Жывёлу адрознівае ад чалавека тое, што яна не можа паскардзіцца на дрэннае самаадчуванне. Гаспадару трэба самому зразумець, здагадацца: штосьці не так. Калі іх гадаванец стаў менш актыўным, адмаўляецца ад любімых прысмакаў, або проста енчыць, скруціўшыся клубочкам, многа спіць, то з пэўнай верагоднасцю можна сказаць: ён захварэў. Куды звяртацца за дапамогай? Зразумела, да ветэрынараў.
У раёне дзейнічаюць Докшыцкая і Бягомльская ўчастковыя ветлячэбніцы, а таксама працуе ветэрынарнае аддзяленне ў Крулеўшчыне. Спецыялісты ветэрынарнай службы нават у выхадныя дні гатовы аказаць дапамогу жыхарам раёна і іх любімым гадаванцам.
У ветэрынарнай лячэбніцы райцэнтра насельніцтва абслугоўваюць ветурач Алег Салаўёў і фельчар Таццяна Малюжанец. Загадчыкам лячэбніцы з’яўляецца вопытны спецыяліст Яўген Рудзько.
Штотыднёва мясцовыя Айбаліты аказваюць лячэбную і прафілактычную дапамогу гадаванцам прыкладна 15 гаспадароў. За мінулы год яны аказалі каля 650 паслуг, пералік якіх даволі вялікі: дэгельментызацыя жывёлы, лячэнне ран, органаў дыхання, стрававання, упраўленне вывіхаў сабакам, ампутацыя хваста і іншыя.
– Прычынай звароту з’яўляецца таксама атручванне, выкліканае ўжываннем разрэкламаваных кармоў, – гаворыць Яўген Рудзько. – Раю гаспадарам не купляць гэтыя “прысмакі” – лепш карміць гадаванцаў тым, што ясцё самі. Акрамя гэтага, нельга даваць сабакам курыныя косці, бо яны вельмі вострыя і часта шкодзяць страўнік, у выніку чаго жывёла можа памерці.
Спецыялісты прымаюць чацвералапых кліентаў не толькі на ўчастку, але, пры неабходнасці, выязджаюць на дом. Выклік каштуе 3,14 рубля. Акрамя гэтага, кансультацыю могуць даць і па тэлефоне (нумар 5-17-23).
Залатым правілам ветэрынара, як і любога іншага ўрача, з’яўляецца захаванне жыцця свайго пацыента, эўтаназія прымяняецца ў самым крайнім выпадку. Хаця, прызнаюцца спецыялісты, і такое ў іх практыкі сустракаецца.
– Прыехалі аднойчы на выклік, а там хворы стары сабака: зусім спяпы, без зубоў, – прыгадаў выпадак з практыкі намеснік галоўнага ветурача раёна Дзяніс Пацёмкін. – Гаспадыня жывёліны дакладна сказала, што ёй дваццаць пяць гадоў, назвала нават колькасць месяцаў і дзён. Было бачна, што гэта любімы бабулін гадаванец, амаль член сям’і. Тым не менш, сітуацыя патрабавала кардынальных рашэнняў. Такія сумныя выпадкі, на шчасце, сустракаюцца не надта часта.
Дзяніс Віктаравіч гаворыць, што гаспадарам трэба не прамаруджваць і своечасова звяртацца да спецыялістаў, тым больш, не займацца самалячэннем. Некаторыя проста не ведаюць, што іх “дапамога” можа толькі пагоршыць стан і без таго хворай жывёлы. Здараецца, што лечаць сваіх гадаванцаў гарэлкай, або даюць ім таблеткі, якія прызначаны для лячэння чалавека. Таксама трэба ведаць, што некаторыя супрацьгліставыя ін’екцыі для сабак падыходзяць не ўсім пародам. Таму лепш усё ж такі звярнуцца адразу ў ветлячэбніцу, да прафесіяналаў, якія дапамогуць захаваць жыццё чатырохлапаму сябру. Дарэчы, на тэрыторыі ветлячэбніцы па буднях з 8 да 12 працуе ветаптэка, дзе можна набыць неабходныя лекі.
Калі жывёла памірае і гэта з’яўляецца страхавым выпадкам, спецыялісты ветэрынарнай службы займаюцца яе ўскрыццём, па выніках якога складаюцца пратаколы, акты.
Зразумела, хатняя жывёла патрабуе адпаведнага догляду. Ветэрынары раяць два разы на год праводзіць прафілактыку ад блох і глістоў, у перыяд з красавіка па кастрычнік — ад кляшчоў, абавязкова купіць гадаванцу спецыяльны ашыйнік.
Трэба назіраць за сваімі любімчыкамі, клапаціцца пра іх. А яны, у сваю чаргу, працягнуць моцную лапу, сагрэюць цеплынёй свайго цельца, пяшчотна лізнуць у шчаку або ўздымуць настрой сваім бадзёрым “чырык-чырык”. Паверце, жывёла таксама ўмее быць удзячнай.
НА ЗДЫМКУ: Яўген Рудзько робіць прышчэпку супраць шаленства чатырохлапаму пацыенту.
Таццяна САКОВІЧ.
Фота Я. Кадацкага.