“Паспець на размову: вайна ў паэзіі і прозе”. 21.by

“Паспець на размову: вайна ў паэзіі і прозе”

13.06.2020 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы пабачыла свет кніга “Паспець на размову: вайна ў паэзіі і прозе”, прысвечаная 75-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і  адрасаваная ўсім, хто не абыякавы да падзей мінулых часоў, роднай гісторыі.

Апошні раз пра вайну, не лічачы твораў нясвіжскіх аўтараў, я чытала ва ўніверсітэце. Чытала многа, занатоў-ваючы  трапныя думкі, важныя словы. А пасля абыходзіла, прамінала, не жадаючы ірваць душу. Ды толькі нельга ўцячы ад людской памяці, чалавечага болю. Гэта памяць ішла следам, нагадваючы пра падзеі мінулай вайны праз сустрэчы з ветэранамі, з іх аповедамі пра перажытае, праз размовы з людзьмі, для якіх жахі  вайны сталі першымі дзіцячымі ўспамінамі, што свядома заселі ў памяці.

Георгій Афанасьевіч Халецкі, Павел Кузьміч Прануза,  Васіль Дзям’янавіч Саламонаў, Іван Іванавіч Фянько, жыхарка блакаднага Ленінграда Галіна Андрэеўна Трыбунская, прафесар Тадэвуш Францавіч Грыгель, які дзіцем бег з Качановічаў за машынай з ахвярамі фашызму, сярод якіх быў і яго тата, а пасля рукамі раскопваў крывавую зямлю ў Гайках ля вёскі Еськавічы, пакуль мясцовыя жыхары не забралі хлопца да сябе ў вёску, каб суцешыць і накарміць. Слухаючы пра перажытае імі ў ваеннае ліхалецце, у партызанскіх атрадах і на франтах Вялікай Айчыннай вайны, у разбураным і галодным Ленінградзе, і тут, на Нясвіжчыне, я вучылася жыць.

Мой дзед Уладзімір Сцяпанавіч Сцепановіч, удзельнік вайны, узнагароджаны медалямі “За адвагу” і “За перамогу над Германі-яй”, “За ўзяцце Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, да якога я школьніцай паехала па просьбе маёй настаўніцы Клаўдзіі Якаўлеўны Шышыгінай з агульным сшыткам падчас канікулаў запісваць успаміны пра вайну, мне не сказаў ні слова. А ён жа дайшоў да Берліна. Відаць, вельмі балючымі былі ўспаміны.

Несвіжанка Ларыса Германаўна Сенкевіч незадоўга да сваёй смерці аддала мне свае дзённікі. Адзін са сшыткаў — успаміны дзяўчыны-падлетка пра перажытае падчас вайны. Сшыткі праляжалі тры гады ў ніжняй шуфлядзе майго стала, а зараз апавяданні  Ларысы Германаўны знойдуць свайго чытача.

Многім аўтарам кнігі, сябрам раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”, таксама пашчасціла сустрэцца на гэтай зямлі з роднымі людзьмі, суседзямі, аднавяскоўцамі, непасрэднымі ўдзельнікамі тых падзей, абаронцамі нашай зямлі, каб з першых вуснаў пачуць іх словы. Зоя Капуста (Кулік) чула іх ад свайго дзядулі Васіля, бабкі Наталлі і бацькі Мікалая, які стаў апорай для малодшых братоў і сясцёр, калі бацька пайшоў на фронт. Далёка ад поля бою мірныя жыхары таксама служылі свайму народу, не шкадуючы свайго жыцця, рызыкуючы жыццём сваіх блізкіх, нават не думаючы пра ўзнагароду. Пасля ім не ўручалі медалёў, ва ўсякім разе, не ўсім. Але ў іх лёсе сапраўды збыліся евангельскія словы: “не збірайце сабе скарбаў на зямлі”(Мф 6:13), ці “няма болей той любові, як калі  хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх” (Ін 15:13).

Міхась Сазончык, Антон Валявач, Уладзімір Богдан, Міхаіл Валько, Алена Быль, Ларыса Сенкевіч —  непасрэдныя сведкі народнага болю, і свайго, асабістага. Гэты боль назаўсёды пасяліўся ў іх сэрцах, іх памяці, каб пасля нараджаліся радкі, узрушаныя, натхнёныя, для тых, хто жыве зараз, хто  прыйдзе пасля, хто не паспеў на  размову з імі  пры іх жыцці. Але яны сказалі сваё слова. А хтосьці не паспеў, бо з жураўліным клінам адправіўся прама ў неба, для таго, каб за іх слова сказалі іх дзеці, унукі. Для таго, каб мы прачнуліся, адкінулі другаснае, зразумелі  галоўнае.

Ініцыятарам стварэння кнігі “Паспець на размову” стала загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы Кацярына Іюльская. Вялікую працу па падрыхтоўцы электроннага варыянта выдання правяла рэдактар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Таццяна Байкаш. Бібліятэкары вельмі ўдзячны і былой супрацоўніцы газеты “Нясвіжскія навіны” Тамары Анатольеўне Праль-Гуль, якая адрэдагавала творы нясвіжскіх аўтараў.

Зборнік “Паспець на размову: вайна ў паэзіі і прозе” будзе працягам кнігі “Званы памяці”, сабранай супрацоўнікамі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі і рэдакцыі газеты “Нясвіжскія навіны” ў 2004 годзе, і адначасова пачаткам электроннай кнігі “Слова сведкам мінулых падзей”, праца над якой вядзецца ў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы зараз. Аўтарамі  гэтай кнігі  можаце стаць і вы, паважаныя чытачы.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

укладальнік кнігі, кіраўнік раённага літаратурна-

музычнага аб’яднання “Валошкі”.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы пабачыла свет кніга “Паспець на размову: вайна ў паэзіі і прозе”, прысвечаная
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика