Жыццё і Беларусь у вершах Надзеі Паляк
30.04.2019
—
Новости Культуры
|
Чым я жыву, тым ганаруся: Сваёй зямлёй, блакітным небам. І што завецца Беларуссю, Спрадвеку пахне спелым хлебам. Гэтыя радкі Надзеі Васільеўны Паляк добра падышлі да эпіграфа, пад час паэтычнай сустрэчы, якая так і называлася “Чым я жыву, тым ганаруся”. Літаратурная імпрэза адбылася ў красавіку ў танцавальнай зале раённага Цэнтра культуры і была прысвечана творчасці добра вядомай у нашым раёне паэткі Надзеі Паляк. Імя Надзеі Паляк добра вядома чытачам раённай газеты, літаратурнага альманаха “Гоман”, а таксама альманаха сатыры і гумару “Вожык” і міжнароднага альманаха “Славянские колокола”. Надзея Васільеўна з’яўляецца аўтарам кніг “Чым я жыву, тым ганаруся”, “Хвалююць сэрца ўспамін”, сааўтарам калектыўных сборнікаў “Подыхам адзіным, “Пяе душа паэта”, “Шаркаўшчынскаму краю” і “Не злічыць у сэрцы светлых дум”. У якасці вядучай мерапрыемства выступіла Ала Міхайлава — кіраўнік народнага літаратурнага-музычнага аб’яднання «Світанак», актыўным удзельнікам якога з’яўляецца Надзея Паляк. Кожны паэт мае свой стыль, сваю тэматыку, свой пункт гледжання. Чалавек, прырода, грамадства, мiнулае i будучае — вось тая праблематыка, што знаходзiцца ў аснове творчасцi Надзеі Васільеўны. Лiрычны герой яе паэзii — гэта яркая iндывідуальнасць, канкрэтны чалавек i ў той жа час абагульнены вобраз, створаны гiсторыяй, памяццю. Яе вершы выпрабоўваюць чалавека жыццём, каханнем, шчырасцю, iмкнучыся вызвалiць яго ад зла i маральных недахопаў. Паэтычны вечар стаў падарункам Надзеі Васільеўне з нагоды яе юбілею. Намеснік старшыні Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта Юрый Анатольевіч Васілеўскі пажадаў Надзеі Васільеўне моцнага здороўя, дабрабыту і ўручыў Падзяку старшыні раённага выканаўчага камітэта. З музыкальнымі падарункамі выступілі Іван Гарбачонак, аматарскае аб’яднанне “Душэўная ўтульнасць” і іншыя. Мы, беларусы, маем чым ганарыцца — унікальнасцю свайго існавання на працягу больш як тысячы гадоў, даўняй дзяржаўнасцю, развітай культурай і традыцыямі, цудоўнай і шчодрай прыродай, прыгожымі гарадамі і вёскамі, што сталі такімі дзякуючы працавітым і добрым людзям, якія жывуць на беларускай зямлі, у незалежнай і суверэннай краіне — Беларусі. А яшчэ мы ганарымся тым, што побач з намі жывуць цудоўныя светлыя людзі, якія ўслаўляюць свой родны край, сваю зямлю, землякоў і ўсю навакольную прыгажосць у сваіх творах. Паэзія — гэта не проста зарыфмаваная думка. Добры верш — гэта таямніца, якая жыве у душы чалавека і раптам становіцца даступнай іншым. Паэзія для Надзеі Васільеўны — гэта яе жыццё, успаміны, мары і каханне. Сама юбілярка ўзгадала пачатак свайго літаратурнага шляху, чытала вершы розных гадоў, распавяла пра бліжэйшыя творчыя планы. А вось iнтарэсы ў Надзеі Паляк шырокiя i разнастайныя, у многiх творах адчуваецца сувязь з бiяграфiчнымi момантамi, канкрэтнымi падзеямi, фактамi і людзьмі. Паэтка таксама плённа супрацоўнічае з мясцовымі кампазітарамі — на вечарыне прагучала некалькі песень на яе словы і музыку Галіны Пятроўны Сафончык. — Вашы вершы добра спалучаюцца з музыкай, — прызналася пасля выканання аднаго з такіх лірічных нумароў Галіна Пятроўна. — Яны ўспрымаюцца як жывы голас жывой душы. Надзея Васільеўна заўсёды ўмее адкрыць вялікае, глыбокае ў родным, будзённым, простым, зрабіць з гэтага вялікую паэзію. Магчымасць павіншаваць Надзею Паляк і звярнуцца з цёплымі словамі атрымалі яе родныя — дачка Алёна, а таксама шматлікія сябры і, канешне, “світанкаўцы”. Алена АНАНІЧ. |
|