Пiнскiя майстры-шапавалы Эдуард Букініч і Галіна Корзун вучаць усіх жадаючых тонкасцям старажытнага рамяства
04.01.2019
—
Новости Культуры
|
>
Пінчане Эдуард Букініч і Галіна Корзун з воўнай пазнаёміліся чатыры гады таму назад, калі Галіна выпадкова ўбачыла ў Інтэрнэце вырабы з незвычайнага матэрыялу і зацікавілася. З таго часу жанчына не адыходзіла ад манітора камп’ютара і з кожнай хвілінай разумела ўсё больш і больш: «хачу навучыца працаваць з воўнай». Так і здарылася. Праўда, да свайго захаплення Галіна далучыла і мужа Эдуарда, які з задавальненнем дапамагае жонцы. – Любоў да рукадзелля ўзнікла яшчэ ў дзяцінстве, – расказвае Галіна Корзун. – У вольны час я вязала і шыла адзенне для лялек. А ўсё дзякуючы маёй маці, якая і запаліла ўва мне агеньчык творчых здольнасцяў, навучыла асновам рамяства.
Пінскія майстры ўпэўнены, каб: атрымаць якасныя вырабы з воўны, патрэбна з ёю «пасябраваць». Спачатку правільна падрыхтаваць яе да працы: вымыць, вычасаць, высушыць. Пры вырабе, напрыклад, валёнкаў майстры спачатку рассцілаюць на стале мокрую палатніну, а на ёй – воўну. Затым выраўноўваюць, скручваюць у трубку і пачынаюць катаць кулёк. Такім чынам «непаслухмяная» воўна ўсаджваецца і ўшчыльняецца. Пасля такой доўгай працэдуры выраб атрымлівае звыклую нам форму валёнка, а для таго, каб у сярэдзіне абутак не зросся, унутр майстры закладваюць паперу, альбо «душу» (так называецца кавалак ушчыльненай воўны). Пасля валёнкі зноў скачваюць у рулон і катаюць. Гэты працэс называецца «снаванне». Зваленую аснову кладуць на рабрыстую дошку, паліваюць гарачай вадой і доўга труць. Пасля выраб выварочваюць і кладуць унутр калодку для надання формы. Далей – сушка ў печы і сточванне лішняй воўны. І толькі пасля гэтага валёнкі гатовыя. Працэс вырабу пары валёнкаў займае каля трох сутак. – Валенне – складанае рамяство, – дзеліцца Эдуард Гар’евіч, – не дзіва, што ў старажытныя часы ім займаліся пераважна мужчыны, таму я і дапамагаю жонцы. Але і справа таго вартая: у такім абутку і ў самую лютую зіму не змерзнуць. – Кожны наш выраб – непаўторны, – расказвае Галіна Фёдараўна. – Стварыць копію немагчыма. На шчасце, сёння вырабы ручной працы цэняцца ва ўсім свеце. Мы стаміліся ад аднолькавых, як пад капірку, рэчаў. Кожнаму хочацца быць адметным, а падкрэсліць сваю асобу, настрой можна праз адзенне і ўпрыгажэнні, таму нашы вырабы карыстаюцца вялікім попытам. Яны не толькі прыгожыя, цёплыя, але і экалагічна чыстыя.
Эдуард Гар’евіч і Галіна Фёдараўна з’яўляюцца членамі клуба «Полесские мастера», які працуе пры Пінскім ГДК. Нярэдкая з’ява тут – майстар-класы па вырабу і ўпрыгожванню сувеніраў з воўны, дзякуючы якім майстры вучаць усіх жадаючых тонкасцям старажытнага рамяства. Таццяна Палхоўская.
|
|