Суперцэх пад адкрытым небам
28.05.2013
—
Новости Экономики
|
ЛЕТАСЬ у СВК «Маяк-Браслаўскі» надаілі ад каровы 6718 кілаграмаў малака, а аператары машыннага даення Алена ЧАРНЯЎСКАЯ, Марыя ДАРЫ і Антаніна МАРКУШОНАК і наогул пераўзышлі 7-тысячны рубеж. Рэалізавана 5566 тон малака. З іх 88 працэнтаў сортам «экстра». Толькі за яго кошт гаспадарка атрымала дадаткова 2 мільярды 171 мільён рублёў. Прычым дасягнута гэта на звычайных 5 МТФ з малакаправодам, дзе ўтрымліваюцца дзве трэці малочнага статка і толькі адна ферма з даільнаю залай.
Яшчэ больш фенаменальныя вынікі работы сёлета. З пачатку года ўсё малако прададзена сортам «экстра». Не знізіўся гэты паказчык і з вывадам буронак на выпасы. Па-ранейшаму «экстра» — 100 працэнтаў. Ад каровы дояць да 20 кілаграмаў малака ў суткі. — Часта гавораць, што на звычайнай ферме нельга атрымліваць малако сорту «экстра». Гэта няпраўда, — пачаў гутарку галоўны заатэхнік СВК «Маяк-Браслаўскі» Леанід Барткевіч. — Трэба паставіць толькі малакаправод, сучасныя халадзільныя ўстаноўкі. Астатняе — чалавечы фактар. Далей ён дэталёва расшыфраваў сказанае. У гаспадарцы — 920 кароў. 350 з іх знаходзіцца на ферме «Ёдлавічы» з даільнай залай. Астатнія — на 5-ці невялікіх фермах з малакаправодам. На кожнай ферме ўстаноўлены халадзільныя танкі сучаснага тыпу, ёсць мыечныя машыны-аўтаматы. Жывёлаводы працуюць згодна з усімі тэхналагічнымі патрабаваннямі. Для падсцілкі буронак ужываецца здробненая салома. Штодня аператар іх чысціць. Для кожнай рагулі — індывідуальная салфетка. Асаблівую ўвагу галоўны заатэхнік звярнуў на наступнае: — Кожнай карове пасля дойкі мы «пламбіруем» каналы саскоў спецыяльным прэпаратам «Массіпратэкт». Справа ў тым, што ў каровы пасля дойкі яшчэ паўгадзіны бываюць адкрыты сасковыя каналы. І калі яна ляжа ў стойле ці на траву, то праз іх могуць трапіць мікраарганізмы, і пачынаецца захворванне масцітам. Павышаецца саматыка ў малацэ. І яно ўжо ніяк не можа пайсці сортам «экстра». І яшчэ адзін важны і ці не самы галоўны момант: за малако «экстра» атрымліваюць надбаўку ўсе, ад аператара машыннага даення да галоўных спецыялістаў. Так, галоўнаму ветурачу Рамуальду Паляку, напрыклад, выплочваецца за тону «экстры» тысяча рублёў. Дробязь? Аднак улічваючы, што гаспадарка здае ў месяц да 500 тон малака, набягае ў зарплату яшчэ паўмільёна. — Гэты непарыўны «ланцужок» у строгім захаванні тэхналогіі, хаця і далёка не проста, але ўсё ж можна ператварыць ў жыццё на ферме, у невялікай замкнутай прасторы. А як гэта зрабіць на полі, пад адкрытым небам? — Усё можна, калі захочаш! — Леанід Барткевіч, каб не быць галаслоўным, прапануе паехаць на выпасы, дзе знаходзіцца гурт фермы «Дамашы». Праязджаем на вялікае поле, дзе размяшчаўся статак. Прызнацца, даводзілася быць на выпасах у розных гаспадарках. Ну што там? Даільная перасоўная ўстаноўка, бочка з вадой, будка для пастуха. Вось амаль і ўвесь «набор». Тут жа адкрыўся сапраўдны цэх пад адкрытым небам. Першае, што кінулася ў вочы, гэта даволі ўмяшчальны вагончык на колах. Як высветлілася, пункт штучнага асемянення. Рабоце па ўзнаўленню статка ўдзяляецца першаступенная ўвага. Гаспадарка вырошчвае племянных цёлак і бычкоў не толькі для сябе, але і на продаж па вельмі выгаднай цане. У другой палове вагончыка — склад для камбікармоў. Непадалёк дыміла жалезная печка. Тут падагравалася ў ёмістасці вада для мыйкі даільных апаратаў. І, нарэшце, сама даільная ўстаноўка. Малако з яе па шлангах падавалася адразу ў цыстэрну. Як на ферме па малакаправодзе. Усё закрыта. Ніякіх кантактаў з паветрам! Ніякіх даільных вёдзер. У даільны бачок малако збіраецца толькі ад праблемных і навацельных кароў. Якраз ішла абедзенная дойка, і ўвесь абслугоўваючы персанал быў у зборы. Нельга было не залюбавацца спрытнымі выверанымі рухамі аператара Ларысы Рыбаковай. Яна мясцовая, з вёскі Дамашы. Прыйшла на ферму адразу пасля заканчэння школы 14 год таму назад. Работай задаволена. Атрымлівае да 5 мільёнаў рублёў у месяц. Добрая надбаўка за малако «экстра». Ля даільнай устаноўкі завіхаецца слесар Яўген Ядзяла. Апаратура працуе надзейна. Адчуваецца дзесяцігадовы стаж майстра. Збояў не павінна быць. Яму за «экстру» плацяць таксама. За ўсім працэсам не проста назірае, а актыўна ўдзельнічае, уносіць карэктывы загадчыца фермы Галіна Ціўнель: — Я перш была паштальёнам, — паведала яна. — Але маці мая Феліцыя Вікенцьеўна, можна сказаць, усё жыццё адпрацавала на ферме даяркай, а бацька Сцяпан Георгіевіч Бесякірскі — брыгадзірам. Вось і я прыйшла сюды. Канечне, клопатаў хапае. Увесь час на кантролі атрыманне малака сорту «экстра». Ад гэтага залежыць і наш дабрабыт, і гаспадаркі. Пакуль што спраўляемся. Калектыў — стабільны, дружны. Кіраўніцву гаспадаркі дзякуй за паўсядзённую ўвагу і падтрымку. Надоі выраслі з выхадам статка на выпасы больш чым на паўтара кілаграма. Нельга было не звярнуць увагу на тое, што на выпасах стаіць не адна, а дзве яркія жоўтыя бочкі з вадой. Мо адна лішняя, у запас? Аказваецца, не. На полі — два загоны. Адзін — на саміх выпасах і другі — так званы пераддаільны. У апошні заганяюцца каровы перад дойкай. Тыя, якія прайшлі яе, па спецыяльным «калідоры» трапляюць зноў на выпасы. Усё дакладна. Без лішняй мітусні, нібыта ў даільнай зале. Паклапаціліся і пра пастухоў: Валерыя Таўкіня, Іосіфа Ціўнеля, Івана Бабуля. Для іх зроблены акуратненькі домік на колах, абшыты нержавейкай. Выпасы багатыя. Травы хапае. Каб яна не вытоптвалася дарэмна, пастухі разбіваюць загонкі: вядзецца парцыённае скармліванне. Статак спакваля ідзе наперад. Тры разы ў дзень за ім перамяшчаецца і «цэх пад адкрытым небам». На гэтым можна было б ставіць кропку, але нельга не ўзгадать вось што: пачынаецца нарыхтоўка кармоў. І як зазначыла галоўны аграном Валянціна Таўкінь, СВК «Маяк-Браслаўскі» робіць акцэнт на іх якасці, што ў канчатковым выніку скажацца на прадукцыі. Летась набыты спецыяльны прэс для закатвання рулонаў сенажу ў плёнку. Такім чынам было назапашана 450 тон выдатнага зялёнага корму. Сёлета гэту лічбу мяркуюць давесці да 1000 тон. І апошняе. Калектыў СВК «Маяк-Браслаўскі» вось ужо амаль чвэрць веку ўзначальвае Рамуальд Шукель, прафесар ад зямлі, узнагароджаны сёлета медалём «За працоўныя заслугі». Уладзімір САУЛІЧ, «БН» Фота аўтара Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ЛЕТАСЬ у СВК «Маяк-Браслаўскі» надаілі ад каровы 6718 кілаграмаў малака, а аператары машыннага даення Алена ЧАРНЯЎСКАЯ, Марыя ДАРЫ і Антаніна МАРКУШОНАК і наогул...
|
|