Дабрыня выхоўваецца дабрынёй. 21.by

Дабрыня выхоўваецца дабрынёй

26.10.2018 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

 

ф. м. пінчукСучаснае маладое пакаленне не заўсёды мае ўяўленне, што такое камсамол.

Безумоўна, мы чулі пра яго ад сваіх родных. Яны з асалодай успамінаюць, як іх прымалі ў піянеры, як удзельнічалі ў камсамольскіх вечарынах, як сачылі за работай на ўдарных усесаюзных будоўлях, і як спявалі знакамітыя “Не расстанусь с комсомолом” і “Голубую тайгу”  ў час сяброўскіх пасядзелак каля камсамольскіх вогнішчаў. Гэтыя песні і зараз многія ведаюць, як табліцу множання. А сярод важных дакументаў абавязкова ляжыць акуратны, быццам толькі што яго ўручылі, камсамольскі білет.

Чаму не знікае настальгія? Што ж такога асаблівага было ў гэтай арганізацыі? На гэтую тэму пагутарылі з Фёдарам Міхайлавічам Пінчуком з вёскі Сямігосцічы, які на працягу чатырох гадоў з’яўляўся вызваленым сакратаром камітэта ВЛКСМ калгаса “XVII  партз’езд”.

…1971 год. Фёдара Пінчука прымаюць у камсамол. Быць камсамольцам – значыць браць ініцыятыву на сябе і за кожнае слова трымаць адказ. Гэтая выснова, якую юнак зразумеў у 14-гадовым узросце, стала потым дэвізам на ўсё жыццё. Ды і ў яго сям’і таксама так прынята было. Бацька – Міхаіл Якімавіч – працаваў брыгадзірам, а маці – Наталля Андрэеўна – паляводам у калгасе. І дзяцей сваіх вучылі, што на першым месцы – сумленне і чэснасць.

Пасля школы Фёдар тры месяцы вучыцца ў Пінскай “мараходцы” на электрыка флоту СССР. Службу праходзіць у Таліне на ваенна-марской базе.

Там ён трапіў у спартыўную роту, што было дарэчы. Яшчэ будучы вучнем, стаў чэмпіёнам раёна па футболе. Здольны хлопец абараняў гонар базы на працягу ўсёй службы.

Пасля становіцца студэнтам Гарадоцкага аграрна-тэхнічнага тэхнікума, дзе атрымлівае спецыяльнасць тэхніка-электрыка сельскай гаспадаркі. З ёй у 1983 годзе ўладкоўваецца на малочнатаварную ферму “Цагельня”. У тым жа годзе на справаздачна-выбарным сходзе выбіраецца вызваленым сакратаром камітэта камсамола. Фёдар Міхайлавіч узначальваў пярвічныя арганізацыі ў механізацыі, паляводстве і жывёлагадоўлі, членамі якіх было больш за 120 калгаснікаў.

Атрымлівае партыйны білет і ў 1987 годзе райкамам партыі як адзін з лепшых сакратароў у раёне накіроўваецца ў Мінскую вышэйшую партыйную школу. У гэтым жа годзе атрымлівае Ганаровую грамату цэнтральнага камітэта Ленінскага камуністычнага саюза моладзі Беларусі.

Камсамольская работа ў вёсцы кіпіць. У клубе часта ладзяцца сустрэчы, віктарыны, людзі збіраюцца ў святы, на навагоднія вечары, каб адпачыць і проста пагутарыць, абмеркаваць вясковыя навіны.  На сходах выступаюць прадстаўнікі ўсіх арганізацый вёскі: ад калгаса да фельчарска-акушэрскага пункта. Сюды спяшаліся ўсе, бо было неабыякава за лёс вёскі, раёна, краіны.

Праводзяцца спартыўныя спаборніцтвы, а футбольная каманда калгаса неаднаразова становіцца пераможцай чэмпіянатаў і кубкаў раёна, іншых значных турніраў. 

Вялікую ролю камсамол меў у ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі. У 1985 годзе было 52 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Дзень Перамогі – галоўнае святочнае мерапрыемства, на яго збіраліся без выключэння ўсе вяскоўцы. У гонар загінуўшых на вайне побач са школьным стадыёнам была пасаджана алея. Фёдар Міхайлавіч асабіста з вясковымі хлопцамі ездзілі за раку Прыпяць, каб выкапаць ліпы і таполі. Пасадзілі алею бярозак і каля фермы.

За сваю дзейнасць Фёдар Міхайлавіч са сваім сябрам і актыўным камсамольцам Леанідам Панцялеевічам Куляшом ездзіў на раённыя і абласныя канферэнцыі, на якіх часта выступаў. Для яго гэта была звыклая справа. Акрамя аднаго разу, калі Фёдару ад імя камітэта камсамола даручылі сказаць развітальнае слова на пахаванні Мікалая Драпея, які загінуў пры нясенні службы ў Афганістане. Гэта быў жнівень 1986 года. Уся вёска прыйшла развітацца з героем. Усе галосяць над цынкавай труной. Для ваеннага камісара, які выступіў першым, ён быў салдатам. А для яго сябрам, які ішоў служыць у армію зусім юнаком. Падкошваліся ногі і сто разоў паўтораныя словы блыталіся ў галаве. Гэты дзень і зараз успамінаецца, як жудасны сон.

Воінаў-інтэрнацыяналістаў таксама запрашалі на сустрэчы.

Провады ў армію праходзілі ва ўрачыстай абстаноўцы ў клубе. Будучаму салдату ад імя камітэта камсамола абавязкова ўручаўся які-небудзь падарунак. А ў тыя часы не служыць было сорамна.

Усе памятаюць сацыялістычныя спаборніцтвы, якія праходзілі ў кожнай гаспадарцы. Іх пераможцы накіроўваліся на Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў. Мясцовы хлопец Ляшкевіч Міхаіл Васільевіч, які стаў лепшым вадзіцелем на адзвозцы збожжа ў раёне, быў сярод дэлегатаў у Маскве, дзе праходзіў фестываль у 1985 годзе.

І, канешне, куды ж без самадзейнасці. Канцэрты ладзіліся як  з нагоды, так і проста, каб павесяліць людзей. Галасамі Сямігосціч былі Вольга Уладзіміраўна Сахарчук і Васіль Васільевіч Арлянін, якія гатовы былі начамі рэпеціраваць пад акампанемент настаўніка музыкі і мастацкага кіраўніка клуба Міхаіла Іванавіча Пінчука. Ездзілі з гастролямі па суседніх вёсках, прыязджалі да нас іх артысты.

– Вёска жыла вялікай сям’ёй, – дадае Фёдар Міхайлавіч. – Мы ведалі, што ў каго дзе робіцца. Людзі выступалі на сходах і справаздачах, дзяліліся праблемамі. У камітэта камсамола была адказная місія – дапамагчы і ў большасці спраўляліся. Камсамол быў “памочнікам” бацькам і настаўнікам у плане выхавання дзяцей. Бо вучыў дабру, патрыятызму, паважліваму стаўленню і клопату аб старэйшых, прывіваў тыя якасці, якімі, на мой погляд, павінен валодаць кожны чалавек. Маладыя людзі былі смелымі, не баяліся цяжкасцяў. 

Фёдар Міхайлавіч пасля таго, як распаўся Савецкі Саюз, амаль 10 гадоў працаваў сакратаром Альшанскага сельсавета, паўтара года з’яўляўся старшынёй. Пасля год працаваў настаўнікам гісторыі ў Альшанскай сярэдняй школе, а ў 2000 годзе з’явілася пасада настаўніка фізічнай культуры ў школе ў роднай вёсцы. Паступае ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры на завочнае аддзяленне. Вучыццца ніколі не позна – упэўнены Фёдар Міхайлавіч, які любоў да спорту пранёс праз усё жыццё.

Пайшоў на заслужаны адпачынак і зараз вядзе секцыю па футболе ад Столінскага РФСК. Да яго спяшаюцца дзеці, бо да кожнага ён  ставіцца як да асобы, ніколі не павышаў голас. Дабрыня выхоўваецца дабрынёй. А гэта значыць, што Фёдар Міхайлавіч працягвае сваю работу – выхоўваць будучыя пакаленні.

Ганна Мельнік

Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
  Сучаснае маладое пакаленне не заўсёды мае ўяўленне, што такое камсамол. Безумоўна, мы чулі пра яго ад сваіх родных. Яны
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика