Як святкавалі Міжнародны дзень роднай мовы ў Залескім яслі-садзе - сярэдняй школе
25.02.2019
—
Новости Культуры
|
21 лютага ва ўсім свеце адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы. Далучылася да святкавання і наша ўстанова адукацыі.
З самага ранку група ініцыятыўных вучняў на першым паверсе школы правяла рэкламную акцыю “Размаўляй са мной па-беларуску”, уручыўшы кожнаму значок-сімвал. Пасля другога ўрока прайшла ўрачыстая лінейка, на якой адбылося адкрыццё Тыдня роднай мовы і літаратуры. Выступоўцы прачыталі верш Яўгеніі Янішчыц “Будзе слоту абвяшчаць прагноз…” Рэфрэнам на ўсю залу гучалі словы прызнання ў любові да беларускай мовы: 25 чалавек навучэнцаў паўдзельнічалі ў рэспубліканскім конкурсе “Буслік”. Пасля чацвёртага ўрока ў бібліятэцы ўстановы адукацыі адбыўся бенефіс Чыжэўскай Марыі, вучаніцы 3 класа, “Я люблю чытаць па-беларуску”. Для сваіх аднакласнікаў і навучэнцаў 5 класа ўстановы адукацыі Марыя арганізавала выставу беларускіх кніг з хатняй бібліятэкі і з вялікім задавальненнем расказала пра іх. Самы любімы аўтар дзяўчынкі - Свэн Нурдквіст, таму менавіта яго кніг найбольш у калекцыі Машы. З асаблівай пяшчотай дзяўчынка захоўвае кнігу Андрэя Хадановіча “Нататкі таткі”, таму што гэта першая кніга з аўтографам аўтара. Раіса Баравікова “Казкі астранаўта”, Алена Масла “Як пані Чаротная ў Палангу бегала”, “Пэпі Доўгая панчоха”, Юя Вісландэр “Мама Му” і нават “Першая энцыклапедыя для дзяўчынак”. Цікава і займальна з вуснаў Машы гучалі гісторыі з беларускіх дзіцячых кніг, а дзеці з задавальненнем адгадвалі загадкі, разглядалі аздобленыя шыкоўнымі малюнкамі старонкі кніг. Таксама ў бібліятэцы ўстановы адукацыі былі арганізаваны выставы кніг:“105-годдзе з дня нараджэння Аркадзя Куляшова” і “Кнігі-юбіляры 2019”. Сярод кніг-юбіляраў “Альпійская балада” Васіля Быкава (55), “Дрыгва” Якуба Коласа (85), “ТВТ” Янкі Маўра (85), “Сэрца на далоні” Івана Шамякіна(55), “Птушкі і гнёзды” Янкі Брыля (55). Пасля пятага ўрока ўсіх навучэнцаў установы адукацыі чакаў незвычайны сюрпрыз - радыёперадача “Міжнародны дзень мовы”. Марыніна Паліна і Кенько Ангеліна распавялі пра гісторыю ўзнікнення свята роднай мовы, звярнулі ўвагу на непаўторнасць беларускай мовы і заклікалі любіць і шанаваць родную мову. А пасля для ўсіх аматараў роднай мовы ў выкананні Руслана Алехно прагучала песня “Мроя”. На сёмым уроку для 6-8 класаў Лось Марыя Стэфанаўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, правяла гульню-віктарырыну “Падарожжа па роднай мове”. А навучэнцы 10-11 класаў мелі магчымасць паглядзець прэзентацыю “Мова родная - мова модная”, падчас якой пазнаёміліся з цікавымі фактамі з гісторыі развіцця беларускай мовы, знакамітымі выказваннямі пра беларускую мову, праглядзелі відэаролікі, прысвечаныя роднай мове. Вось такім змястоўным і насычаным днём стаў Дзень роднай мовы! Н. М. СІДАРАВА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
21 лютага ва ўсім свеце адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы. Далучылася да святкавання і наша ўстанова адукацыі. |
|