Паскардзіўся на... супрацоўнікаў медвыцвярэзніка. 21.by

Паскардзіўся на... супрацоўнікаў медвыцвярэзніка

23.02.2011 — ЧП |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Жыхар Полацка абвінаваціў работнікаў медвыцвярэзніка ў тым, што яны яго пабілі. У гарадскім аддзеле ўнутраных спраў пачалі разбірацца.

Мужчына, так бы мовіць, па поўнай "адрываўся" ў начным клубе. Шмат выпіваў. У выніку ледзь стаяў на нагах. І, як расказваюць ахоўнікі забаўляльнай установы, перашкаджаў спакойна праводзіць вольны час іншым наведнікам. Ахоўнікі ветліва папрасілі мужчыну пакінуць клуб. І ён пайшоў дамоў. Як потым высветлілася, пры выхадзе ўпаў з лесвіцы і атрымаў траўмы. Работнікі клуба, дарэчы, дапамаглі мужчыну падняцца і выйсці на вуліцу.

Па дарозе чалавек "пад мухай" некалькі разоў падаў. Супрацоўнікі міліцыі, якія ўбачылі нецвярозага, вырашылі яго адправіць у медвыцвярэзнік. Хай паляжыць, адпачне, ды і можа замерзнуць на вуліцы. Мужчына і не супраціўляўся асабліва, праўда, усё прасіў адпусціць дамоў.

Раніцай у медвыцвярэзніку кліент адчуў, што баляць у яго рэбры, ногі, рукі. Хто пабіў? Тут і пабілі? І напісаў заяву ў міліцыю. Пачаўся разбор.

Праз некалькі дзён "пацярпелы" сустрэў свайго знаёмага, з якім разам адпачываў у клубе, той пацікавіўся, як самаадчуванне пасля падзення з лесвіцы. І тут няшчасны пачаў прыпамінаць дэталі начной прыгоды. І сорамна стала, што абвінаваціў тых, хто яго і не крыўдзіў. Прыйшоў у гарадскі аддзел унутраных спраў і напісаў новую заяву. Маўляў, не хачу ніякага расследавання інцыдэнту, сам ва ўсім вінаваты. А колькі ўжо чалавек па яго справе апыталі, колькі часу і паперы змарнавалі...

Як паведаміў "Звяздзе" Павел Зайцаў, памочнік пракурора горада Полацка, з улікам усіх акалічнасцяў справы, таго, што даволі хутка мужчына паправіў сваю памылку, супраць яго не сталі заводзіць крымінальную справу за заведама падманны данос. У іншым выпадку мог бы быць асуджаны і заплаціць вялікі штраф: ад 50 да 1000 базавых велічынь. А так яго толькі аштрафавалі за знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

 

Абараніўся да смерці

Абараняючы жыццё і маёмасць, гаспадар прыватнага дома нанёс злодзею некалькі нажавых раненняў. Той памёр у бальніцы.

Каля трох гадзін ночы двое маладых людзей узламалі аконную раму ў прыватным доме 56-гадовага гамяльчаніна і сталі шукаць каштоўнасці ў пакоі. Вось толькі ў цемры выпусцілі на падлогу нейкі прадмет, ад чаго прачнуўся гаспадар. Мужчына выйшаў у пакой і адразу атрымаў удар па галаве відэамагнітафонам, а потым і аўдыятэхнікай. Пакуль гаспадар апамятаўся, зладзеі падперлі дзверы халадзільнікам і кінуліся ўцякаць. Але ў цемры замарудзіліся з брамкай і не змаглі яе адразу адчыніць. Раз'юшаны ад нахабства гаспадар здолеў адкрыць дзверы і схапіў кухонны нож. У споднім і басанож па снезе ён кінуўся даганяць. Аднаму са зладзеяў, 21-гадоваму раней судзімаму, ён трапіў спачатку ў сцягно, а потым у паясніцу і жывот. Маладыя людзі спрабавалі спыніць мужчыну крыкамі: "Мы ж свае!", але выратаваць начнога зладзюжку не атрымалася.

Супрацоўнікі міліцыі распачалі адразу дзве крымінальныя справы: па факце замаху на крадзеж у дачыненні да 21-гадовага загінулага і яго 23-гадовага таварыша і па факце наўмыснага прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання, што прывяло да смерці пацярпелага, — у дачыненні да домаўладальніка.

Як высветлілася, мужчыны сапраўды знаёмыя паміж сабой. Па словах затрыманага, яны спадзяваліся на моцны сон гаспадара. Той жа расказаў, што летась у яго ўжо быў аналагічны крадзеж. А цяпер, пасля ўдару па галаве, ён літаральна зайшоўся ад злосці і беспакаранасці начных "гасцей". Усё астатняе было як у тумане, нават холаду не адчуваў.

Начальнік Навабеліцкага РАУС Гомеля Мікалай Чарнавец гаворыць, што ў следчых органаў наперадзе карпатлівая праца па ўстанаўленні ўсіх абставін гэтых дзвюх крымінальных спраў, бо неабходна адказаць на няпростыя пытанні: ці было перавышэнне неабходнай абароны, ці знаходзіўся гаспадар у стане афекту — і ўлічыць іншыя спецыфічныя моманты.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

 

За азарт — да шасці гадоў турмы

Да шасці гадоў пазбаўлення волі пагражае паляўнічаму, які незаконна здабыў дзве еўрапейскія казулі.

Як расказаў Аляксандр Штура, часовы выканаўца абавязкаў начальніка следчага аддзялення папярэдняга расследавання Мядзельскага РАУС, інцыдэнт адбыўся днём у суботу. Супрацоўнікі Нацыянальнага парку "Нарачанскі" ездзілі з рэйдам па лясных угоддзях. Паблізу вёскі Задубенне яны ўбачылі паляўнічых, якія выходзілі з лесу. Вырашылі іх праверыць. Адзін пачаў уцякаць. Калі дагналі і праверылі яго сумкі, стала зразумела, чаму так паводзіў сябе 49-гадовы жыхар вёскі Парубкі: у сумках было 20 кілаграмаў мяса, скуры, галовы, капыты казуляў, 8 патронаў і паляўнічы нож.

Затрыманы патлумачыў, што яго пуцёўка заканчвалася назаўтра, і ён апошні раз выйшаў на паляванне. У лесе ўбачыў казулю, і палец "сам сабой" націснуў на курок. Хутка выбегла другая, і яе, у запале, таксама застрэліў.

У паляўнічага вялікі стаж і да гэта здарэння праблем з законам не было. Што падштурхнула яго стаць у адзін шэраг з браканьерамі — загадка. Урон, які ён нанёс дзяржаве — 4 мільёны 200 тысяч рублёў. Па факце незаконнага палявання заведзена крымінальная справа.

Аляксандр СЯНЮЦЬ.

 

Чатыры ахвяры чаду

Дым з акна двухпавярховага панэльнага дома ў вёсцы Шарыбаўка Буда-Кашалёўскага раёна пайшоў раніцай у нядзелю.

Калі выратавальнікі прыехалі, знайшлі закуранае памяшканне і пашкоджаныя агнём пасцельныя прыналежнасці ў пакоі. Гэтага хапіла, каб чатыры чалавекі атруціліся чадным газам і адправіліся на той свет. У доме, які належыць гамяльчаніну, жылі 50-гадовая жанчына, якая нідзе не працавала, з 24-гадовым сынам і 35-гадовым сужыцелем. Да іх у госці завітаў 44-гадовы мясцовы жыхар, які таксама нідзе не працаваў. Усе загінулыя прапісаны па розных адрасах і, са слоў суседзяў, злоўжывалі спіртнымі напоямі. Мяркуецца, што прычынай пажару стала неасцярожнасць пры паленні, гавораць у прэс-службе Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС. Напярэдадні ў Нароўлі атрымалася выратаваць дваіх грамадзян у аналагічнай сітуацыі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

 

 

 

 

 

 

 

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жыхар Полацка абвінаваціў работнікаў медвыцвярэзніка ў тым, што яны яго пабілі. У гарадскім аддзеле ўнутраных спраў пачалі разбірацца.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (ЧП)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика