Іх барацьба. 21.by

Іх барацьба

21.07.2010 10:51 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Калі б «тысячагадовы Рэйх» усё яшчэ існаваў, дык там адзначалі б цяпер вельмі важны, эпахальны юбілей — 85-годдзе выхаду ў свет працы Адольфа Гітлера «Mein Kampf». Піша Віталь Тарас.

За пасляваенныя гады з’явілася нямала твораў (пераважна ў жанры фэнтэзі), у якіх дзеянне адбываецца ў Трэцім рэйху, які перамог у Другой сусветнай вайне. Кульмінацыяй жанру, альбо пародыяй на яго стаў фільм Таранціна «Бясслаўныя вырадкі».

Між тым, альтэрнатыўныя варыянты гісторыі цалкам сур’ёзна разглядаюцца сучаснымі гісторыкамі і сацыёлагамі. І магчымасць перамогі гітлераўскай Германіяй над саюзнікамі ў вайне не адкідаецца імі як неверагодная.

Калі б «тысячагадовы Рэйх» усё яшчэ існаваў, дык там адзначалі б цяпер вельмі важны, эпахальны юбілей — 85-годдзе выхаду ў свет працы Адольфа Гітлера «Mein Kampf».

Замест Бібліі

18 ліпеня 1925 года ў Германіі быў апублікаваны першы том кнігі. Гітлер напісаў першую яе частку ў турме горада Ландсберг, дзе адбываў тэрмін за спробу дзяржаўнага перавароту (вядомага як «піўны путч» у Мюнхене). Дакладней будзе сказаць — Гітлер надыктаваў тэкст сваім паплечнікам па фашысцкім руху Эмілю Морысу і Рудольфу Гесу. Спачатку аўтар даў загаловак «Чатыры з паловай гады супраць маны, глупства і баязлівасці».

Але выдавец Макс Аман скараціў яго да двух словаў — «Мая барацьба».

Першы том быў прысвечаны ў асноўным біяграфіі Гітлера. Другі том, які называўся «Нацыянал-сацыялістычны рух», быў выдазены ў 1926-м — 1927 гадах.

Нямецкі пісьменнік Ліён Фейхтвангер адразу знайшоў у кнізе тысячы памылак, у тым ліку граматычных. Але гэта не перашкодзіла яе папулярнасці ў нацысцкай Германіі і па-за яе межамі. Да 1932 года, то бок яшчэ да таго, як Гітлер стаў канцлерам, было прададзена больш за 5 мільёнаў асобнікаў. Выйшлі яе пераклады на 11 мовах. Аўтар стаў мільянерам. А калі Гітлер прыйшоў да ўлады, яе пачалі выдаваць маладым на вяселле замест Бібліі.

Той, хто глядзеў «Звычайны фашызм» Міхаіла Рома, напэўна, запомніў фрагмент, дзе гаворыцца пра афіцыйнае ці, так бы мовіць, падарункавае выданне «Mein Kampf» на адмысловай паперы, у вокладцы з пазалочанай свіной скуры. Друкароў уважліва правяралі на чысціню крыві — да сёмага калена. Уласна кажучы, чысціня крыві, на падстве якой вызначаецца перавага арыйскай расы над усімі астатнімі, складае галоўны змест кнігі, якая стала сапраўднай бібліяй германскага нацызму.

Сёлета ў Расіі рашэннем Кіраўскага раённага суда Уфы кніга «Mein Kampf» была прызнана экстрэмісцкай. У судовым рашэнні гаворыцца, што кніга «выказвае мілітарысцкі светапогляд і апраўдвае дыскрымінацыю і знішчэнне неарыйскіх рас, адлюстроўвае ідэі, рэалізацыяй якіх стаў пачатак Другой сусветнай вайны».

Цяпер у Расійскай Федэрацыі, у тым ліку і ў рунэце, публікацыя кнігі забаронена.

Аднак, забарона падобных твораў зусім не спрыяе выкараненню экстрэмізму ў грамадстве. Хутчэй, наадварот — яна надае ім папулярнасці.

Напрыклад доўгі час пасля вайны дакументальны фільм кінарэжысёркі Лені Рыфеншталь (сучасніцы Гітлера) «Трыюмф волі», у якім прапагандуецца фашызм, быў забаронены ў Еўропе. Немцы першымі здагадаліся, што лепш гэты фільм паказваць у невялікіх аўдыторыях і адкрыта абмяркоўваць яго змест, чым хаваць ад публікі як нейкую містычную таямніцу і тым прыцягваць да яго нездаровую ўвагу. Гэты фільм, як і «Звычайны фашызм» Рома, варта паказваць па тэлебачанні, каб публіка магла рабіць для сябе пэўныя высновы.

Што тычыцца «Mein Kampf», дык змест гэтай кнігі, безумоўна, таксама варта ведаць. Праўда, няма сэнсу выдаваць яе масавым накладам, бо цалкам прачытаць яе нармальны чалавек наўрад ці здольны. І не толькі з-за аб’ёму, але з-занапышліва-безгустоўнай, псеўданавуковай, зануднай стылістыкі.

Кожнаму сваё

Хай чытач набярэцца крыху цярплівасці і прачытае хаця б некалькі абзацаў з раздзела «Народ і раса». (Гэты раздзел, дарэчы, найбольш вядомы. Яго лёгка можна знайсці ў інтэрнэце. Яго фрагменты не аднойчы цытаваліся ў кнігах на гістарычныя тэмы, афіцыйных падручніках, энцыклапедыях, дакументальных фільмах. Таму я рызыкну таксама прывесці некалькі цытат у перакладзе з расійскага выдання.)

«Ідэі гуманізму і пацыфізму сапраўды, мабыць, будуць цалкам дарэчы, калі вышэйстаячая раса папярэдне заваюе ўвесь свет і насамрэч стане панаваць над усёй зямлёй. Калі так паставіць пытанне, дык ідэі пацыфізма і гуманізма перастануць быць шкоднымі. Шкада толькі, што на практыцы такую хаду развіцця цяжка ажыццявіць і, урэшце, яна немагчымая».

«Не ў асаблівых інтэлектуальных дадзеных закладзена прычына культурных і будаўнічых здольнасцяў арыйцаў. Калі б арыец меў толькі гэтыя дадзеныя, яго роля была б больш разбуральнай, чым арганізуючай, бо сутнасць кожнай арганізуючай дзейнасці ў тым, што кожны асобны чалавек адмаўляецца ад адстойвання абавязкова свайго ўласнага пункту погляду і сваіх уласных інтарэсаў на карысць большасці людзей. Кожны асобны чалавек у гэтым выпадку атрымлівае тое, што яму належыць, толькі навакольнымі шляхамі — праз дабрабыт усяго грамадства. Асобны чалавек працуе ў гэтым выпадку не непасрэдна для сябе, а на карысць усім. І з гэтай мэтай ён сваю работу вядзе ў рамках агульнай работы ўсіх» . (Карацей кажучы, Arbeit macht frei. Дарэчы, цытата цалкам у духу марксізму-ленінізму, які Гітлер ненавідзеў і нястомна крытыкаваў.)

«Калі б яўрэі былі адны на гэтым свеце, яны непазбежна задыхнуліся б ва ўласным брудзе і памыях. Усё іх жыццё ператварылася б, імаверна, у суцэльную знішчальную барацьбу адно супраць аднаго. Хіба толькі ўласцівая ім баязлівасць і адсутнасць гатоўнасці да самаахвяравання ператварылі б іх уласную вайну ў камедыю. Неслушна было б таму з таго факту, што ў барацьбе супраць агульнага ворага ці, дакладней, у барацьбе за агульнае рабаванне яўрэі выступаюць салідарна, рабіць выснову, быццам яўрэям не чужы пэўны ідэалізм. Не. Яўрэямі і ў гэтым выпадку кіруе голы эгаізм (…)У яўрэяў не можа быць дзяржавы з пэўнай тэрыторыяй, бо такая дзяржава вымагае таго, каб раса, што яе насяляе, па-першае, вызначалася б пэўным ідэалізмам, а па-другое, мела б слушнае і здаровае ўяўленне, чым ёсць праца».

«Каб доўга весці жыццё паразіта на целе іншых народаў, яўрэям зноў-такі даводзіцца хаваць важнейшыя рысы свайго характара. Чым больш інтэлігентны кожны асобны яўрэй, тым хутчэй удаецца яму гэты падман. Справа даходзіць да таго, што значныя групы працоўнага народу, сярод якога жывуць яўрэі, сапраўды пачынаюць верыць, што перад імі француз ці англічанін, немец ці італьянец…»

«Канчатковай мэтай яўрэяў (…) ёсць перамога дэмакратыі альбо, у іх разуменні, парламентарызму. Сістэма парламентарызму найбольш адпавядае патрэбам яўрэяў, бо яна выключае ролю асобы і на яе месца ставіць колькасць, то бок сілу глупства, няздольнасці, баязлівасці».

Быццам бы адсюль вынікае, што дэмакратыя ёсць самым жахлівым яўрэйскім вынаходніцтвам Але праз некалькі старонак чытаем: «Самым страшным прыкладам (…) ёсць Расія, дзе яўрэі ў сваім фанатычным дзікунстве знішчылі 30 мільёнаў чалавек, бязлітасна перарэзаўшы адных, аддаўшы на нялюдскія пакуты голаду іншых, — і ўсё гэта толькі для таго, каб забяспечыць дыктатуру над вялікім народам невялічкай купкі яўрэйскіх літаратараў і біржавых бандытаў».

Спачуванні расійскаму народу

Тыя, хто адмаўляюць Халакост, павінны прызнаць відавочны факт: «Майн Кампф», уся «філасофія» Гітлера не проста заклікаюць, яны вымагаюць практычнага ажыццяўлення ў выглядзе генацыду. Як казаў сам фюрэр, калі б яўрэяў не было, давялося б іх выдумаць.

Спачуванні Гітлера «вялікаму расійскаму народу» не перашкодзілі яму ў той самай працы развіваць ідэі аб заваёве жыццёвай прасторы на Усходзе («Калі мы гаворым аб заваяванні новых земляў у Еўропе, мы, канечне, можам мець на ўвазе ў першую чаргу толькі Расію і тыя дзяржавы на ўскраіне, якія ёй падпарадкаваны»). А таксама казаць аб славянах як аб «недачалавеках». Ідэі Гітлера ў сканцэнтраваным выглядзе выказаў рэйхсфюрэр СС Генрых Гімлер у сваім выступленні ў Познані ў кастрычніку 1943: «Тое, што можа адбыцца з расійцам альбо чэхам, мяне абсалютна не цікавіць. Ці будуць яны жывымі ці здохнуць з голаду, як быдла, — для мяне мае значэнне толькі ў тым сэнсе, што асобы, якія належаць да гэтай нацыянальнасці, будуць нам патрэбны ў якасці рабоў (…) Мы, немцы, адзірныя ў свеце, хто добра ставіцца да жывёлаў. Мы будзем прыстойна ставіцца да гэтых людзей-звяроў. Аднак было б злачынствам перад уласнай крывёй клапаціцца аб іх…»

Нягледзячы на ўсё гэта, на расійскіх сайтах і ў блогах штодня можна бачыць дзясяткі выказванняў, якія наўпрост альбо ўскосна цытуюць выказванні Гітлера з «Майн Кампф» — кшталту тых, што прыведзены вышэй.

Але гэта сёння праблема не толькі расійцаў, якія ўсхваляюць Сталіна за тое, што ён знішчыў дыктатуру купкі «яўрэйскіх літаратараў», а пасля вайны ўвогуле намерваўся выселіць усіх савецкіх яўрэяў у Бірабіджан. Такім людзям няма сэнсу нешта тлумачыць.

Кепскі піяр

Нядаўні інцыдэнт у Міжземным моры, калі ізраільскі спецназаўцы пасля нападу на іх падчас дагляду карабля з «гуманітарным грузам», знішчылі некалькіх асабліва актыўных турэцкіх актывістаў-«гуманітарыяў», выклікаў шквал эмоцый. І не толькі ў Турцыі, але і ў Заходняй Еўропе. Некаторыя палітыкі, у тым ліку, сябры Еўрапарламента, выказвалі абурэнне. Сапраўды, якое права мае Ізраіль абараняць бяспеку дзяржавы і трымаць блакаду сектара Газа, каб туды не пастаўлялася зброя альбо дэталі, з якіх хамасаўцы вырабляюць ракеты «Касам». Яўрэі ж увогуле не могуць мець сваёй дзяржавы, а тым больш, абараняцца. Ізраіль для многіх, у тым ліку, на Захадзе, па-ранейшаму — нейкае геаграфічнае непаразуменне, адвечны раздражняльнік, асяродак зла.

Нехта з расійскіх журналістаў сказаў у эфіры, што інцыдэнт у моры «стварыў кепскі піяр Ізраілю». На што яго суразмоўца запярэчыў — а ў Ізраіля, як перад тым дзве тысячы гадоў у яўрэяў ва ўсім свеце, заўсёды быў выключна кепскі «піяр». Яны прызвычаіліся.

Са свайго боку, аднак, ізраільцяне няік не прыйдуць да думкі, што з палестынцамі рана ці позна трэба будзе дамаўляцца пра мір усур’ез і надоўга. Што ў іх, як і ва ўсіх народаў, таксама ёсць свае правы, свая гісторыя, свае нацыянальныя трагедыі. Але ж большасць ізраільцянаў не хоча нічога чуць пра халакост іншых народаў — напрыклад, цыган. У ізраільскіх падручніках па гісторыі не згадваецца генацыд армян. Каб не пакрыўдзіць Турцыю, якая да нядаўняга часу была саюзнікам Ізраіля на Блізкім Усходзе. (Але «крыўда» з турэцкага боку — ды яшчэ якая — ўсё адно, як вядома, узнікла).

Толькі нядаўна ў экспазіцыі музея Халакоста ў Яд-Вашэме з’явіўся зусім маленькі раздзел, прысвечаны ахвярам пераследу сексуальных меншасцяў у Трэцім рэйху…

І ўсё ж, калі ў краінах Еўропы караюць за прапаганду ідэй Гітлера ды адмаўленне Халакосту і адначасова вінавацяць Ізраіль за празмерную жорсткасць у адносінах да адкрыта фашысцкіх тэрарыстычных груповак, гэта ўжо не паліткарэктнасць. Гэта звычайная крывадушнасць і баязлівасць ліберальных палітыкаў.

Мабыць, трэба часцей звяртацца да «класікі жанру», якой ёсць «Mein Kampf».

Падзяліцца навіной: 
Віталь Тарас

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі б «тысячагадовы Рэйх» усё яшчэ існаваў, дык там адзначалі б цяпер вельмі важны, эпахальны юбілей — 85-годдзе выхаду ў свет працы Адольфа Гітлера «Mein Kampf». Піша...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика