Капліца-пахавальня ў вёсцы Івашкаўцы Смаргонскага раёна - гісторыка-культурная каштоўнасць Рэспублікі Беларусь. 21.by

Капліца-пахавальня ў вёсцы Івашкаўцы Смаргонскага раёна - гісторыка-культурная каштоўнасць Рэспублікі Беларусь

16.01.2019 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У жніўні 2018 года ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь быў уключаны помнік архітэктуры неаготыкі пачатку ХХ стагоддзя – капліца-пахавальня Качаноў, якая знаходзіцца ў вёсцы Івашкаўцы Смаргонскага раёна.

Ивашковцы.jpg

Капліца-пахавальня была ўзведзена, верагодна, у 1908 годзе, калі быў выраблены праект, у якім згадваецца прозвішча Качан. Таксама яна вядома па інвентары за 1932 год. Хутчэй за ўсё Качаны былі сольскімі парафіянамі, аб якіх аднак нічога больш невядома. Пасля таго, як парафіяльны касцёл згарэў у 1915 годзе, набажэнствы былі перанесены ў капліцу, да якой у 1917 годзе быў дабудаваны драўляны неф, разабраны пасля ўзвядзення новага касцёла ў Солах. У 1923 годзе да фасада быў далучаны ганак.

Архітэктурнае апісанне ўключае наступныя звесткі (“Kościoły і klasztory rzymskokatolickie dawnego województwa Wilenskiego”. Kraków, 2005): 

“Неагатычны стыль. Мураваная, атынкаваная, на падмурку з каменных блокаў. У плане – квадрат з прэсбітэрыяльнай замкнёнай трохбаковай часткай, контрфорс, крыпта з васьмю нішамі для трунаў, размешчанымі ў два рады. Інтэр’ер зальны, скляпенне крыжападобнае. 

Вокны стрэльчатыя, шліфаваныя, у бакавых сценах шырокія, на замкнёнай прэсбітэрыяльнай частцы вузкія. У сутарэнні невялікія вокны-крыпты ў форме падоўжанага прамавугольніка. 

Уваходныя дзверы чыгунныя, двухстворкавыя, аздобленыя панэлямі з разнымі вугламі, з аплікацыямі ў выглядзе размешчанага крыжападобна лісця аканту і разетак. Уваход у сутарэнні пасярод каменнай падлогі замкнёны металічнымі двухстворкавымі дзвярмі з круглымі ручкамі. 

Фасад гладкі, аднавосевы з трайным пікам. 

Партал стрэльчаты, глыбокі, двухступенчаты, з парамі псеўдакалон на кубападобных капітэлях па баках. Уверсе размешчана “сляпое вока” ў абрамленні тынкаванай стужкі ўздоўж бакоў вяршыні партала ідуць гіпсавыя стужкі, якія таксама выразаны вугламі. 

Дах высокі, двухсхільны, крыты бляхай, завершаны вежачкамі са спічастымі шатрамі на шасцігранных аснаваннях, якія ўвенчаны металічнымі ажурнымі крыжамі”.

Капліца была пабудавана ў той час, калі неаготыка, звязаная з будаўніцтвам касцёлаў, дасягнула сваёй апошняй стадыі папулярнасці. Праект несумненна выкананы прафесійным архітэктарам, на жаль, ён не падпісаны. Не хапае таксама тых індывідуальных асаблівасцей, якія дапамаглі б нам ідэнтыфікаваць аўтара. Можна толькі меркаваць, што гэта быў адзін з тых губернскіх архітэктараў, складана, аднак, вызначыць, ці гэта мог быць Вільгельм Сарока, які ў 1906 годзе спраектаваў вельмі падобную, хаця і багацейшую з трымя стрэльчатымі вокнамі на фасадзе, капліцу Св. Роха ў Грандзічах каля Гродна.

Абсталяванне на момант складання гістарычнай даведкі польскімі даследчыкамі (“Kościoły і klasztory rzymskokatolickie dawnego województwa Wilenskiego”. Kraków, 2005) было прадстаўлена наступнымі прадметамі: алтар імправізаваны, драўляны, на ім скінія, прыкладна канца XIX стагоддзя, з чатырма карынфскімі калонамі, пафарбаванымі ў белы колер, са слядамі залачэння і шасцю драўлянымі падсвечнікамі канца XIX стагоддзя ў стылі класіцызму на слупкаватых сцёблах на кубічных рыфлёных падстаўках, пафарбаваных у шэры і карычневы колеры. На сцяне прэзбітэрыя ўстаноўлена мармуровая табліца з авальнай адтулінай ад некалі знішчанай парцалянай выявы з надпісам: “Ксёндз Дзёкан |Уладзіслаў Матуліс| 1886-1967| Requiescatinpace|”.

Надпісы: 1. з літарамі LOPP (Ліга аховы супрацьпаветранай) і W; 2. са сцежкай з зорак у полах плашча.

Сярод рэштак адной з трунаў ёсць таблічка з надпісам, які ў перакладзе гучыць наступным чынам: “Аляксандра |з Качаноў Песко| памерла 8 мая 1914 года| ва ўзросце 23 гадоў”.

Размешчана капліца на могільніку на заходняй ускраіне вёскі, на восі могільнікавай брамы і галоўнай алеі. Капліца ў цяперашні час не выкарыстоўваецца. Тэхнічны стан будынка можна ахарактарызаваць як дастаткова добры, у той час як інтэр’ер носіць выразны адбітак шматгадовага запусцення: ён пазбаўлены абсталявання, вокны пазакладаныя кардонам, брудныя сцены са шматлікімі пырскамі фарбы. Безумоўна, аб’ект патрабуе рэстаўрацыйных прац, касметычнага рамонту. Мяркую, што цяпер, калі помнік узяты пад ахову дзяржавы, можна быць упэўненымі, што ён будзе захаваны.

Хацелася б адзначыць яшчэ адну важную падзею для Смаргоншчыны. Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь 24 кастрычніка 2018 года была разгледжана прапанова Смаргонскага райвыканкама аб павышэнні катэгорыі гісторыка-культурнай каштоўнасці “Фрагменты замка XIV стагоддзя” у аг. Крэва Смаргонскага раёна. Рада прыняла станоўчае рашэнне па дадзенаму пытанню, і Крэўскаму замку была нададзена 1 катэгорыя. Гэта значыць, што цяпер замак у Крэва – гэта гісторыка-культурная каштоўнасць, якая мае міжнародную значнасць (раней замак меў катэгорыю 2 – гісторыка-культурная каштоўнасць нацыянальнай значнасці). Мець на сваёй тэрыторыі такі аб’ект – вялікі гонар і прэстыж для нашага раёна.

Алена БОБІНА, метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

Фота з сайта vandrouka.by

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У жніўні 2018 года ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь быў уключаны помнік архітэктуры неаготыкі пачатку ХХ стагоддзя –...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика