Еўразону ліхаманіць. Часова ці надоўга?. 21.by

Еўразону ліхаманіць. Часова ці надоўга?

31.03.2010 — Новости Экономики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З гэтым і шэрагам іншых пытанняў на тэму ўзніклага сёлета напружання ў зоне еўра наш карэспандэнт звярнуўся да эканаміста і аналітыка, члена Кансультацыйнага савета пры адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Л.Ф. Заікі.

    — Леанід Фёдаравіч, яшчэ зусім нядаўна шырокай публіцы ў Беларусі сітуацыя ў Еўрапейскім саюзе і становішча з яго адзінай валютай здаваліся надзейнымі, стабільнымі, а сам саюз нібы маналітным і згуртаваным вакол ідэі еўрапейскай інтэграцыі. Аднак апошнія падзеі паказалі: Еўрасаюз поўны вострых супярэчнасцяў і складаных праблем, у прыватнасці, становішча яго еўра сёння паўсюдна выклікае заклапочанасць. Адкуль бяда прыйшла?

— Не зусім згодны з вамі. Еўрапейскі саюз — дэмакратычная арганізацыя, і ўжо па гэтай прычыне саюз не можа быць, як вы сказалі, маналітным. Там кожная краіна мае права вета пры прыняцці тых ці іншых рашэнняў. Па другое, ЕС — арганізацыя з розным узроўнем і хуткасцю інтэграцыі. Так, сёння не лепшыя часы перажывае еўразона, яе ліхаманіць, аднак яна мае і шмат бясспрэчных дасягненняў. Але не пра іх сёння гаворка.

Цяперашнія праблемы еўразоны шмат у чым звязаныя і з тым, што ў ЕС жывуць розныя людзі. І цяжкасці з грашыма чамусьці ўзнікаюць пераважна ў тых, хто жыве ў цёплых краінах: Грэцыі, Партугаліі, Іспаніі. Чаму? Цікавы адказ на гэта пытанне даў лідар расійскіх ліберал-дэмакратаў, вядомы палеміст Жырыноўскі, які сказаў, што ў цёплых краінах людзі не вельмі любяць працаваць. Дарэчы, тэзіс зусім не новы, ён адпавядае пастулатам тэорыі ўзнікнення багатых і бедных краін. Сапраўды, жыццё на маляўнічых берагах Эгейскага ці Міжземнага мора сярод апельсінавых і мандарынавых садоў, плантацый вінаграднікаў, смуглявых прыгажунь — не лепшы стымул для штодзённай напружанай працы. І, відаць, невыпадкова цёплыя краіны аказаліся слабым звяном у фінансава-эканамічнай сістэме Еўрасаюза.

— Грукнула ў цёплых краях, а моцным рэхам адгукнулася па ўсім кантыненце. Хоць еўразона ахоплівае далёка не ўвесь еўрапейскі кантынент. Чаму такі разбуральны эфект?

— У еўразоне сканцэнтраваны асноўны эканамічны патэнцыял кантынента. Тут трэба сказаць некалькі слоў пра тое, што ўяўляе еўразона. У 1999 годзе ў яе ўвайшлі 11 еўрапейскіх краін, іх агульнай афіцыйнай валютай стала еўра. Прычым, у еўразону тады ўступілі тры самыя эканамічна моцныя і палітычна ўплывовыя дзяржавы: Францыя, Германія і Італія. Цяпер еўразона аб'ядноўвае 16 з 27 краін Еўрапейскага саюза. Яны маюць права выпускаць еўра: манеты і банкноты. Еўрапейскі цэнтральны банк (ЕЦБ) адказвае за грашова-крэдытную палітыку краін еўразоны: Аўстрыі, Бельгіі, Фінляндыі, Францыі, Германіі, Грэцыі, Ірландыі, Італіі, Кіпра, Люксембурга, Іспаніі, Славеніі, Славакіі, Партугаліі, Нідэрландаў і Мальты. Еўра стала адзінай валютай больш чым для 300 мільёнаў еўрапейцаў. У зону еўра маюць права ўвайсці ўсе члены ЕС, але не ўсіх запрашаюць.

— Якое значэнне пры прыняцці ў еўразону мае ступень эканамічнага развіцця краіны. Вызначальнае?

— Далёка не заўсёды. Заўважце, сярод краін еўразоны знаходзіцца Славакія, але няма Чэхіі. Чаму? Яна заўсёды была і пакуль застаецца больш эканамічна развітай, чым Славакія. А чэхі не хочуць уваходзіць у зону еўра, бо ім гэта нявыгадна: у Чэхіі пастаянна ідзе працэс рэвальвацыі (падаражэння ці ўмацавання) яе нацыянальнай валюты. Калі яшчэ адносна нядаўна за адзін долар ЗША давалі амаль 40 крон, то цяпер ужо 18 крон! У чэхаў унікальная грашова-эканамічная сітуацыя. Сёння, калі курс еўра падае адносна долара, то Чэхіі няма сэнсу пераходзіць на еўрапейскую валюту. Не спяшаюцца ў еўразону таксама Данія і Нарвегія.

— Аднак і англічане не адмовіліся ад свайго фунта стэрлінгаў. Яны прадбачылі будучыя праблемы з еўра?

— Не ўпэўнены. Так, яны захавалі фунт, але гэту прывілею ім Еўрасаюз дазволіў з улікам так званай астраўной псіхалогіі брытанцаў, іх часам гіпертрафаванай адданасці векавым традыцыям, спецыфікі іх менталітэту і звычак. Адным словам, англічане, с-э-эр.

— Сёння асобныя гарачыя еўрапейскія галовы нават прапаноўваюць на пэўны перыяд вярнуцца да мілых сэрцу немцаў маркі, французаў — франка, італьянцаў — ліры. Такое верагодна?

— Толькі ў страшным сне. Гэтая трагічная памылка стала б пачаткам развалу Еўрапейскага саюза, увогуле эканамічнай бядой для ўсіх еўрапейцаў, у тым ліку і жыхароў Беларусі. Ды і агульная перспектыва чалавецтва ў пераходзе на некалькі моцных рэгіянальных валютных зонаў. Такая няўмольная логіка развіцця глабалізацыі, якую можна ўсяляк крытыкаваць, "чысціць", ганьбіць, але не супыніць.

— У ЕС гучаць прапановы аб стварэнні Еўрапейскага валютнага фонду — ЕВФ. Гэта што за мера такая? Еўрапейская альтэрнатыва Міжнароднаму валютнаму фонду?

— Гэта адна з прапаноў, накіраваных на захаванне стабільнасці еўразоны. Гэты фонд будзе выконваць, вобразна кажучы, функцыі пажарнай фінансавай каманды. Не трэба разглядаць стварэнне ЕВФ як нейкую супрацьвагу МВФ, у якім правяць баль амерыканцы. ЕВФ — гэта свайго роду велізарная заначка, рэзерв на непрадбачаныя абставіны. Вядома, на ідэю стварэння фонду ЕС Брусэль "натхнілі" падзеі ў Грэцыі і Партугаліі, пераддэфолтная сітуацыя ў першай, пагроза ланцуговай негатыўнай рэакцыі ў іншых краін.

— Сёння ў ЕС шмат гавораць пра неабходнасць дапамагчы Грэцыі, а грошай не даюць. Канцлер ФРГ Ангела Меркель ясна дала зразумець, што Германія гатовая абмяркоўваць механізмы выратавання Грэцыі, але ёй пакуль не варта разлічваць на істотную фінансавую падтрымку. А тым часам у Афінах збіраюцца звярнуцца па дапамогу ў Міжнародны валютны фонд, грэкі ўсё часцей з настальгіяй узгадваюць сваю колішнюю валюту — драхму.

— Што зробіш, былое часта ўспамінаецца ў ружовым святле. Ім бы, грэкам, лепш бы думаць у свой час пра тое, як бы не парушаць падпісаны імі пакт аб стабільнасці і эканамічным росце краін ЕС — дакумент, які абавязвае ўрады краін быць абачлівымі ў фінансавых пытаннях. Ці, прасцей кажучы, з розумам выкарыстоўваць грошы. Галоўная ўмова пакта — няўхільна прытрымлівацца шэрагу абмежаванняў: штогод дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту і інфляцыя не павінны перабольшваць трох працэнтаў, дзяржаўны доўг не можа быць большым за 60 працэнтаў ВУП.

— А як там, "на зоне", утвараецца дэфіцыт бюджэту?

— Ён узнікае па-рознаму. А часцей з-за таго, што тая ці іншая дзяржава пачынае траціць грошай больш, чым збірае падаткаў. Нярэдка дэфіцыт бюджэту ўтвараецца ў выніку рэалізацыі высакародных намераў, напрыклад, з-за жадання плаціць пенсіі вышэй за фінансавыя магчымасці краіны. Скажам, прыходзіць міністр па працы і сацыяльных пытаннях да кіраўніка ўрада і кажа: "Шаноўны дружа прэм'ер, няма грошай на выплату чарговай пенсіі. Усё праелі. Ды і зарплату трэба павысіць, абяцалі ж народу...". Той моцна злуецца, але грошы неяк знаходзіць — скарачае іншыя выдаткі, напрыклад, на адукацыю, ахову здароўя, дарогі, бярэ грошы ў крэдыт у банках.

Гэта як з адпускнымі: часам чалавек іх бяздумна траціць у першыя два тыдні адпачынку, а потым думае, як дацягнуць да авансу. Хутка даводзіцца пазычаць у суседа, сваяка. Вось прыкладна так узнікае дэфіцыт бюджэту. Дарэчы, пакт аб стабільнасці пры ўступленні ў еўразону кляліся выконваць усе яе члены, але потым некаторыя пачалі грашыць, падпраўляць статыстыку, штучна завышаць сваю плацежаздольнасць, і тым самым ставіць пад пагрозу стабільнасць еўра, асновы еўрапейскай інтэграцыі. Еўразону будзе ліхаманіць, пакуль усе яе ўдзельнікі не пачнуць аднолькава ўважліва ставіцца да выканання сваіх грашова-крэдытных абавязкаў.

А сёння з-за крызісу ўжо амаль кожная краіна зоны еўра ў той ці іншай ступені парушае межы дэфіцыту бюджэту. Аднак буйныя і развітыя эканомікі зоны еўра робяць усё магчымае, каб не дапусціць рост бюджэтнага дэфіцыту і ўжо тым больш не хаваюць інфармацыю пра перавышэнне ўсталяванай пактам трохпрацэнай планкі. Абсалютна іншая сітуацыя склалася ў Грэцыі, дзе перавышэнне дапушчальнага паказчыка дэфіцыту стала нормай, а не выключэннем.

— Складваецца ўражанне, што наспявае канфлікт паміж Германіяй і шэрагам краін ЕС. Ці так гэта?

— Такі канфлікт існуе не першае дзесяцігоддзе. Проста мы пра гэта раней мала ведалі. Увогуле ў ЕС спрачаюцца і канфліктуюць па розных прычынах: сельскагаспадарчых, фінансавых, як цяпер, там час ад часу разгортваюцца "гандлёвыя" войны. Германія, як самая развітая і багатая еўрапейская краіна, робіць і самы вялікі ўнёсак у бюджэт ЕС. Скажу больш: Германія цягне на сабе ўсю эканоміку ЕС. Таму яна ўважліва сочыць за разумным і ашчадным размеркаваннем бюджэтных сродкаў, хваравіта рэагуе на парушэнні фінансавай дысцыпліны асобнымі саюзнікамі. А сёння з-за безадказных паводзінаў Грэцыі немцы, хутчэй за ўсё, будуць вымушаныя дзеля выратавання еўра выдаткаваць грошы з бюджэту Германіі на выцягванне легкадумных нашчадкаў старажытнай Элады з фінансавай ямы. Ужо падлічана, што кожны немец павінен будзе на гэта "адшпіліць" у сярэднім тысячу еўра, каб набыць даўгі Грэцыі. Сума вялікая нават для багатай ФРГ.

— Лаўрэат Нобелеўскай прэміі Роберт Мандэл, якога часам называюць "бацькам" адзінай еўрапейскай валюты, лічыць, што ЕС рэальна пагражае не Грэцыя, а Італія. Яна, маўляў, таксама мае велізарныя даўгі.

— Сутнасць у тым, што лічыць праблемай. Згодна з пактам аб стабільнасці, дзярждоўг не павінен быць вышэйшым за 60 працэнтаў. Што такое дзярждоўг? Напрыклад, калі гадавы аб'ём валавога ўнутранага прадукту (ВУП) у Беларусі складае 45 млрд долараў ЗША, то, па стандартах Еўрасаюза, дапушчальная планка дзярждоўгу для нас будзе ў межах 27 млрд. У ЗША дзярждоўг увогуле астранамічны, і нічога, жывуць сабе. Не хапае долараў, могуць трохі надрукаваць.

— Еўразону ліхаманіць. А як на гэтым фоне адчувае сябе зона долара?

— Доларавая зона куды больш сталая, яна існуе з 1850 года, і леташні фінансавы крызіс, вядома, моцна пашкуматаў яе, але не парушыў. У еўразоне некалькі іншая сітуацыя і зусім нядоўгая гісторыя існавання, няпэўны сённяшні дзень. Грэцыю могуць нават выключыць з зоны еўра, што акажа негатыўны ўплыў на адзіную еўрапейскую валюту, яе курс можа зваліцца ніжэй за долар. У выніку яго зона стане больш моцнай і ўплывовай. А гэта і Лацінская Амерыка, і Карыбы, і Цэнтральная Амерыка, і часткова Афрыка, дзе долар шырока выкарыстоўваецца. Яго паважаюць і ў Аўстраліі, і ў Кітаі, які свае валютныя рэзервы трымае пераважна ў доларах ЗША. Не дзіўна, бо долар выконвае функцыю сусветнай валюты. А еўра ўсё ж рэгіянальная валюта. І гэта варта не забываць.

Гутарыў Леанід Лахманенка.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З гэтым і шэрагам іншых пытанняў на тэму ўзніклага сёлета напружання ў зоне еўра наш карэспандэнт звярнуўся да эканаміста і аналітыка, члена Кансультацыйнага савета пры адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Л.Ф. Заікі.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Экономики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика