Як абараніць дзіцячыя ножкі?
30.11.2011
—
Новости Здоровья
|
Чаму стандартная артапедычная вусцілка не дае чаканага эфекту Беларускія медыкі сцвярджаюць, што амаль палова нашага насельніцтва пакутуе на розныя захворванні апорна-рухальнага апарату, і адну з лідзіруючых пазіцый тут займае плоскаступнёвасць. Асаблівую занепакоенасць спецыялістаў выклікае стан здароўя дзяцей і моладзі. Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт правёў абследаванне, якое выявіла, што за перыяд з 2000 па 2004 год у самім горадзе Гродна і Гродзенскай вобласці з 54,5 тысячы юнакоў прызыўнога ўзросту 930 былі прызнаны нягоднымі да праходжання тэрміновай службы з-за розных відаў паталогіі ступні. У асноўным у прызыўнікоў выяўлялася цяжкая форма плоскаступнёвасці, якая ў многіх выпадках пры своечасовай кваліфікаванай артапедычнай дапамозе магла б быць паспяхова выпраўлена. У 2004-2005 гадах спецыялісты Гродзенскага медуніверсітэта сумесна са сваімі калегамі з Навукова-даследчага цэнтра праблем рэсурсазберажэння НАН Беларусі правялі абследаванне амаль 6 тысяч вучняў 1-10 класаў. У 31 працэнта даследаваных школьнікаў былі выяўлены дысфункцыі ступні. Прычым найчасцей плоскаступнёвасць сустракалася ў дзетак 3-4 і 6-7 класаў (прыблізна на 10-20% вышэй, чым у іншых класах). У цэлым плоскаступнёвасць склала 88% усіх дысфункцый ступні дзяцей, абследаваных у Гродзенскай вобласці, і найчасцей яна сустракаецца менавіта ў малодшых школьнікаў. Мінусы "стандарту" Заняткі спортам і спецыяльныя фізічныя практыкаванні многім дзеткам дапамагаюць выправіць ножку. Апроч таго, апошнім часам асобай папулярнасцю сталі карыстацца артапедычныя вусцілкі. Яны сёння прадаюцца ў аптэках, абутковых магазінах, кіёсках і г.д. Рэклама настойліва пераконвае ў іх эфектыўнасці, але мала хто са спажыўцоў разумее, што па-сапраўднаму карыснай можа быць толькі вусцілка, зробленая па індывідуальным заказе. У нашай краіне такія выпускае РУП "Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр". — Трэба разумець, што вусцілка, набытая ў магазіне ці аптэцы, гэта — усярэднены, стандартны выраб, які па сваім функцыянальным прызначэнні можа не адпавядаць канкрэтнаму чалавеку, — патлумачыў нашаму журналісту генеральны дырэктар згаданага цэнтра Іван Мікалаевіч Волкаў. — Мы ж вырабляем яе індывідуальна. У нас выкарыстоўваецца найноўшае абсталяванне для сканіравання. Работа з кліентам пачынаецца з дыягностыкі захворвання, якую праводзяць нашы спецыялісты (выяўляецца плоскаступнёвасць і іншыя дэфекты ступні). Потым падбіраецца індывідуальная вусцілка, у якой заказчык робіць пробныя крокі. Пры гэтым на камп'ютары адбіваюцца нагрузкі на пэўныя ўчасткі яго ступні — да прымянення нашых вусцілак і пасля іх прымянення, з улікам чаго ўрач бачыць, у якім канкрэтна месцы неабходна ўстанавіць артапедычнае абсталяванне. Такая вусцілка, зробленая на заказ і прыдатная для нагі аднаго чалавека, можа зусім не падысці другому, хоць у абодвух будзе аднолькавы дыягназ — плоскаступнёвасць. Мы "падганяем" вусцілку пад нагу канкрэтнага чалавека. Уся інфармацыя, характарыстыкі і памеры ступні заказчыка застаюцца ў камп'ютары, да якіх заўсёды можна вярнуцца пазней пры вырабе новай пары. Калі справа тычыцца дзетак, мы рэкамендуем дзесьці праз паўгода зноў звярнуцца да нас — для таго, каб пабачыць вынікі выкарыстання гэтага артапедычнага прыстасавання. Бацькі ведаюць, як складана падабраць малому абутак патрэбнага памеру. Не менш цяжкасцяў выклікае і выбар артапедычнай вусцілкі. У працэсе нашэння не падагнаная належным чынам па назе вусцілка можа змінацца і з'язджаць. Адпаведна будзе змяшчацца прыстасаванне, якое падтрымлівае звод ступні, што значна знізіць яе артапедычную эфектыўнасць. Калі ж выкарыстаць вусцілку, зробленую на заказ, па індывідуальным памеры, такое выключаецца. — Вусцілка, набытая ў звычайным кіёску ці абутковым магазіне, зробленая па стандарце, не дае такога значнага станоўчага эфекту, бо не падганяецца індывідуальна па ступні, — пацвердзіў Іван Мікалаевіч. — Апроч таго, ніхто не кантралюе вынікі яе выкарыстання, як гэта робім мы. Артапедычныя дзіцячыя вусцілкі, вырабленыя ў РУП БПААЦ, у большасці выпадкаў даюць станоўчы эфект. Пры замене абутку на большы памер неабходна замяніць і вусцілку. Увогуле, працэс фарміравання ступні працягваецца да 16-18 гадоў, таму калі своечасова ўзяцца за справу (яшчэ ў дзяцінстве выявіць захворванне і прыняць належныя меры), то да наступлення паўналецця можна выправіць плоскаступнёвасць, увогуле пазбавіць чалавека ад неабходнасці выкарыстоўваць артапедычныя прыстасаванні. Што тычыцца дарослых, ім лячэбнага эфекту (аднаўлення функцый ступні ў поўным аб'ёме) ужо чакаць не варта па прычыне спынення росту нагі. Аднак пры гэтым не страчвае значэння тэрапеўтычны эфект. — Наша ступня, а дакладней яе звод, — гэта рысора, якая пастаянна павінна выконваць функцыю амартызацыі пры хадзьбе, змякчаць аддачу ў суставы і пазваночнік. Плоскаступнёвасць (адсутнасць такой рысоры) азначае пастаянную нагрузку на пазваночнік і ніжнія канечнасці, — патлумачыў Іван Мікалаевіч. — Уявіце, што вы рухаецеся ў аўтамабілі без рысор... Тады кожную яміну і ўзгорак вы будзеце адчуваць літаральна ўсім целам. Тое ж і пры плоскаступнёвасці. Калі ступня не працуе як амартызатар, то ўсе няроўнасці паверхні пры хадзьбе будуць адбівацца на пазваночніку. Наша артапедычная вусцілка з падтрымлівальным зводам дае прымусовую амартызацыю і зусім іншае (больш бяспечнае для здароўя) размеркаванне нагрузкі... Дарослым мяняць артапедычныя вусцілкі трэба па меры зносу ці пры замене абутку. Цікава, што іх эфектыўнасць ужо ацанілі нашы хакеісты, якія заказваюць індывідуальныя артапедычныя вусцілкі ў чаравікі канькоў. Хто бачыў, ведае, што хакейны чаравік мае абсалютна плоскую падэшву, а артапедычныя вусцілкі дапамагаюць раўнамерна размеркаваць нагрузку на ступню. Разгружаюцца ікраножныя мышцы, а значыць, можна больш часу праводзіць на лёдзе, не адчуваючы дыскамфорту. Раней нашы хакеісты набывалі такія вусцілкі за мяжой і плацілі за іх у разы больш. Без чаргі і танна У свой час Савет Міністраў зацвердзіў пералік тэхнічных сродкаў рэабілітацыі, якія для пэўнай катэгорыі грамадзян (пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў) прадастаўляюцца бясплатна ці на льготных умовах. Спіс налічвае больш за чатыры дзясяткі найменняў. З іх 37 — вырабляе РУП БПААЦ. Аднак артапедычныя вусцілкі сюды не ўваходзяць і таму вырабляюцца за наяўны разлік. Сёння гэта да 100 тысяч рублёў за пару. Аднак цана можа вырасці, папярэджваюць у цэнтры, бо матэрыялы прымяняюцца імпартныя (у прыватнасці, успенены поліэтылен рознай шчыльнасці, які валодае якасцю тэрмафіксацыі). Дыягностыка плоскаступнёвасці ў цэнтры ажыццяўляецца бясплатна. Чаргі на выкананне заказу няма. Кожны, хто звернецца ў Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр, на працягу 10-15 дзён атрымае гатовыя вусцілкі. Падтрымка для спіны Многія дзеці сёння вядуць значна больш пасіўны лад жыцця, чым іх равеснікі яшчэ 30-50 гадоў таму, што абумоўлівае рост захворванняў на скаліёз, што ў сваю чаргу можа прывесці да захворванняў таза- сцегнавых суставаў, зашчамлення нервовых канчаткаў міжпазваночнымі дыскамі, з'яўлення грыж і г.д. Скрыўленне пазваночніка, як правіла, можна выправіць, калі своечасова прымяніць гарсэт і іншыя карыгіруючыя прылады для карэкціроўкі фігуры. Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр вырабляе шырокі спектр такіх тавараў. І не толькі для дзяцей, але і для дарослых. Сёння шматлікія тэлевізійныя крамы прапануюць "цудадзейныя" паясы, гарсэты, бандажы і накладкі, якія быццам бы здымаюць нагрузку з пазваночніка і пазбаўляюць ад болю. Але каштуе такое задавальненне зусім не танна. Калі ў вас узнікла неабходнасць у такой прыладзе, лепш звярнуцца ў Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр, дзе можна падабраць больш якасны аналаг па вельмі дэмакратычнай цане. Напрыклад, антырадыкулітны гарсэт у залежнасці ад мадэлі сёння каштуе 80-100 тысяч рублёў. Можна набыць стандартны гарсэт, а можна пашыць яго на заказ. — Мы ўсю сваю прадукцыю вырабляем з натуральных — баваўняных і льняных — тканін, а тое, што рэкламуецца, у аснове мае сінтэтыку. Адсюль з'яўленне розных алергічных высыпанняў, раздражненняў і г.д. Якасць пашыву такіх тавараў таксама не самая высокая. А ў нас уся прадукцыя адпавядае тэхнічным стандартам сусветнага ўзору. Наша прадпрыемства мае сертыфікаты адпаведнасці, якія сведчаць аб тым, што сістэма менеджменту якасці распрацоўкі, вытворчасці пратэзна-артапедычных вырабаў, артапедычнага абутку і тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі адпавядае айчынным і міжнародным стандартам. На ўсе віды нашай прадукцыі ёсць гарантыя. Нашы спецыялісты перыядычна праходзяць за мяжой стажыроўку па вытворчасці артапедычных вырабаў. Нагадаем, што прадукцыю цэнтра можна набыць ці замовіць не толькі ў Мінску, але і ва ўсіх яго абласных філіялах. Інга МІНДАЛЁВА. Р.S. <І>газета "Звязда" далучаецца да віншаванняў генеральнага дырэктара Беларускага пратэзна-артапедычнага аднаўленчага цэнтра Івана Волкава з нагоды ўзнагароджання яго ордэнам Пашаны. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чаму стандартная артапедычная вусцілка не дае чаканага эфекту Беларускія медыкі сцвярджаюць, што амаль палова нашага насельніцтва пакутуе на розныя захворванні... |
|