Запланавана выданне шматтомнай «Гісторыі Беларусі»
24.11.2010 15:53
—
Разное
|
На 2011—2015 гады Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі запланаваў выданне шматтомнай "Гісторыі Беларусі", паведаміў 24 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Мінску выканаўца абавязкаў дырэктара дзяржаўнай навуковай установы, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вячаслаў Даніловіч. Паводле яго слоў, неабходна з новых пазіцый на грунце нацыянальна-дзяржаўнай ідэалогіі паглядзець на айчынную гісторыю ад старажытнасці да сучаснасці. Гаворка ў тым ліку ідзе і пра формы дзяржаўнасці, якія існавалі на тэрыторыі Беларусі на працягу стагоддзяў — ад Кіеўскай Русі, Полацкага і Тураўскага княстваў, Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі да нацыянальных форм дзяржаўнасці, уключаючы Беларускую Народную Рэспубліку, БССР і Рэспубліку Беларусь, сказаў навукоўца. Уключэнне беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі спыніла паланізацыю, якая адбывалася ў часы Рэчы Паспалітай, што паспрыяла крышталізацыі беларускага народа і беларускай нацыянальнай ідэі, якая пачала развівацца ў часы знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай імперыі, лічыць Даніловіч. Вучоны выказаў спадзяванне, што на пачатку 2011 года выйдзе ў свет двухтомная калектыўная праца айчынных даследчыкаў "Гісторыя беларускай дзяржаўнасці. Канец XVIII — пачатак XXI стагоддзяў",у якой прааналізаваныя перадумовы фарміравання беларускай нацыянальнай ідэі і этапы станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Паводле яго слоў, у сувязі з тым, што ў 2011 годзе будзе адзначацца 20-годдзе Рэспублікі Беларусь, кіраўніцтва навуковай установы разам з аддзяленнем гуманітарных навук і мастацтваў НАНБ ініцыявала правядзенне 29—30 чэрвеня наступнага года міжнароднай навуковай канферэнцыі "Рэспубліка Беларусь. 20 год незалежнасці". Плануецца, што ў мерапрыемстве возьмуць удзел не толькі гісторыкі, але і філосафы, эканамісты, сацыёлагі, палітолагі, культуролагі і іншыя зацікаўленыя спецыялісты, што дазволіць усебакова разгледзець і прааналізаваць найноўшую гісторыю краіны, сказаў Даніловіч. Падчас прэс-канферэнцыі працавала выстава навуковых выданняў — зборнікаў, манаграфій і энцыклапедый па тэме "Беларуская дзяржаўнасць і ваенная гісторыя ў даследаваннях вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі". Падзяліцца навіной:
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чаму? «Неабходна з новых пазіцый на грунце нацыянальна-дзяржаўнай ідэалогіі паглядзець на айчынную гісторыю ад старажытнасці да сучаснасці».
|
|