Капаткевічы здавён жывуць футболам…
19.05.2018
—
Новости Здоровья
|
Сённяшняе прафесійнае свята для настаўніка фізічнай культуры Капаткевіцкай сярэдняй школы Віталя Волкава надзвычай урачыстае, бо напярэдадні мужчына адзначыў свой шосты дзясятак з дня нараджэння. Узрост свой, як выказаўся сам, не адчувае. Гаворыць, што максімум у душы яму 50 гадоў. Але лічу, Віталь Віктаравіч вельмі сціпла выказваецца пра сваю маладосць і бадзёрасць духу. Прагу да жыцця мужчына выхоўвае ў сабе, дзякуючы спорту. Нарадзіўся ў Гомелі, але малой радзімай гэты горад для сябе не лічыць. Бацька (светлая яму памяць) Віктар Ермалаевіч быў ганаровым меліяратарам. Яго накіравалі выконваць свой працоўны абавязак у Капаткевічы. Тут Віталь Віктаравіч скончыў дзевяць класаў. Капаткевічы сталі для яго стартам “цёплых адносінаў” з футболам, якія мелі працяг і сёння не пахаладзелі. Добрымі трэнерамі-энтузіястамі былі для яго ў школьныя гады настаўнікі фізвыхавання Рыгор Кузьменка і Міхаіл Семка. Узгадвае Віталь Віктаравіч і заснавальніка спартыўнага руху ў гарпасёлку Уладзіміра Талецкага. Уладзіміру Васільевічу ўжо споўнілася 70, а некалі ён прымаў непасрэдны ўдзел у будаўніцтве гарпасялковага стадыёна, які і да сёння сустракае аматараў камандных відаў спорту, ды і школьнікі на ім займаюцца з задавальненнем. На гэтым стадыёне, дарэчы, мы і вялі гэтую гутарку. Дзясяты клас Віталь Віктаравіч заканчваў у Калінкавічах, а ў 1975 годзе паступіў на факультэт фізвыхавання Гомельскага ўніверсітэта. На адпрацоўку накіравалі ў вясковую Бялёўскую школу, на Жыткаўшчыну. Бацькі на той час вярнуліся ў Гомель. Дарэчы, 88-гадовая маці Віталя Віктаравіча і да сёння жыве там. Іх, дзяцей, у сям’і трое, Віталь сярэдні. Потым была армейская служба ў Чыце і Манголіі. Пасля службы ўладкаваўся ў ДЮСШ пры ўніверсітэце, дзе вучыўся. Там адпрацаваў тры гады. Але самыя цёплыя ўспаміны былі пра Капаткевічы, куды заўсёды пераносілі думкі. Так, у 1984 годзе здзейснілася мара – вярнуўся ў гарпасёлак. Спачатку ў школе працаваў “ваенруком”, потым – настаўнікам фізкультуры, якім працуе і цяпер. – У 1987 годзе стварыў сям’ю, – працягвае мой суразмоўца. – Жонка Людміла Аляксандраўна таксама настаўніца, выкладае хімію. Выхавалі дзвюх дочак, абедзве ў сталіцы. Старэйшая Алена працуе ў лабараторыі санітарнай службы, мае сям’ю, выхоўвае нашу дарагую ўнучачку Валерыю. Ганна скончыла радыётэхнічны ўніверсітэт, але па спецыяльнасці працавала нядоўга, цяпер занята ў прыватніка. Мне пашэнціла ў жыцці, бо праца і любімы занятак супалі. Капаткевічы заўсёды жылі футболам. На жаль, цяпер гэтага няма. Не было выхадных раней, каб на стадыёне не сабраліся вясковыя каманды. Я быў паўабаронцам. Неаднаразова наша зборная была прызёрам абласных чэмпіянатаў па футболе. Дарэчы, былі такія перамогі, калі сярод шасці мацнейшых каманд вобласці, уключаючы гомельскія, такія як “Гомсельмаш”, мы былі на 4 прыступцы. Камандныя гульнёвыя віды спорту – гэта мой канёк. Футбол люблю ўсёй душой, але фанатам нейкай асаблівай каманды не з’яўляюся. Люблю глядзець, як прыгожа гуляюць футбалісты-прафесіяналы, тэхніка падачы мяча, гульнёвыя моманты – гэта для мяне асалода. Раней быў балельшчыкам мазырскай “МПКЦ”, цяпер гэта каманда мае назву “Славія”. Капаткевічам увогуле пашэнціла са спортам. Тут ёсць дзе займацца і чым. Так, мой вучань, захоплены футболам чалавек, сумленны трэнер Валерый Арыновіч выхоўвае дастойных юніёраў. У ДРАЦ “Пціч” таксама працуюць мае вучні – Аляксандр Арыновіч, Аляксей Мінчук, Аляксандр Курыка, у ДЮСШ на базе школы займаецца з дзецьмі Уладзімір Адаміч. Мая вучаніца Тамара Дыдыка цяпер працуе ў школе настаўніцай фізкультуры. Ёсць магчымасць у дзяцей наведваць гурток турызму ў цэнтры творчасці, дзе Анатоль Адаміч развівае спартыўныя здольнасці маладога пакалення. Дастатковая суполка дзяцей наведвае паўэрліфтынг, які вядзе трэнер Ілья Марчанкоў. Сярод маіх дасягненняў – першыя прыступкі на абласных спаборніцтвах па валейболе як каманды хлапчукоў, так і дзяўчат з адрывам у год. Прыемна бачыць, што дзеці імкнуцца да фізічнага развіцця і заняткаў спортам. Гэта заўсёды прыемна настаўнікам, трэнерам. У вольны час люблю рыбалку. Да таго, мой калега і сябар Уладзімір Вабішчэвіч адкрыў для мяне новыя старонкі цудоўных прыродных краявідаў. Імкнуся хоць не кожны год, а праз год трапляць у Карэлію. Вось дзе спакой і магчымасць паразважаць, а яшчэ выцягнуць добры рыбны трафей! – Дзякуй Вам, Віталь Віктаравіч, за размову! З Днём фізкультурніка і 60-гадовым юбілеем! Здароўя, вытрымкі, захавання маладосці! Інга ГІЛЕНКА. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сённяшняе прафесійнае свята для настаўніка фізічнай культуры Капаткевіцкай сярэдняй школы Віталя Волкава надзвычай урачыстае, бо напярэдадні мужчына адзначыў...
|
|