У Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчым музеі адбылася прэзентацыя выставы “Адна вера, адна надзея, адна любоў”, прысвечаная дзвюм канфесіям хрысціянскай рэлігіі — праваслаўю і каталіцызму.
На прыкладзе жыцця і сяброўства двух ганаровых грамадзян Нясвіжа — ксяндза Рыгора Каласоўскага і протаіерэя Дзмітрыя Хмеля — гэта выстава адлюстроўвае ўзаемадзеянне каталіцтва і праваслаўя ў нашым раёне.
Асноўная частка выстаўленых прадметаў — гэта рарытэтныя рэчы, якія перадалі ў музей для часовага экспаніравання пробашч парафіі касцёла Божага цела ў Нясвіжы ксёндз-канонік пётр Шарко і настаяцель прыхода храма святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца протаіерэй Яўген Лабынько.
Увазе наведвальнікаў прадстаўлены больш за 100 экспанатаў — каталіцкія і праваслаўныя іконы, богаслужэбныя кнігі, крыжы, адзенне святароў, літургічныя прадметы, унікальныя фотаздымкі. Асаблівая каштоўнасць новай выставы ў тым, што духоўныя традыцыі і сакральная спадчына, якая захоўваецца ў касцёлах і цэрквах, мала вядомыя шырокаму колу людзей.
Тыя ж, каму пашчасціла прысутнічаць на прэзентацыі выставы, змаглі не толькі пабачыць рарытэтныя рэчы, але і пачуць шмат цікавага з вуснаў святароў.
Так, ксёндз-канонік Пётр Шарко ўзгадаў аб тым, што з XVI па XIХ стагоддзе ў Нясвіжы і яго ваколіцах было сем каталіцкіх храмаў — касцёл бернардзінцаў, касцёл Божага Цела, які дзейні-чае па сённяшні дзень, дамініканскі касцёл Святой Кацярыны, на фундаменце якога зараз стаіць кінатэатр “Салют”, касцёл бенедыкцінак, рэшткі якога ўваходзяць у тэрыторыю каледжа імя Якуба Коласа, касцёл Святога Арханёла Міхала разам з кляштарам айцоў-езуітаў на Міхаль-скай гары паблізу Нясвіжа і касцёл Узвышэння Святога Крыжа айцоў-бенедыкцінцаў у раёне Качановіцкіх могілак. Многіх уразіла і інфармацыя аб тым, што вялікая частка жыхароў Нясвіжчыны ў літаральным сэнсе “нарадзілася ў касцёле” — радзільная зала цяперашняга раддома, дзе некалі размяшчаўся шпіталь, раней была памяшканнем невялікага касцёла Святога Ізадора, які дзейнічаў пры шпіталі.
— Хацелася б, каб гэта гісторыя не канула ў Лету, — ад-значыў ксёндз Пётр. — Каб мы яе ведалі і праз яе ўзбагачаліся духоўна.
Ён таксама расказаў аб сваіх даследаваннях гісторыі культавых пабудоў на Міхальскай гары і выказаў спадзяванне, што з часам у будынку плябаніі, якая зараз аднаўляецца, будзе арганізаваны музей гісторыі каталіцкага касцёла ў Нясвіжы.
Ні для кога не сакрэт, што выратаваннем адзінага дзеючага на сённяшні дзень у Нясвіжы каталіцкага храма — касцёла Божага Цела, унесенага ў Спіс Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, — мы абавязаны ксяндзу-прэлату Рыгору Каласоўскаму. Нагадаем, што ўсе 52 гады яго пастыр- скага служэння пасля заканчэння ў 1939 г. Пінскай духоўнай семінарыі прайшлі ў Нясвіжскім прыходзе, што ўжо само па сабе з’яўляецца выключнай з’явай — звычайна рашэнні епіскапа часта з’яўляюцца для святара прычынай змены месца службы. Аднак сталася так, што ксёндз Каласоўскі больш чым паўстагоддзя нёс людзям шчырую веру ў самыя складаныя для нашай радзімы часы — падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенныя гады, калі панаваў ваяў-нічы атэізм.
У час вайны святар быў арыштаваны фашыстамі, але цудам яму ўдалося выратавацца. Рызыкуючы жыццём, ён збярог касцёльны звон і старадаўні арган. Але самым вялікім яго подзвігам па праве лічыцца арганізацыя выратавання ўнікальных фрэсак храма, для чаго ў рэкордна кароткі тэрмін быў перакрыты дах касцёла, разбураны падчас фашысцкай бамбёжкі.
Нягледзячы на шантаж і пагрозы, ксёндз Каласоўскі і пасля вайны не выехаў з Нясвіжа і не пакінуў давераны яму храм, які за 400 з лішкам гадоў існавання не зачыняў сваіх дзвярэй для вернікаў, і, акрамя Нясвіжскага, клапаціўся яшчэ пра больш за 10 прыходаў, што не мелі святароў.
Апошнія два гады жыцця ксёндз-прэлат цяжка хварэў. Яго не стала 4 снежня 1991 года, але ў памяці ўдзячных несвіжан ён застаўся назаўсёды — пасмяротна яму было прысвоена званне ганаровага грамадзяніна горада.
У самім касцёле ў гонар яго былога пробашча Рыгора Каласоўскага ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
На прэзентацыі выставы сваімі ўспамінамі аб святары падзяліліся несвіжанкі Ганна Крашэўская, Таццяна Быліновіч і Ванда Крэпская. Кожная па-свойму, яны выказалі агульную думку аб тым, што ксёндз Каласоўскі быў узорам сапраўднага святара, які не на словах, а на справе з’яўляўся прыкладам любові да Бога і людзей незалежна ад іх канфесійнай прыналежнасці.
У зале, прысвечанай праваслаўным святыням, да прысутных звярнуўся настаяцель прыхода храма святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца г. Нясвіжа протаіерэй Яўген Лабынько.
— Я вельмі рады магчымасці паказаць наведвальнікам музея тую праваслаўную спадчыну Нясвіжа, якая захоў-ваецца ў Свята-Георгіеўскім храме, — адзначыў у сваёй прамове святар. — Наш храм таксама перажыў “другое нараджэнне” дзякуючы вернікам, якія адбудоўвалі яго пасля атэістычнага разбурэння. У ім захоўваецца ўнікальны іканастас, 6 ікон з якога былі напісаны ў Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, і царскія вароты. Усё гэта было выратавана дзякуючы добрым людзям.
Царква пацярпела ў гады вайны, але была канчаткова разбурана ў пасляваенны час ваяўнічага атэізму. Так як узарваць пабудову ў цэнтры горада было складана, сцены храма разбуралі пры дапамозе танкаў і тросаў. Па ўспамінах старажылаў горада, з царкоўнай цэглы ў суседняй вёсцы пабудавалі клуб.
Мясцовыя жыхары ўзвялі новы Георгіеўскі храм. Кожны ахвяраваў, што мог: хто цвікі, хто дошкі. На будоўлю людзі прыязджалі пасля асноўнай работы, але самае галоўнае — час, у які гэта ўсё адбывалася, — 50-я гады мінулага стагоддзя. Час барацьбы і з Богам, і з верай.
У наступным годзе, 6 мая, прыход у гонар святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца адзначыць свой 150-ы дзень нараджэння, і яго гісторыя, як і гісторыя парафіі касцёла Божага Цела, сведчыць аб тым, што нашы бацькі і дзяды аднолькава верна адстойвалі хрысціянскую веру нават у самы цяжкі для яе час.
Протаеірэй Яўген Лабынько таксама падзяліўся з удзельнікамі прэзентацыі і гісторыяй вельмі каштоўных знаходак, якія былі зроблены падчас рамонтных работ вакол царквы. Так, пры разборцы старога хлява былі знойдзены мошчы невядомага святога мучаніка, якія захоўваліся ў спецыяльным стале. Па меркаванні сына протаіерэя Дзмітрыя Хмеля, Расціслава Дзмітрыевіча, гэты прад-мет у свой час знаходзіўся ў царкве вёскі Малева, таксама разбуранай у часы ваяўнічага атэізму. Сярод старадаўніх літургічных прадметаў святар знайшоў таксама арыгінальную ікону. Арыгінальную тым, што па асноўных сваіх прыкметах яна належыць да выяў Казанскай Божай Маці, але на ёй ёсць і асаблівасці: калі на класіч-най такой іконе Збаўца сядзіць на руках Маці, то тут Багародзіца яго крышку прыабдымае. Ёсць розніца і ў поглядзе Божай Маці: у класічным варыянце яна не глядзіць на таго, хто моліцца, а на знойдзеным пры Свята-Георгіеўскім храме — пазірае верніку прама ў вочы. Аб знаходцы паведамілі Уладыку Антонію, і ён зазначыў, што гэта ікона з-за сваіх асаблівасцей можа прэтэндаваць на званне “Нясвіжскай іконы Божай Маці”. Таксама было знойдзена шмат асабістых рэчаў былога настаяцеля храма, мітрафорнага протаіерэя Дзмітрыя Хмеля, некаторыя з якіх і прадстаўлены на выставе.
Ганаровы грамадзянін Нясві-жа Д.П. Хмель, як і яго шматгадовы сябар, ксёндз-прэлат Р.В. Каласоўскі, праслужыў у Нясвіжы больш за 50 гадоў і стаў для сваіх прыхаджан увасабленнем веры, дабрыні і справядлівасці. Святара шанавалі, слухалі і любілі ўсе, хто яго ведаў. Духоўная падтрымка бацюшкі, як звыкла называлі Дзмітрыя Хмеля ў народзе, дапамагла многім людзям набыць веру і ўмацавацца ў ёй.
Нарадзіўшыся на Украіне, у невялікім гарадку Бершадзь, ён прайшоў Вялікую Айчынную вайну, ваяваў на ІІІ Беларускім фронце. У адным з баёў атрымаў кулю ў пазваночнік, але Божай ласкай не страціў магчымасці рухацца. Пасля вайны паступіў у Адэскую духоўную семінарыю, аднак абставіны склаліся так, што заканчваць прыйшлося Мінскую. Тут, на беларускай зямлі, за якую давялося ваяваць, Дзмітрый Хмель і застаўся служыць Богу і людзям.
За заслугі перад Радзімай святар атрымаў ордэн Айчыннай вайны І ступені, медалі “За баявыя заслугі”, “За ўзяцце Кенігсберга”, “За перамогу над Германіяй”, “За адвагу”. За шчыраванне на духоўнай ніве Дзмітрый Пятровіч быў удастоены ордэна Крыжа Прападобнай Ефрасінні Полацкай, Патрыяршай граматы, Мітры, ордэна Прападобнага Сергія Раданежскага, ордэна князя Маскоўскага Данііла. Падрабязней пра Ганаровага грамадзяніна Нясвіжа Дзмітрыя Хмеля расказала Валянціна Шчарбакова, укладальнік кнігі “Пастыр добры зямлі Нясвіжскай”, прысвечанай гэтаму выдатнаму чалавеку.
Завяршылася прэзентацыя выставы “Адна вера, адна на-дзея, адна любоў” выступленнем дойліда Анатоля Камёнкі, які ўжо больш чым паўстагоддзя вырабляе купалы і пакрывае дахі праваслаўных храмаў. Майстар расказаў шмат цікавага, асабліва для юнага пакалення, аб тым, як прыйшоў у сваю рэдкую прафесію, як складана і цікава працаваць у ёй.
Прыемна адзначыць, што сярод гасцей прэзентацыі было нямала школьнікаў, і экспанаты выставы, і інфармацыя, якая гучала на ёй, выклікалі жывую цікавасць падлеткаў. І гэта ўсяляе надзею, таму што менавіта ім — тым, што ідуць пасля нас, несці ў будучыню веру бацькоў.
Нагадаем, што выстава “Адна вера, адна надзея, адна любоў” будзе дзейнічаць у Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчым музеі да 30 лістапада.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.