Якая колькасць алкаголю не шкодзіць здароўю?. 21.by

Якая колькасць алкаголю не шкодзіць здароўю?

29.09.2010 12:29 — Новости Здоровья |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Беларусы не ўмеюць піць. Спажыванне чыстага спірту на душу насельніцтва ў нашай краіне пагражае генафонду нацыі. Ці навучацца нашы людзі калі-небудзь культурна ўжываць алкаголь? І што ўвогуле азначае гэта іншапланетнае паняцце "культура піцця"?

Журналіст "Звязды" вывучаў міжнародны вопыт з дапамогай спецыялістаў.

Французскі досвед

Сусветная арганізацыя аховы здароўя зрабіла выснову, што працэс выраджэння любой нацыі неадступны, калі спажыванне чыстага спірту на душу насельніцтва складае восем літраў за год. Па звестках Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, наш паказчык — каля 12,4 літра.

Зазвычай, калі беларусы прыкладаюцца да шклянкі, то некаторыя жлукцяць літаральна да парасячага візгату. Зразумела, што такое піццё прыводзіць да дурноты і дэградацыі.

А вось у Францыі алкаголь таксама ўжываюць рэгулярна, але ў куды меншых дозах. Пры гэтым іх людзі навучыліся атрымліваць ад працэсу істотную карысць.

— Каментаваць гэтае пытанне для абывацеля даволі небяспечна. Але факты застаюцца фактамі. Сёння існуе такое паняцце як французскі феномен. Людзі, якія жывуць на поўдні Францыі, у некалькі разоў радзей хварэюць ішэмічнымі захворваннямі сэрца, чым тыя, што жывуць на поўначы гэтай краіны, — распавядае ўрач-кардыёлаг, кандыдат біялагічных навук Ірына Сысоева. — Таму што першыя ўжываюць віно з вінаграду, а другія — кальвадос (віно з яблычнага соку). Вінаград топчуць разам з костачкамі, з якіх выдзяляюцца рэчывы, якія, у сваю чаргу, абараняюць сценкі мышачнай клеткі.

Акадэмік Мікалай Амосаў (сусветнавядомы ўкраінскі кардыёхірург) таксама казаў пра тое, што невялікая колькасць алкаголю не ўплывае дэструктыўна на наш арганізм. А наадварот, валодае так званым кардыёпратэктарным уздзеяннем. Невялікія дозы абараняюць сценку мышачнай клеткі, не даючы магчымасці перакісным радыкалам уплываць на мембрану і прыводзіць да гібелі гэтай клеткі.

— Колькі алкаголю можна ўжываць, каб гэта не шкодзіла арганізму?

— Кардыёлагі прынялі нормы бяспечнага ўжывання алкаголю. Напрыклад, для жанчын гэта прыкладна 150 мілілітраў віна за суткі, для мужчын — 250 мілілітраў. Такі прыём не цягне за сабой істотных пабочных эфектаў для арганізма. Алкаголь павінен быць якасным. Напрыклад, піва з бляшанкі катэгарычна шкоднае. Кансервант, уведзены ў бляшанку, выклікае дыстрафію печані. Перавышэнне бяспечных нормаў ужывання алкаголю шкоднае для здароўя. Напрыклад, людзі, якія бясконца п'юць піва, рызыкуюць. Існуе такое паняцце як бычынае, альбо піўное сэрца. Гэта павелічэнне аб'ёмаў органа ў выніку празмернага ўжывання хмяльнога напою.

Калі чалавек валодае культурай піцця, алкаголь не будзе яму шкодзіць.

Досвед Англіі

У 1995 годзе навуковыя часопісы туманнага Альбіёна надрукавалі табліцы, якія тычыліся бяспечнага ўжывання алкаголю. Каментары да матэрыялаў давалі прадстаўнікі аўтарытэтных медыцынскіх устаноў.

У якасці адзінкі вымярэння прынялі так званы юніт (10 мілілітраў чыстага спірту). Медыкі прыйшлі да высноў, што для мужчыны прымальнае спажыванне алкаголю — тры, максімум чатыры юніты за суткі.

Напрыклад, у паўлітровым куфлі піва (з аб'ёмнай доляй спірту 5%) налічваецца прыкладна тры юніты. Вось і атрымліваецца, што выпіваць болей за адзін такі куфель шкодна. Дапушчальна хіба што разок-другі сербануць з сяброўскага куфля.

Што тычыцца віна, то адзін келіх (250 мілілітраў, аб'ёмная доля спірту 12%) налічвае тыя ж тры юніты. Болей за келіх не пацягнеш — здарыцца перавышэнне бяспечнай нормы.

Што тычыцца англійскіх жанчын, то ім раяць выпіваць не болей за 330 мілілітраў піва ці не болей за 175 мілілітраў віна.

Праз некалькі гадоў у тых жа навуковых часопісах, дзе напісалі пра дапушчальныя нормы, з'явіліся негатыўныя водгукі. Цягам тыдня некаторыя чытачы ўвогуле не пілі, але ў пятніцу ці суботу ўлівалі ў сябе юніты за ўвесь гэты час. Газета Thе Tіmеs назвала алкагольныя нормы "беспадстаўнымі" і "навукова неабгрунтаванымі". Тым не менш рэкамендацыі па культурным спажыванні алкаголю ў Англіі дзейнічаюць па сёння. А на бутэльках з напоямі пазначаецца колькасць юнітаў, якія ўтрымлівае тыповая порцыя гэтага напою.

"Наш чалавек на адным куфлі піва не спыняецца..."

Аказалася, старшыня моладзевага аб'яднання "Патрыёт" і старшы трэнер зборнай Беларусі па тайскім боксе Дзмітрый Пясецкі добра ведае пра ўзгаданыя ў артыкуле "культурныя" дозы спажывання алкаголю. Але сваім вучням ужываць алкаголь не раіць нават у такіх памерах.

— Па некаторых трэніровачных праграмах замежным спартоўцам нават прапісваюць у дзённы рацыён келіх чырвонага віна. Але для нашага чалавека там, дзе келіх, там і два, і тры, — лічыць спецыяліст. — Калі спартовец зрэдку вып'е куфель піва, то вялікай шкоды ад гэтага не здарыцца. Але чалавек з нашым менталітэтам зазвычай на адным кухлі не спыняецца. Мне амаль не даводзіцца размаўляць са сваімі вучнямі пра алкаголь. Чалавек, які атрымлівае фізічныя нагрузкі, разумее, што гарэлка перашкаджае дасягнуць належнага выніку. Таму падлеткі, якія прыходзяць трэніравацца і бачаць перад сабой добры прыклад, не робяцца алкаголікамі.

Каму нельга спажываць нават "культурна"?

Сусветная арганізацыя аховы здароўя не раіць спажываць алкаголь наступным катэгорыям людзей:

- цяжарным жанчынам;

- падлеткам;

- людзям, якія маюць хранічныя захворванні (асабліва гепатыт);

- людзям, чые найбліжэйшыя сваякі хворыя на алкагалізм;

- грамадзянам, залежным ад псіхатропных рэчываў;

- асобам з няўстойлівай псіхікай.

Каго са знакамітых беларусаў загубіла гарэлка?

Паэт Анатоль Сыс (многія літаратурныя крытыкі называюць яго не іначай як геніем) быў вядомы любоўю да "шумных вечарынаў, дзе гарэлка ліецца ракой". У выніку літаратар паспеў выдаць усяго тры караценькія прыжыццёвыя зборнікі вершаў. А з 1995 па 2005 год не напісаў амаль нічога, пакінуўшы толькі перадсмяротны верш. Паэт памёр ва ўзросце 46 год. Некаторыя сябры Анатоля Сыса лічаць, што зайздроснікі яго таленту наўмысна падбухторвалі паэта ўжываць алкаголь.

Наш культавы паэт, пісьменнік і драматург Уладзімір Караткевіч памёр у 1984 годзе. Доўгі час перад смерцю стваральнік "Каласоў пад сярпом тваім", "Чорнага замка Альшанскага", "Ладдзі роспачы" і іншых праграмных твораў, якія павінен прачытаць кожны беларус, не пераставаў сістэматычна ўжываць. Творцы не стала ва ўзросце 54 гадоў. Цяжка ўявіць, колькі яшчэ ён мог бы зрабіць для нацыі, калі б пражыў болей.

Аляксандр Пракапенка, адзін з самых яркіх футбалістаў у гісторыі Беларусі, сістэматычна парушаў спартыўны рэжым. Але ў той жа час на полі цяжка было вылучыць больш працавітага чалавека, чым ён. Спартыўныя журналісты, якія памятаюць савецкія часы, сцвярджаюць, што без Пракапенкі мінскае "Дынама" не выйграла б чэмпіянат СССР у 1982 годзе. Але ў 1984-м футбаліста адлічылі з каманды за парушэнне спартыўнага рэжыму. Каля года ён па сваім уласным жаданні правёў у лячэбна-працоўным прафілакторыі. Пасля спрабаваў працягнуць кар'еру. 29 сакавіка 1989 года Аляксандр Пракапенка, абедаючы ў рэстаране гатэля "Мінск", адчуў сябе дрэнна і памёр. Футбалісту было ўсяго 35 гадоў.

Спіс знакамітасцяў, якія самі скарацілі сваё жыццё з дапамогай гарэлкі, можна доўга працягваць.

Табліца "культурнага" спажывання алкаголю

Напой Мужчыну (у мілілітрах за суткі) Жанчыне (у мілілітрах за суткі) 
Віно 250 150
Піва 500 330
Напой з доляй этылавага спірту каля 40% 40-50 30

Табліца складзеная і ўніфікаваная сусветнымі кардыёлагамі. 

Увага! 
1. Лічбы разлічаныя на асобу сярэдняй камплекцыі. 
2. Сістэматычнае ўжыванне алкаголю вышэй пазначаных нормаў прыводзіць да алкагалізму і іншых хваробаў. 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спажыванне чыстага спірту на душу насельніцтва ў нашай краіне пагражае генафонду нацыі. Ці навучацца нашы людзі калі-небудзь культурна ўжываць алкаголь? І што...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Здоровья)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика