Суставы баляць не толькі ў старых. 21.by

Суставы баляць не толькі ў старых

01.06.2011 — Новости Здоровья |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ногі не гнуцца, запясці распухаюць, пальцы рук скручаныя — у многіх слова "артрыт" асацыюецца са старасцю. Але ў гэтага захворвання шмат формаў, некаторыя з якіх пагражаюць перш за ўсё маладым. Гаворка пойдзе пра хваробу Рэйтэра, або "рэактыўны артрыт" (г.зн. запаленне сустава, якое ўзнікае як рэакцыя, адказ на інфекцыю ў іншым месцы). Часцей за ўсё яе ахвярамі становяцца мужчыны "ў поўным росквіце сіл" ва ўзросце 20—40 гадоў, якія вядуць актыўнае сэксуальнае жыццё, а яшчэ тыя, хто не мае звычкі мыць рукі. Хоць жанчыны і дзеці хварэюць таксама.

З гэтым захворваннем чалавецтва знаёмае даўно, хоць прычыны яго былі доўгія гады невядомыя. Першыя сімптомы хваробы, пры якой запаляюцца вочы і суставы, а мочаспусканне становіцца частым і балючым, апісаў яшчэ Гіпакрат, якому прыйшлося лячыць маладога чалавека, што захварэў пасля сэксуальнага кантакту. Гэтай жа хваробай, мяркуючы па апісаннях, пакутаваў і мараплавец Калумб.

Тры асноўныя сімптомы гэтай хваробы, так званую трыяду — артрыт, кан'юнктывіт і ўрэтрыт — упершыню назваў англійскі ўрач Бродзі ў 1818 годзе, а амаль праз сто гадоў практычна адначасова ў Францыі і Германіі была выяўлена сувязь захворвання з дызентэрыяй. Нямецкі вучоны Рэйтэр паспеў апублікаваць навуковы артыкул першым, таму хвароба надоўга атрымала яго імя. Калі высветлілася, што доктар удзельнічаў у эксперыментах над зняволенымі Бухенвальда, абураныя злачынным мінулым Рэйтэра запатрабавалі замяніць тэрмін "сіндром Рэйтэра" на "рэактыўны артрыт", хоць старая назва дагэтуль не выкраслена з медыцынскіх даведнікаў.

Абвінавачваюцца хламідыі

Цяпер ужо дакладна ўстаноўлена: адна з самых частых прычын рэактыўнага артрыту — хламідыёз. Гэта дастаткова распаўсюджанае ў свеце захворванне, якое перадаецца палавым, а таксама і кантактна-бытавым шляхам.

У маладых мужчын форма артрыту, выкліканая хламідыёзам, сустракаецца ў 9 разоў часцей, чым у жанчын, што звязана з больш высокай сэксуальнай актыўнасцю. Пачынаецца хвароба востра, праз адзін—тры тыдні пасля палавога кантакту: боль і рэзі ў мочаспускальным канале адразу ж наводзяць на думку аб яе "непрыстойным" паходжанні. Знакамітая трыяда сімптомаў не заўсёды прыходзіць адначасова: кан'юнктывіт, урэтрыт і артрыт могуць з'яўляцца па чарзе, з інтэрваламі па часе. Нярэдка да трыяды далучаюцца скурныя сімптомы — язвачкі на языку, слізістай рота, палавым члене, а таксама сып і плямы на падэшвах і далонях. Каварства хваробы ў тым, што нейкія праявы могуць быць не вельмі прыкметнымі (напрыклад, кан'юнктывіт або дыярэя) і хутка праходзяць. Затым з'яўляюцца боль і запаленне ў суставах. У першую чаргу пакутуюць суставы пальцаў ног (яны ацякаюць, баляць, становяцца чырвонымі або сінюшнымі), а таксама каленныя суставы, месцы злучэння сухажылляў з касцямі — напрыклад, ля пяткі. Звычайна суставы пашкоджваюцца несіметрычна, толькі з аднаго боку.

Калі неўзабаве ў чалавека забаляць і апухнуць суставы, ён наўрад ці звяжа гэта з сённяшнімі скаргамі і не раскажа пра гэта доктару. У сваю чаргу, доктар можа таксама паставіць няправільны дыягназ. Такое здараецца нярэдка. Толькі 20% пацыентаў атрымліваюць правільны дыягназ пры першым жа звароце, і спачатку іх лечаць ад іншых захворванняў суставаў.

Кішэчныя мікраарганізмы — такія, як сальманелы, шыгелы, кампілабактэрыі — таксама даволі часта становяцца прычынай рэактыўнага артрыту, прычым на гэтую форму жанчыны хварэюць гэтак жа часта, як і мужчыны. Дарэчы, па статыстыцы, шанц заразіцца іерсініяй (на яе долю прыпадае траціна ўсіх выпадкаў рэактыўнага артрыту) значна вышэй у спякотных краінах — Індыі, на Гоа.

Увага! Рэактыўны артрыт пасля перанесенай інфекцыі развіваецца не ва ўсіх хворых, а толькі ў тых, у чыёй крыві прысутнічае так званы антыген гістасумяшчальнасці пад маркіроўкай HLА В27 (перадаецца ў спадчыну). Роля гэтага антыгену ў арганізме пакуль да канца не разгадана, але затое ўстаноўлена, што ў яго носьбітаў рызыка захварэць на рэактыўны артрыт у 40 разоў вышэй, чым у іншых людзей.

Раней успомніш — раней вылечышся

Важна, каб як мага раней быў пастаўлены правільны дыягназ. Для гэтага трэба ўспомніць, што было з вамі за месяц перад тым, як забалелі суставы, супаставіць з цяперашнім станам і неадкладна звярнуцца да рэўматолага. Далей урач прызначыць спецыяльныя даследаванні, каб выключыць іншыя прычыны артрыту і пацвердзіць дыягназ "рэактыўны артрыт". Пералічваць іх няма сэнсу — усё індывідуальна. Тактыка лячэння вызначаецца тым, што стала яго прычынай. Калі прычына хваробы — хламідыёз, настройцеся, што яго лячэнне працяглае. Лячыцца трэба абавязкова абаім партнёрам, нялішне праверыць на хламідыёз іншых членаў сям'і. Акрамя антыбіётыкаў, для барацьбы з інфекцыяй прызначаюцца нестэроідныя супрацьзапаленчыя прэпараты накшталт ібупрафену і дыклафенаку. Яны дапамагаюць зменшыць боль і запаленне суставаў. Калі запаленне вельмі моцнае, прызначаюць унутрысустаўныя ін'екцыі. Часам прымяняюць прэпараты, каб зменшыць пашкоджанне сустава. У вострым перыядзе абмяжоўваецца нагрузка.

У большасці людзей рэактыўны артрыт праходзіць праз 3—6 месяцаў, а часам цягнецца многія месяцы і гады, перыядычна абвастраючыся. У некаторых выпадках развіваецца цяжкае парушэнне функцыі суставаў. Часам пакутуюць унутраныя органы — лімфавузлы, сэрца, лёгкія, органы СКТ, нервовая сістэма. Аднак выпадкаў, калі захворванне прыводзіць да інваліднасці, няшмат.

У той жа час прадухіліць рэактыўны артрыт прасцей, чым лячыць. Гэта перш за ўсё прыхільнасць аднаму сэксуальнаму партнёру, выкарыстанне прэзерватыва. Неабходна сачыць, каб дома не было грызуноў (асноўны пераносчык іерсініі — мышы і пацукі); выконвайце правілы захоўвання і прыгатавання ежы, старайцеся мыць агародніну і садавіну, а калі адпачываеце ў гарачых краінах, мыйце іх толькі бутэляванай вадой.

Падрыхтавала Вольга КУЛІНКОВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ногі не гнуцца, запясці распухаюць, пальцы рук скручаныя — у многіх слова "артрыт" асацыюецца са старасцю. Але ў гэтага захворвання шмат формаў, некаторыя з...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Здоровья)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика