Аферыст "касіў" пад следчага. 21.by

Аферыст "касіў" пад следчага

28.10.2010 — ЧП |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Як нас дураць

  21-гадовы грамадзянін Літвы падазраецца ва ўчыненні серыі махлярстваў у Мінску

Зламыснік, распавёў карэспандэнту "Звязды" начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі, карыстаўся залішняй даверлівасцю і наіўнасцю пацярпелых, якім за грошы прапаноўваў вырашыць палюбоўна пытанне наконт іх блізкіх сваякоў — размова ішла пра сына ці ўнука, якія быццам бы патрапілі ў міліцыю за тое, што, маўляў, збілі на аўто пешахода, альбо пад горкі яблык адлупцавалі чалавека...

Прычым у сваіх ахвяр у асобных выпадках прайдзісвету ўдавалася выманьваць вялікія адкупныя. Дзейнічаў жа нахабнік наступным чынам. Тэлефануючы на нумар гарадскога тэлефона, ён прадстаўляўся следчым і, выкарыстоўваючы псіхалагічныя прыёмы, спачатку выпытваў усё пра блізкіх сваякоў. А пасля ў залежнасці ад атрыманай інфармацыі агарошваў непрыемнай навіной: маўляў, сваяк збіў (калі гэта аўтааматар), ці пабіў (калі ў яго няма машыны) чалавека і затрыманы праваахоўнікамі. І прапаноўваў вырашыць пытанне на карысць "вінаватага" — за "ганарар". Між іншым, на фоне тэлефоннай размовы гучаў і голас нібыта сваяка, які "праштрафіўся", з просьбай дапамагчы яму. Што, зразумела, аблягчала задачу аферысту па абалваньванні прасцякоў.

На "апрацоўку" людзей махляр, дарэчы, траціў шмат часу: размовы, у якіх агаворваліся сумы адкупных і спосаб іх перадачы, часам доўжыліся па паўгадзіны. Каб не даць сваім ахвярам часу на абдумванне сітуацыі, "следчы" таксама аператыўна прысылаў па грошы свайго памагатага, які з'яўляўся ў пацярпелых яшчэ падчас тэлефонных перамоў. А як толькі агавораныя сумы траплялі ў кішэні махляроў, на тым канцы проваду клалі трубку...

Размах, з якім "паляваў" на даверлівых кліентаў падазроны, уражвае: у прыватнасці, толькі 14 кастрычніка ён прымаў удзел у мінімум шасці падобных злачынствах. Так, у гэты дзень а палове дзясятай раніцы хітрун з дапамогай вышэйзгаданай махлярскай схемы завалодаў 7 тысячамі долараў ЗША ў жыхаркі вуліцы Сухараўскай. А ў 10, 11 і 13 гадзін тэлефанаваў гараджанам, якія пражываюць на вуліцы Гусоўскага і Лермантава, але безвынікова, бо людзі не купіліся на прапанаваную ім "легенду". Затое ў 15 гадзін на прынаду прайдзісвета патрапіў абанент на вуліцы Артылерыстаў і перадаў зламысніку 8 мільёнаў рублёў. А палове ж пятага вечара "прыгоды" іншаземца ў Беларусі скончыліся пасля таго, як яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі пасля ўчынення чарговага махлярства: на вуліцы Гая злодзей разжыўся 5 тысячамі долараў, але не паспеў з імі знікнуць: яго ўзялі на выхадзе з кватэры.

Паводле звестак ГУУС, ёсць падставы меркаваць, што разам з падазроным "працавала" група махляроў, і аферысты званілі мінчанам з мэтай нажывы нават з-за мяжы. Следства па гэтай справе працягваецца, і не выключана, што спіс падманутых аферыстамі людзей яшчэ далёка не поўны. Што ж датычыцца затрыманага, то на цяперашні момант у адносінах да яго заведзена шэсць крымінальных спраў.

Ігар ГРЫШЫН.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
21-гадовы грамадзянін Літвы падазраецца ва ўчыненні серыі махлярстваў у Мінску Зламыснік, распавёў карэспандэнту "Звязды" начальнік аддзялення інфармацыі і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (ЧП)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика