Савецкая дачка прэзідэнта БНР. 21.by

Савецкая дачка прэзідэнта БНР

09.10.2010 23:09 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Рагнеда Аляхновіч — дачка «ворагаў народа». Яе бацька ўзначальваў беларускі ўрад на выгнанні, а маці рэпрэсавалі за нацыяналізм. У савецкія часы гэтага было дастаткова, каб цалкам «выпасці» з жыцця.

Яна — дачка Вінцэнта Жук-Грышкевіча і Ксені Лапіцкай. Бацьку савецкія карныя органы забралі, калі ёй было восем гадоў. Калі было трынаццаць — арыштавалі маці. У вайну адзін дзядзька — святар Мікалай Лапіцкі — выехаў на эміграцыю, іншы дзядзька — Іван Касяк — працаваў у Беларускай народнай самапомачы ў часе акупацыі, а пасля стаў палітэмігрантам. Як у такіх перыпетыях складаўся лёс спадарыні Рагнеды? Яна пра тое не ахвочая расказваць. Вядома, што за ўтойванне фактаў з біяграфіі ў 1951 м яе выключылі з універсітэта.

…Калі ў 1939 годзе камуністы прыйшлі ў Заходнюю Беларусь, Рагнеда была на вакацыях у сваякоў на Дзісеншчыне. «На пачатку верасня туды прыехала мама. Там мы і «вызваліцеляў» — Чырвоную армію — сустрэлі. А дадому, у Вільню, вярнуліся, калі там ужо гаспадарылі літоўцы (Сталін аддаў ім горад). Навучанне ва ўніверсітэце (мама была на пятым курсе агранамічнага факультэта) перавялі на літоўскую мову. Давялося ехаць ва Украіну, дзе яна скончыла агранамічны факультэт Львоўскай політэхнікі. Працавала аграномам на Львоўшчыне. «Там нас і заспела „Айчынная“ вайна, — прыгадвае спадарыня Рагнеда. — Вядома, скрушныя часы лягчэй перабываць сярод родных. Мама паходзіла з вёсачкі Засценкі каля Іжы (Вілейшчына). Таму, набыўшы з дапамогай Украінскай самапомачы патрэбныя дакументы, мы накіраваліся — дзе падводай, а дзе і цягніком — у Вілейку».

Ішоў 1944 год. Муж ваяваў у Італіі, пад Монтэ-Касіна. Але Ксеня Грышкевіч наўрад ці што ведала аб яго лёсе. Трэба было самой вызначацца з далейшым жыццём: падавацца на захад альбо чакаць прыходу камуністаў. Вырашыла ўцякаць. Ад’язджалі, як успамінае спадарыня Рагнеда, ці не апошнім цягніком — на адкрытай платформе.

Але дабраліся толькі да Вільні: Рагнеда захварэла на ангіну.

«Пакуль я хварэла, мама праводзіла ў няведамы свет свайго роднага брата, святара Мікалая Лапіцкага з сям’ёй, стрыечнага брата Івана Касяка. Мы ператрывалі ў Вільні савецкія ды нямецкія бамбёжкі, хаваліся з іншымі людзьмі ў сутарэннях, дзе мама, як магла, закрывала мяне сабою». Зноў вярнуліся ў Вілейку. Прытуліліся ў старой лазні. Дом, у якім раней мелі пакой, згарэў. Ксеня Грышкевіч пайшла працаваць у Абласны зямельны аддзел. У адзін жнівеньскі дзень яе з працы прывялі двое вайскоўцаў. Зрабілі ператрус. І забралі жанчыну. На адыходзе яна паспела сказаць дачцэ: «Я еду ў камандзіроўку. А цябе забярэ цётка Ніна». Але Рагнеда зразумела, што гэта была за камандзіроўка.

Некалькі дзён дзяўчынка прабыла ў лазні. Потым малодшая сястра маці забрала яе да сябе ў Іжу. Сваякі вырашылі Рагнеду вучыць. Нанялі для яе ў Вілейцы кватэру, падвозілі харчы. Так пачалася савецкая школа.

З раніцы яна хадзіла на ўрокі, а пасля заняткаў — з перадачай для маці — да турэмных муроў.

«Аднойчы, стоячы ля агароджы, я пабачыла маму. Яе вялі два энкавэдысты. Праходзячы каля мяне, яна ціха сказала: „Не плач. Ідзі дамоў. Я скора вярнуся“. Яшчэ адзін раз бачыла маму ў пачатку зімы. Арыштаваных ужо трымалі ў будынку турмы, а не ў прыбудове да яе, як да гэтага. Каб пабачыць чалавека, калі ён знаходзіўся ў адной з камер на другім паверсе, трэба было перайсці на процілеглы бок вуліцы і паглядзець уверх, на вокны вязніцы. Я так і зрабіла. Праз колькі часу я пабачыла маму. Яна ўзнімала ў руках клуначак, які я перадала. Потым адклала яго, згарнула рукі так, нібы мяне абдымала. Але турэмныя вокны закрылі шчытамі. Нават такой уцехі я больш не мела».

У лютым перадачы пачалі вяртаць. Маўляў, маці выбыла на этап. Рагнеда чакала вестак. Не дачакалася. Значна пазней ёй паведамілі, што падчас эпідэміі тыфу ў вязніцы маці памерла. І «брацкую» магілу паказалі на вілейскіх гарадскіх могілках.

«Ля самай агароджы — парослая зжаўцелай травою пустка. Крыху ўзбоч — столік і лаўка, фарбаваныя ў блакіт. Я паклала на сшэрхлую траву белыя і чырвоныя хрызантэмы — праз дзясяткі гадоў першыя кветкі на магілу маці. Памалілася за супакой душаў слугі Божае Ксені і ўсіх, хто спачывае ў гэтай братэрскай магіле».

Праз дзень, калі яна зноў прыйшла да магілы, не пазнала яе ўжо. «Трава была скошана і прыбрана, зніклі мае кветкі. Стала крыўдна, горка».

А ў 1945 годзе Рагнеда яшчэ хадзіла ў школу і спадзявалася на вяртанне маці. Са школьнага жыцця яна ўзгадвае выпадак, калі адміністрацыя паспрабавала арганізаваць вечар пытанняў і адказаў, у савецкім духу. «Свае цыдулкі мы мусілі кідаць у спецыяльную скрыню. Але гэты вечар так і не адбыўся. Бо ці ж можна было ў тыя часы даваць тлумачэнні на запыты кшталту: „Раскажыце, калі ласка, пра Залаты век на Беларусі“. Многія ў час акупацыі вывучалі гісторыю па падручніках Вацлава Ластоўскага. Справа, вядома, магла скончыцца ў засценках НКВД, але нашы педагогі ёй ходу не далі».

Яшчэ ў трынаццаць гадоў Рагнеда Грышкевіч захапілася паэзіяй. Да 10 класа ў яе назбіраўся цэлы сшытак з вершамі і паэмай пра казацкае паўстанне на Беларусі. Школьніца не мела з кім параіцца наконт сваёй творчасці і таму вырашыла звярнуцца адразу да Якуба Коласа.

«Мілая, слаўная Рагнеда! — пісаў народны паэт дзяўчынцы. — Толькі што прачытаў Вашу паэму, асноваю якой паслужыла для Вас народнае паданне… Сшытак з „Таямніцай руін“ я перасылаю Вам. Калі Вы на яго глянеце, то пабачыце, як многа ў ім чырвоных рыс. Падчыркнута ўсё, што трэба правіць. …Але не з поваду гэтых недахопаў я пішу Вам — у пільнай рабоце над сабою гэтыя недахопы будуць лёгка зжыты — мне было прыемна і радасна прачытаць». Такога адказу школьніца і не чакала. Затым былі яшчэ лісты ад Якуба Коласа.

Што стала з паэмай і вершамі Рагнеды?

«Сшытак з маёй паэмай „Таямніцы руін“ у мяне ўкралі ў студэнцкім інтэрнаце. І яго мне вельмі шкада, бо там былі праўкі, зробленыя Коласавай рукой. Калі мець на ўвазе, што ў 1951 м годзе пасля 3 курса мяне з універсітэта выключылі як дачку рэпрэсаваных, то няцяжка здагадацца, у архівах якой установы гэты сшытак, магчыма, і цяпер знаходзіцца».

З 1948 года Рагнеда Грышкевіч вучылася на беларускім аддзяленні філфака БДУ. Але як выключылі з універсітэта, на творчасці паставіла крыж.

Скончыць ВНУ змагла толькі пасля смерці Сталіна, завочна.

У біяграфічным апавяданні «Воўк прагне крыві» Вячаслаў Адамчык успамінаў выпадак з выключэннем Рагнеды як «маё першае, найбольш балючае адчуванне непарушнага, абвеянага пакорным страхам, сталінскага рэжыму, які неспатолена прагнуў чалавечай крыві».

…Рагнеда Аляхновіч прысвяціла сваё жыццё выкладанню роднай мовы і літаратуры. Ад настаўніцы да старшага навуковага супрацоўніка НДІ педагогікі — такі яе працоўны шлях. На пенсіі — з 1987 года. Бацька некалі раіў ёй замест філалогіі выбраць медыцыну. Але дачка не паслухалася. І, як сама прызнаецца, не шкадуе. А няспраўджаная натура паэта рэалізавалася ў дапаможніках — па творчасці Янкі Брыля і беларускай літаратуры ў школе.

Рагнеда Аляхновіч (Грышкевіч)

нар. у 1931 у Вільні. Дачка старшыні Рады БНР Вінцэнта Жук-Грышкевіча і рэпрэсаванай Ксені Лапіцкай. За ўтойванне фактаў біяграфіі аб бацьках была выключаная з БДУ ў 1951. Скончыла філфак пасля смерці Сталіна. Выкладала беларускую мову і літаратуру, працавала ў НДІ педагогікі.

Падзяліцца навіной: 
Сяргей Макарэвіч

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рагнеда Аляхновіч — дачка «ворагаў народа». Яе бацька ўзначальваў беларускі ўрад на выгнанні, а маці рэпрэсавалі за нацыяналізм. У савецкія часы гэтага было...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика