Мiнiнформ расказаў пра "WEB 3.0"
29.03.2012 10:20
—
Новости Hi-Tech
|
Ці ёсць месца для беларускай мовы ў "глабальным павуцінні"? Ці знікнуць прафесійныя журналісты? За што ў інтэрнэце людзі будуць гатовыя плаціць? Як беларусам атрымаць сваю сацыяльную сетку? Пра ўсё гэта карэспандэнт "Звязды" пагутарыў з намеснікам міністра інфармацыі Беларусі Дзмітрыем Шэдко.
Што ж такое WЕB 3.0? — Якім чынам можна зрабіць так, каб беларускі сегмент інтэрнэту стаў больш папулярным сярод насельніцтва, ды нават сярод работнікаў СМІ, якія таксама не спяшаюцца выкарыстоўваць усе яго магчымасці? — У Беларусі інтэрнэт расце шпаркімі тэмпамі. Гэта, у першую чаргу, звязана з тым, што людзі ў нас пачынаюць карыстацца інтэрнэтам часцей і больш: з дому, з працы і гэтак далей. Ён становіцца для іх абсалютна звычайным інструментам, як імбрычак, кававарка... З іншага боку, вельмі часта людзі, якія прыходзяць у сусветнае павуцінне, застаюцца незадаволенымі кантэнтам і якасцю нашых сайтаў. І тады ў іх адбываецца абсалютна відавочны выбар — сайты рунэта. Давайце параўнаем дзве лічбы: у зоне "bу" існуе каля 70-80 тысяч сайтаў (у тым ліку і тыя, што зарэгістраваны беларусамі ў іншых доменных зонах), але пры гэтым ёсць каля 15 мільёнаў рускамоўных сайтаў (рунэт у шырокім сэнсе слова). І канкурыраваць з такім патокам інфармацыі вельмі складана. Акрамя таго, рынак інтэрнэт-рэкламы развіваецца вельмі марудна. У тым ліку таму, што нашы прадпрыемствы яшчэ не зразумелі, што гэта канал, праз які можна прапаноўваць свае тавары і паслугі. Трэцяя праблема — у нас пастаянна спрабуюць зрабіць клоны нейкіх замежных сайтаў. Але ж не ўсе яны могуць быць удала перанесены на беларускую глебу. Нашым жа сайтам неабходна праводзіць агрэсіўную праграму для заваёўвання аўдыторыі. Калі ты пра сябе не раскажаш, цябе ў гэтым моры інфармацыі ніхто ніколі не знойдзе. Людзей трэба да сябе прывабіць. Неабходна мець добры, якасны кантэнт. І тут у беларускіх сайтаў ёсць вялікая перавага — яны бліжэй да нашых людзей. — Чаму большасць сайтаў беларускіх газет, часопісаў, тэлеканалаў даюць абсалютна тую ж самую інфармацыю, што і на сваіх старонках альбо ў эфіры, без адаптацыі? — Усім нашым калегам неабходна ясна разумець, што інтэрнэт — гэта спецыфічнае асяроддзе. Людзі там прывыклі да пэўных фарматаў атрымання інфармацыі. Гэта той самы WЕB 2.0. Другі момант — інтэрнэт па азначэнні рэч жывая. То бок чалавек, які прыходзіць у інтэрнэт, чакае максімальнай інтэрактыўнасці. Ён чакае, што зможа выказаць сваю думку, зможа на штосьці паўплываць. Іншымі словамі, атрымае прадукт з максімальным сваім удзелам. Гэта і з'яўляецца ключавым момантам WЕB 2.0. — Чым жа тады адрозніваецца WЕB 3.0? — Раней усё трымалася на тым, што кантэнт ствараюць у тым ліку і карыстальнікі, а часам і толькі карыстальнікі. А сацыяльныя сеткі — гэта найвышэйшы пункт, да якога дайшоў WЕB 2.0. WЕB 3.0 — гэта тая рэч, якая, напэўна, павінна парадаваць нашых прафесійных журналістаў. Хтосьці лічыць, што інтэрнэт забівае прафесійную журналістыку ў тым выглядзе, да якога мы прызвычаіліся. Нічога падобнага. Возьмем любыя заходнія рэйтынгі англамоўнага інтэрнэту. Якія самыя папулярныя крыніцы навін? З упэўненасцю магу сказаць, што з топ-10 8 будуць сайтамі традыцыйных тэлеканалаў. Іншымі словамі, гэта запатрабаваная, якасная, звычная для чалавека журналістыка. Акрамя таго, у моры інфармацыі чалавеку вельмі цяжка арыентавацца. Я, напрыклад, штодзённа праглядаю каля 30 сайтаў: рэгіянальных, тэматычных і іншых. Проста лічу, што гэта частка маёй працы. Адпаведна, праца журналіста — прадаставіць чалавеку прааналізаваную, адабраную, правераную інфармацыю аб тым, што яго рэальна цікавіць, палягчаючы гэтым жыццё. І WЕB 3.0 якраз прадугледжвае тое, што: карыстальнік павінен удзельнічаць у стварэнні кантэнту; гэта павінна быць максімальна інтэрактыўна, але пры тым суправаджацца прафесійнай апрацоўкай. Да таго, напэўна, мы і будзем ісці. Таму змена падыходаў да атрымання інфармацыі не адмяняе журналіста як прафесіянала. Усё роўна чалавек, у якога ёсць выбар з тысячы тэлевізійных тэлеканалаў, нарэшце ў іх заблытаецца. Таму яму патрэбен фільтр. Але па зададзеных ім параметрах. Прыйшоў, убачыў, заплаціў — А журналіст не ператворыцца ў чалавека, які проста фільтруе, адбірае патрэбную інфармацыю, але сам яе не стварае? — Напрыклад, заходняя журналістыка ўвогуле вельмі персаніфікаваная. Там чалавек не проста расказвае пра нейкія факты, а яшчэ і дае сваю трактоўку. Аналітыка і публіцыстыка не могуць застацца без гэтага складніка. А вось у інфармацыйнай журналістыцы людзі, напэўна, будуць замяняцца аўтаматызаванымі сістэмамі. Зразумела, што са з'яўленнем зародкаў штучнага інтэлекту з'явіцца магчымасць апрацоўваць большы масіў інфармацыі і атрымліваць больш якасны вынік. Але гэта, думаю, адбудзецца не ў бліжэйшыя 10-20 гадоў. А калі чалавек не проста хоча засвоіць інфармацыю, а даведацца пра чыёсьці кампетэнтнае меркаванне, то тады ён будзе звяртацца да журналіста, прафесіянала, які разбіраецца і можа прапанаваць гатовае рашэнне, з якім можа, у сваю чаргу, згадзіцца ці не. — Ці могуць СМІ цалкам сысці ў сацыяльныя сеткі? — Часткова тое ўжо адбываецца. Гэта добра, калі ты з'яўляешся пасіўным спажыўцом: акрэсліў некалькі тэм, якія цябе цікавяць, і праглядаеш стужку навінаў. У той жа час, калі камусьці патрэбна аналітычная інфармацыя, то без жывых журналістаў не абысціся: я думаю, што камп'ютар яшчэ не хутка навучыцца так аналізаваць сітуацыі, як чалавек. А значыць, СМІ застануцца. Іншая справа, што доступ да іх будзе ажыццяўляцца па-іншаму. Чалавек не будзе заходзіць у інтэрнэт і набіраць канкрэтны адрас. Ён будзе атрымліваць інфармацыю з гэтага СМІ з дапамогай нейкіх спецыяльных праграм. Падумайце, у Беларусі зарэгістравана больш за тысячу газет. Каб чытаць іх усе, не хопіць часу. Значыць, патрэбны нейкія падборкі. Аднак чалавецтва ўсё ж такі рухаецца да таго, што кантэнт будзе платным. І прыклады гэтага ўжо ёсць на захадзе. Руперт Мэрдак (вельмі ўплывовы медыямагнат. — Аўт.) увёў плату нават не за ўсе матэрыялы, а за кожны асобна. Каштуе капейкі, але пры гэтым чалавек купляе не ўсю газету, а толькі тое, што яго рэальна цікавіць. Думаю, так будзе адбывацца да таго часу, пакуль не будзе выдумана нейкая зусім новая тэхнічная фармацыя, якую мы зараз і прадказаць не можам. — А нашы людзі таксама будуць згодныя плаціць? — Звычка прыходзіць з часам. У нейкі момант мы пачынаем пераконвацца, што, па-першае, інфармацыі занадта шмат, па-другое, бясплатная інфармацыя зусім не гарантуе, што за яе нясе адказнасць хоць хто-небудзь. Таму з увядзеннем платнасці той ці іншай інфармацыі (зразумела, што базавая дзяржаўная інфармацыя павінна быць бясплатнай) з'явіцца і адказнасць за якасць прадастаўленых звестак. Думаю, што менавіта гэта — натуральны шлях развіцця. Мары аб беларускамоўным інтэрнэце... — Часам кажуць, што беларускамоўны сегмент інтэрнэту не мае будучыні, бо з ім дрэнна працуюць пошукавыя сістэмы... — Гэта бяда не толькі наша. Гэта бяда кожнай невялікай краіны. Нядаўна вярнуўся са Славеніі. Там была вялікая канферэнцыя, прысвечаная "электроннаму ўраду". У прыватнасці, гучалі даклады наконт мультымоўных сістэм. Гэта вельмі актуальна для краін ЕС, бо ў іх усе афіцыйныя дакументы адначасова павінны складацца на ўсіх афіцыйных мовах краін-удзельнікаў. Значыць, любая электронная сістэма ў тэорыі павінна падтрымліваць усе мовы. Але зразумела, што Gооglе ў першую чаргу захоча аптымізаваць пошук на рускай мове перад тым, як будзе пераходзіць на беларускую. Дзякуй Богу, што ў нас дзве мовы, якія мы аднолькава здольныя прымяняць. Але на што я звярнуў увагу: уключыў тэлевізар — і ўбачыў, што ў іх ідуць перадачы з субцітрамі. Эканамічныя разлікі паказваюць, што неэфектыўна перакладаць з англійскай мовы. У Беларусі ж такога няма. — Але з іншага боку, у нас і на беларускую ніхто не перакладае... — Ну, гэта зразумела. Пытанне ў тым, што павінен быць попыт. Інтэрнэт створаны, відаць, для лянівых людзей, якія хочуць ісці па шляху найменшага супраціву. Я думаю, што беларуская мова ў інтэрнэце, безумоўна, будзе развівацца. За кошт такіх выданняў, як ваша, за кошт розных дзяржаўных інтэрнэт-праектаў, прысвечаных гісторыі і культуры. Я дык увогуле думаю, што большасць сайтаў павінна рэалізоўвацца ў трохмоўным варыянце: беларуская-руская-англійская. Мы ж адкрытая краіна і павінны паклапаціцца і пра тых, хто да нас прыедзе. Напэўна, многія праекты будуць рэалізоўвацца энтузіястамі, якія цікавяцца беларускай гісторыяй і культурай. Што ж тычыцца такіх дарагіх рэчаў, як пошукавыя механізмы, тут праблем значна больш. Мы абмяркоўвалі магчымасці перакладу: зараз сваю паўназначную пошукавую сістэму не пацягнем. Але паступова, у тым ліку з ростам беларускага рэкламнага рынку, калі прадпрыемствы пачнуць траціць больш грошай у інтэрнэце, ужо можна будзе дыктаваць свае правілы гульні. — А наколькі магчыма, каб у Беларусі з'явілася свая сацыяльная сетка, якая б добра разумела і карысталася беларускай мовай? "УКантакце", фэйсбук прапануюць толькі тарашкевіцу. Твітар і такога не дае. — Інтэрнэт увогуле не вельмі сябруе з граматыкай, таму гэта ўсё можа развівацца толькі стыхійна. А наконт з'яўлення беларускай сацыяльнай сеткі не зусім па адрасе пытанне. Сам я вялікі праціўнік віртуальных стасункаў. Для працы гэта зручна і карысна, але цалкам сысці ў віртуальныя зносіны няправільна. Гэта ж чыста камерцыйныя праекты, якія пабудаваны на пэўных схемах манетызацыі. А з сябрамі лепш размаўляць ужывую. — Вы сказалі, што калі беларускі сегмент і будзе развівацца, то толькі энтузіястамі і прафесіяналамі, якія ўбачаць у гэтым камерцыйную перспектыву. А ці не кожны беларус павінен быць падобным энтузіястам? — Разумееце, беларус-энтузіяст тэарэтычна і на практыцы, на жаль, зусім розныя паняцці. Мы ўсе, безумоўна, патрыёты. Гэта нармальна. Мы ўсе любім сваю краіну. Але калі справа даходзіць да нейкіх намаганняў, далёка не кожны возьмецца ў вольны ад працы час ствараць якасны кантэнт для беларускамоўнага інтэрнэту. Такіх людзей не вельмі шмат. — А калі раптам беларусы скажуць: "Хочам, каб усё было беларускамоўным!". Ці магчыма гэта тэхнічна? — Калі ў людзей ёсць попыт на беларускамоўны матэрыял, то не будзе праблем з яго атрыманнем. Але справа яшчэ ў тым, што ніводная дзяржава свету не возьмецца перарабляць інтэрнэт. Попыт нараджае прапанову. Аднак нават калі пад дзвярыма майго кабінета сядзе мільён беларусаў і скажа, што хоча беларускі інтэрнэт, я нічога зрабіць не змагу. Парыў мас — гэта заўсёды выдатна, але яго трэба накіраваць. Ёсць жа ў Вікіпедыі раздзелы выключна на баскскай мове! Па мясцовай гісторыі. Яшчэ раз паўтару, што галоўнае, каб быў якасны, прафесійны, унікальны кантэнт. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ці ёсць месца для беларускай мовы ў "глабальным павуцінні"? Ці знікнуць прафесійныя журналісты? За што ў інтэрнэце людзі будуць гатовыя плаціць?
|
|