паэтаў. Дарэчы, у гэтым годзе напісаў сваю музыку да верша “Зорка Венера” Максіма Багдановіча. Беларуская мова ў песнях гучыць неверагодна прыгожа, а вось пісаць на ёй, прызнаюся, цяжка. Наконт прыярытэтаў: не магу вылучыць якога аднаго музыканта ці групу. Што сапраўды важна, гэта ўмець зачапіць слухача, каб ён пасля песні задумаўся. І я буду да гэтага імкнуцца.
А вось сваімі планамі наконт паступлення Давід дзяліцца не стаў. Але запэўніў, што яго будучыня абавязкова будзе звязана з музыкай. І чамусьці ў мяне не ўзнікае сумнення, што імя гэтага юнака мы яшчэ абавязкова пачуем.
Ганна Мельнік
Фота аўтара