Учора ў Нясвіжы стартавала ХХІV свята мастацтваў “Музы Нясвіжа”. Яно пачалося са спектакля Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра імя Уршулі Радзівіл Нясвіжскага раённага цэнтра культуры. Увазе гледачоў была прадстаўлена камедыя “Ён — мужык, а яна — паненка” па п’есе Ж.Б. Мальера “Жорж Дандэн, або Падмануты муж”. Рэжысёр — Яўген Валабоеў.
Сёння ў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы пройдзе творчая сустрэча і прэс-канферэнцыя “Год юбілею Станіслава Манюшкі” з удзелам народнага артыста Беларусі, прафесара М.Я. Фінберга, а таксама канцэрт струннага квартэта і ансамбля кларнетыстаў Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”.
Затым у РЦК адкрыецца мастацкая выстава “Краявіды Нясвіжа вачыма дзяцей” работ з фонду Міжнароднага конкурсу-пленэру юных мастакоў імя Міхаіла Сеўрука і адбудзецца ўрачыстае адкрыццё свята мастацтваў, якое азнамянуецца канцэртам акадэмічнай музыкі “Нясвіж — крыніца натхнення Станіслава Манюшкі i яго аднадумцаў”. Перад аматарамі класічнага мастацтва выступіць Заслужаны калектыў “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” і яго творчыя калектывы. Заўтра канцэрты пройдуць у касцёле Божага Цела, замку Радзівілаў, раённым цэнтры культуры.
Аб асаблівасцях і сюрпрызах сёлетняга свята мастацтваў чытайце ў наступных нумарах “НН”.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ
Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА