Як не згубіць свае грошы на картцы
10.08.2010 09:54
—
Новости Экономики
|
Сёння большасць беларусаў, якія з'яўляюцца ўладальнікамі пластыкавых картак, можа ў любы момант скарыстаць грошы, залічаныя ім на карт-рахунак. І для гэтага не трэба, як раней, спяшацца ў касу ці ў аддзяленне банка. Разам з тым, калі расплачвацца з дапамогай карткі вельмі зручна, то, на жаль, не заўсёды бяспечна. Аднак максімальна знізіць рызыку для ўласных грошай кожнаму пад сілу: уладальніку карткі дастаткова прытрымлівацца некаторых рэкамендацый па бяспечным выкарыстанні банкаўскіх пластыкавых картак, пра якія распавялі ва Упраўленні інфармацыі Нацыянальнага банка Беларусі.
Адно з галоўных правілаў бяспекі пры карыстанні карткай — захаванне ў тайне ад іншых канфідэнцыяльных звестак: прозвішча, імя трымальніка карткі, нумара і тэрміна яе дзеяння, ПІН-кода, які неабходна запомніць ці, калі гэта цяжка, захоўваць асобна ад карткі. Таму што зламысніку дастаткова перапісаць ваша імя і некалькі камбінацый лічбаў, што маюцца на картцы, каб скарыстацца грашамі для пакупак у тым жа інтэрнэце. Як адзначаюць у Нацбанку, уладальніку карткі таксама мэтазгодна карыстацца і паслугай SMS-інфармавання. Апошняя дазваляе з дапамогай тэкставага паведамлення на мабільны тэлефон кліента аператыўна інфармаваць яго пра стан яго карт-рахунку (рахунку па ўліку крэдытаў), змяненні астатку па рахунку. Выкарыстанне гэтай паслугі дазволіць не толькі адразу ж даведацца пра несанкцыянаваную трымальнікам аперацыю па карт-рахунку, але і прыняць неабходныя захады для своечасовай блакіроўкі карткі. Пасля ажыццяўлення любых аперацый з выкарыстаннем карткі неабходна захоўваць і атрыманыя карт-чэкі (сліпы) для зверкі з выпіскай з карт-рахунку (рахунку па ўліку крэдытаў), якую трэба рэгулярна атрымліваць для пацвярджэння зробленых аперацый у выпадку ўзнікнення спрэчных сітуацый. Нават калі картка папала ў чужыя нядобрыя рукі альбо зніклі яе рэквізіты, у вас ёсць усе шанцы расчараваць зламыснікаў — тэрмінова звярнуцца ў службу кліенцкай падтрымкі банка-эмітэнта і выконваць указанні супрацоўніка. Як правіла, згодна з умовамі дагавору паміж трымальнікам карткі і банкам-эмітэнтам, грошы, якія спісалі з вашага карт-рахунку (рахунку па ўліку крэдытаў) у выніку несанкцыянаванага выкарыстання вашай банкаўскай карткі да моманту паведамлення пра гэта банку-эмітэнту, не кампенсуюцца. Для папярэджання такой непрыемнасці неабходна картку заблакіраваць у парадку, які ўстаноўлены дагаворам карт-рахунку (крэдытным дагаворам). Пры выбары банкамата таксама не зашкодзіць прытрымлівацца пэўных правілаў. Па-першае, пажадана пазбягаць дрэнна асветленых і бязлюдных месцаў. А калі паблізу круцяцца падазроныя асобы, то лепш выбраць іншы час і месца для выкарыстання банкамата. Між іншым, пры правядзенні аперацыі ў банкамаце ці інфакіёску трэба ўважліва агледзець яго на наяўнасць падазроных прыстасаванняў, размешчаных у месцы набора ПІН-кода і ў месцы, прызначаным для прыёму картак: тут не павінна быць прымацаваных пабочных прадметаў (правадоў, міні-відэакамер, накладак на клавіятуру ці картапрымальнік). Калі ж узніклі падазрэнні, — не трэба карыстацца банкаматам (інфакіёскам), і па магчымасці неабходна паведаміць пра свае падазрэнні ў банк, які абслугоўвае гэтае прыстасаванне, па тэлефоне, што ўказаны на прыстасаванні. І, зразумела, не "свяціце" сваю картку навакольным: будзьце асцярожныя, калі незнаёмыя людзі прапаноўваюць дапамогу ў яе выкарыстанні ў банкамаце. У выпадку ўзнікнення цяжкасцяў пры выкарыстанні карткі, не прыслухоўвайцеся да парад іншых і карыстайцеся толькі праверанымі нумарамі тэлефонаў банка-эмітэнта, якія ўказаныя на банкаўскай картцы альбо атрыманыя вамі непасрэдна ў банку. Каб зламысніку было складана ўбачыць, якія кнопкі вы націскаеце, пры ўводзе інфармацыі знаходзьцеся як мага бліжэй да банкамата і ўводзьце ПІН-код сярэднім пальцам рукі (пры гэтым далонь рукі аказваецца раскрытай), а другой рукой закрывайце клавіятуру ад чужых вачэй. Не менш важнае правіла — не выпускаць з поля зроку картку, нават перадаючы яе ў чужыя рукі ў рэстаранах, барах, магазінах. Пры правядзенні аплаты ў арганізацыях гандлю звяртайце асаблівую ўвагу на дзеянні касіра, калі ён спрабуе правесці вашу картку праз счытвальнае прыстасаванне абсталявання больш за адзін раз. Гэта дазволіць папярэдзіць правядзенне несанкцыянаваных вамі аперацый. Абавязкова пацікаўцеся і прычынай, па якой касіру неабходна паўторна правесці картку праз счытвальнае прыстасаванне. Такой прычынай можа стаць няўдалая спроба злучэння з цэнтрам аўтарызацыі плацежнай сістэмы, а таксама і спроба несанкцыянаванага доступу да персанальных звестак. У абодвух выпадках аперацыя не будзе лічыцца завершанай, карт-чэк друкавацца не будзе. Пацвярджэнне завяршэння аперацыі (паспяховай ці не) з'яўляецца друкаванне карт-чэка з адпаведным запісам (аплата, аперацыя забароненая, таму што няправільны ПІН-код; аперацыя забароненая, таму што не хапае сродкаў на рахунку і г.д.). Што датычыцца аперацый з выкарыстаннем карткі ў інтэрнэце, то для аплаты тавараў у сусветным павуцінні спецыялісты раяць выкарыстоўваць асобную банкаўскую картку, прызначаную толькі для гэтай мэты. Прычым лепш выкарыстоўваць інтэрнэт-сайты вядомых кампаній, якія прымяняюць спецыяльныя праграмныя сродкі для абароны інфармацыі аб банкаўскай картцы. Перад тым, як ажыццявіць аперацыю аплаты тавару ці паслуг у сетцы, трэба ўважліва вывучыць умовы пагаднення, што прапануецца, у прыватнасці — усе правілы прадстаўлення паслуг, умовы дастаўкі, вяртання, кампенсацыі тавару, а таксама працэдуру адмены заказу. Не трэба плаціць праз інтэрнэт-сайты, калі інфармацыя аб умовах аплаты на іх прадстаўленая на невядомай уладальніку карткі мове. У выпадку ж узнікнення спрэчнай сітуацыі з арганізацыяй гандлю (сэрвісу) неабходна захоўваць любыя электронныя дакументы, перапіску па электроннай пошце, якая датычыцца вашых спроб вырашэння гэтай сітуацыі з арганізацыяй гандлю (сэрвісу). Акрамя таго, нельга паведамляць свой ПІН-код пры заказе тавараў па тэлефоне ці пошце, уводзіць яго ў форму заказу на сайце гандлёвага пункта: пры ажыццяўленні аддаленых аперацый увод ПІН-кода ніколі не патрабуецца. Не рэкамендуецца рабіць пакупкі ў інтэрнэт- кафэ і іншых агульнадаступных месцах, таму што там могуць быць устаноўленыя праграмы-шпіёны, якія запамінаюць канфідэнцыяльныя звесткі, што ўводзяць уладальнікі картак. Нарэшце, каб забяспечыць максімальную захаванасць сваіх грошай на картцы, неабходна ўважліва азнаёміцца з памерам камісійнага ўзнагароджання, якое збірае банк за аперацыі, што ажыццяўляюцца з выкарыстаннем банкаўскай карткі. Памер камісійнага ўзнагароджання пры правядзенні адной і той жа аперацыі можа быць розным у банка-эмітэнта і ў іншых банкаў. Акрамя таго, у залежнасці ад краіны знаходжання і банка пры правядзенні аперацыі з выкарыстаннем банкаўскай карткі ва ўстановах банкаў можа ўтрымлівацца дадатковая камісія, пра памеры якой мэтазгодна пацікавіцца ў работніка банка, які вас абслугоўвае, перад ажыццяўленнем аперацыі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі расплачвацца з дапамогай карткі вельмі зручна, то, на жаль, не заўсёды бяспечна. Аднак максімальна знізіць рызыку для ўласных грошай кожнаму пад сілу:...
|
|