Мікалай Аўтуховіч даслаў зьвесткі пра сябе з івацэвіцкай калёніі. Чаму Уладзімер Асіпенка спыніў перапіску з домам? Судзьдзі зноў зацікавіліся справай Андрэя Бандарэнкі.
Адвакат Павал Сапелка паскардзіўся на тое, што з-за турэмнай адміністрацыі сарвалася яшчэ адна спроба вылечыць зубы для Мікалая Аўтуховіча:
«Раней была дасягнутая дамоўленасьць, што Аўтуховіча прывязуць на лячэньне. Раней я запісаў яго на прыём да хірурга-стаматоляга ў адну з клінік. Але, на жаль, гэтыя дамоўленасьці парушылі і Мікалая не этапіравалі. Далей, як мне падаецца, становіцца праблемным такое лячэньне, бо я не магу зрываць працу мэдыцынскіх стаматалягічных устаноў. Ня першы раз ужо я запісваюся на прыёмы ад імя Аўтуховіча, а потым яго не прывозяць на лячэньне».
Паводле адваката, Мікалай Аўтуховіч здолеў перадаць кароткія зьвесткі пра сябе з карантыну Івацэвіцкай калёніі № 5:
«Дайшла інфармацыя, што зь ім усё нармальна, чакае нашай сустрэчы для працы па ягонай далейшай абароне».
Былы вайсковец з Ваўкавыску Ўладзімер Асіпенка, які быў асуджаны паводле адной справы зь Мікалаем Аўтуховічам, яшчэ ня вызваліўся. Вязень падпадае пад амністыю і разьлічвае выйсьці на волю да канца жніўня. Дачка Людміла Асіпенка кажа, што апошнія тры тыдні тата дамоў ня піша. Ад адваката Людміла ведае, што падрыхтоўка дакумэнтаў на амністыю для Ўладзімера Асіпенкі працягваецца:
«Яны чакалі адказу на запыты паводле пазоваў з судоў. На 20 ліпеня не было яшчэ адказаў. Магчыма, цяпер сытуацыя зьмянілася, нейкія камісіі, магчыма, засядаюць. Але дакладна не вядома, а тата ня звоніць і ня піша. Мы хваляваліся, я званіла ў калёнію. Там сказалі, што па тэлефоне даведак не даюць, але калі б было што дрэннае, то ужо б паведамілі. Відаць, проста стаміўся ад чаканьня».
Вязень Бабруйскай калёніі, прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка, паводле зьвестак ягонага бацькі Валера Бандарэнкі, пасьля галадоўкі ў ліпені набраў былую вагу, пачуваецца лепей. У змаганьні Бандарэнкі за вызваленьне такая навіна: судзьдзі Менскага гарадзкога суду, дзе разглядалася скарга Бандарэнкі, запатрабавалі для новага вывучэньня ягоную справу:
«Паводле нагляднай скаргі, якую падаваў Андрэй з адвакатам, яны чамусьці не прынялі рашэньня, хаця мусілі гэта зрабіць яшчэ два тыдні таму, а запыталі зноў справу. Магчыма, для разгляду. Вось усё, што ведаю».
Працу ў Бабруйскай калёніі Андрэй Бандарэнка не атрымаў.
Мікалай Аўтуховіч даслаў зьвесткі пра сябе з івацэвіцкай калёніі. Чаму Уладзімер Асіпенка спыніў перапіску з домам? Судзьдзі зноў зацікавіліся справай Андрэя...