У Беларусі будуць прымаць меры, каб не дапусціць вялікіх патокаў працоўнай міграцыі ўрачоў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам у час наведвання Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава, перадае карэспандэнт БелТА.
Журналісты згадалі аб нядаўнім рашэнні Польшчы ўвесці новыя правілы для ўрачоў з-за меж Еўрасаюза: медыкам, у тым ліку і беларускім, не давядзецца пацвярджаць свой дыплом, трэба будзе толькі прайсці экзамен у клініцы. У сувязі з гэтым журналісты пацікавіліся ў Прэзідэнта, ці не баіцца дзяржава маштабнага адтоку спецыялістаў і якія рашэнні будзе прымаць, каб не дапусціць гэтага.
«Нас гэта хвалюе, але не напружвае. Міністр гаворыць, што на працягу двух гадоў наогул гэту праблему (няхваткі ўрачоў у медустановах. — Заўвага БелТА) знімем. Таму, можа, і нічога страшнага, што чалавек паехаў, недзе чамусьці падвучыўся. Галоўнае, каб ён не забываў аб краіне, вяртаўся назад і дапамагаў ёй», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У той жа час, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, у Беларусі будуць прымаць меры, каб утрымаць спецыялістаў. Размова, у прыватнасці, ідзе аб стварэнні неабходных умоў для жыцця і работы, павышэнні заработнай платы. «Але сілай утрымліваць ні ўрачоў, ні настаўнікаў, ні інжынераў ніхто не будзе. Усё роўна сілай чалавека не ўтрымаеш. Свет глабалізуецца, міграцыя велізарная. Трэба цывілізавана працаваць з людзьмі», — перакананы Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад увядзенне ў строй комплексу інтэрнатаў амаль на 350 сем’яў для супрацоўнікаў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі і ўстаноў аховы здароўя Мінскай вобласці. «Гэта шыкоўны дом, прытым недарагі. Тут квадратны метр, па-мойму, крыху больш за пяцьсот долараў. І трэба будаваць такія так званыя інтэрнаты для ўрачоў, медсясцёр, для тых, хто працуе ў бальніцах. Гэта будзе вельмі моцна прывязваць чалавека да гэтай зямлі», — лічыць кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца заработных плат, то, заўважыў Прэзідэнт, высокакваліфікаваныя ўрачы ў РНПЦ анкалогіі атрымліваюць некалькі тысяч долараў. «Але гэта высакакласныя спецыялісты. Так і павінна быць. Калі ты займаешся карыснай для практыкі навукай, калі ты высокатэхналагічны хірург, ты павінен атрымліваць нямала», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Але і звычайныя ўрачы, малодшы медыцынскі персанал, дадаў ён, павінны атрымліваць прымальную зарплату.
Каб утрымаць урача, яму таксама неабходна даць добрую адукацыю, лічыць кіраўнік дзяржавы. Да гэтага пытання ён паабяцаў вярнуцца зімой пры наведванні медыцынскага ўніверсітэта.
«І сёе-тое потым мы абсалютна на міжнародных прынцыпах зробім для таго, каб людзі тут працавалі», — дадаў Прэзідэнт.
Выказваючыся аб рашэнні польскага боку, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэту краіну многія часта ставяць у прыклад Беларусі, і не толькі апазіцыянеры. «Але калі так развіваецца краіна, чаго тады паглядаюць на спецыялістаў з Беларусі з гэтай «дыктатурай»? Вы добра развіваецеся — калі ласка, карміце сваіх урачоў, няхай яны лечаць вашых людзей. Не, хочуць, каб беларускія», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.