Год інклюзіі ў Беларусі? Прапануюць старшакласнікі
05.02.2020 09:02
—
Новости Культуры
|
1 лютага ў Магілёве сацыяльна-адукацыйны праект «Першыя» правёў другі рэгіянальны крэатон для старшакласнікаў. 130 вучняў з Магілёва і Магілёўскай вобласці сабраліся ў бізнэс-цэнтры «Атрыум», каб абмеркаваць важныя пытанні ў сферы інклюзіі і прапанаваць свае варыянты іх вырашэння. Так, тэма актуальная, аднак не зусім лёгкая. Каб прасцей зразумець пра што ідзе гаворка, удзельнікі паглядзелі відэаролікі сусветна вядомых спікераў. Першы быў прысвечаны маладым аўтыстам. У другім невідушчы архітэктар, які страціў зрок у дарослым узросце, прапанаваў весці новае будаўніцтва ў гарадах, перш наперш з улікам парад ад людзей з асаблівымі патрэбамі - і тады горад будзе найбольш утульны для ўсіх. Кожны ролік пераклалі на больш зразумелую мову эксперты крэатона, якія таксама прыводзілі прыклады з жыцця. Пасля школьнікі падзяліліся на каманды і пад кіраўніцтвам ментараў разважалі пра тое, як можна было б вырашыць падобныя пытанні ў Беларусі, а потым прэзентавалі свае прапановы перад аўдыторыяй. Што хвалюе беларускіх школьнікаў 1) Як зрабіць так, каб грамадства больш ведала пра інклюзію? Сярод агучаных школьнікамі прапаноў: — абвясціць у Беларусі год інклюзіі; — стварыць некалькі мультфільмаў і мастацкіх стужак, дзе галоўныя героі - людзі з абмежаванымі магчымасцямі; — адна з важных думак, якая прагучала на крэатоне, — ужо з дзяцінства размаўляць у сям'і пра тое, як важна ствараць утульнае асяроддзе для ўсіх груп грамадства. Тэма інклюзіі наогул зацікавіла падлеткаў, многія з якіх па-сапраўднаму задумаліся над тым, што ў грамадстве жывуць людзі з асаблівымі патрэбамі, і стаўленне грамадства да ўліку ўсіх, нават самых малых груп, адлюстроўвае ўзровень развіцця самога грамадства. 2) Што можна зрабіць у гарадской прасторы, каб яна стала больш камфортнай і прыстасаванай для ўсіх гараджан? Школьнікі прапанавалі: — адкрыць кавярні з персаналам, які валодае мовай жэстаў, і дадаць у меню апісанні страў шрыфтам Брайля; — вывучаць мову жэстаў яшчэ з пачатковых класаў у школе; — на думку моладзі, варта распрацаваць і спецыяльны бранзалет для людзей з пэўнымі відамі алергічных рэакцый. Важнай высновай, якую зрабілі ўдзельнікі крэатона, стала разуменне таго, што гарадская прастора, прыдатная для людзей з асаблівымі патрэбамі, становіцца ідэальнай і для жыцця ўсіх жыхароў горада! Усе прапанаваныя старшакласнікамі ідэі разглядалі спецыялісты па вызначаных тэмах, прадстаўнікі кампаніі А1 і акадэмічнай супольнасці. Эксперты, сярод якіх Ганна Іванова — срэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы па спартыўных танцах на вазках, Кацярына Шулякоўская — псіхолаг Сямейнага інклюзіў-тэатра «і», Аляксандр Аўдзевіч — аўтар шматлікіх праектаў у сферы інклюзіі, звярталі ўвагу на крэатыўнасць і навізну прапаноў, арыгінальнасць і нестандартнасць вырашэння пастаўленых пытанняў, рэалістычнасць задум і магчымасць іх увасаблення, а таксама паспяховасць прэзентацыі. Крэатон прайшоў у надзвычай творчай атмасферы з вялікай колькасцю інтэрактыўных заданняў для старшакласнікаў. Удзел у ім бралі і падлеткі з асаблівасцямі развіцця. Каб прадэманстраваць, што людзі з асаблівымі патрэбамі здольны рэалізоўваць уласныя праекты і актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, на крэатоне быў прадстаўлены праект «Інклюзіўны барыста»: у залі працавала мабільная кавярня, дзе працуюць людзі на інвалідных вазках. Каманды, якія прапанавалі самыя ўдалыя і цікавыя ідэі, атрымалі падарункі, а ўсе выступоўцы — карысныя парады ды каментары ад экспертаў. Напрыканцы мерапрыемства журы вызначыла найлепшага прамоўцу крэатона, якім стаў 11-класнік з Магілёва Павел Ананіч. Рэгіянальныя крэатоны — частка адукацыйнай праграмы праекта «Першыя», які рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Першы крэатон адбыўся ў Віцебску і стаў адной з яркіх падзей у жыцці паўночнай сталіцы. Падобныя крэатоны пройдуць 15 лютага ў Гродна («Першыя ідэі: тэхналогіі») і 29 лютага ў Гомелі («Першыя ідэі: экалогія»). Да кожнага мерапрыемства выйдуць эпізоды падкаста «Першыя» — гэта рэспубліканскі конкурс ідэй, з дапамогай якіх можна змяніць навакольны свет, грамадства ці жыццё людзей да лепшага. Збор Кожны ўдзельнік конкурсу цягам навучальнага года распрацоўвае сваю ідэю, а для ўдзелу ў фінале будуць адабраныя дзесяць старшакласнікаў. Кожны з іх атрымае прыз — iPhone Xs, а таксама пад кіраўніцтвам персанальнага ментара прадставіць сваю ідэю на маштабнай маладзёжнай канферэнцыіі TEDxYouth@Minsk. Генеральны інфармацыйны партнёр праекта — Беларускі партал TUT.BY. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
1 лютага ў Магілёве сацыяльна-адукацыйны праект «Першыя» правёў другі рэгіянальны крэатон для старшакласнікаў.
|
|