«Я зразумеў: усё трэба мяняць, і чым хутчэй, тым лепш». 21.by

«Я зразумеў: усё трэба мяняць, і чым хутчэй, тым лепш»

02.12.2010 14:43 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Раман мог бы стаць героем сучаснай «Аповесці пра сапраўднага чалавека». З’яўляючыся абезрухоўленым, ён даказаў, што ў гэтым свеце няма нічога немагчымага, стаўшы паспяховым бізнэсоўцам, класным фатографам і ўладальнікам папулярнага мадэльнага агенцтва.

Гэтая паездка не абяцала нічога асаблівага. Аднак менавіта яна прымусіла мяне паверыць у бязмежнасць магчымасцяў чалавека. Пытанне толькі ў тым, як моцна мы хочам дасягнуць жаданага…

Па дарозе ў польскі горад Вроцлаў мае невыпадковыя спадарожнікі наперабой распавядалі аб унікальнасці фатографа Рамана. Свае словы яны падмацоўвалі нагляднымі прыкладамі — здымкі і праўда былі выдатныя. І галоўнае, што мяне ўразіла: створаныя вобразы гіпнатызавалі, нібы ад іх ішла нейкая асаблівая энергія.

Сустрэчу Раман нам прызначыў ва ўласным мадэльным агенцтве, размешчаным у цэнтры горада. Вялікае памяшканне, дзе ёсць усё неабходнае для працы: грымёрка, касцюмерны пакой, фотастудыя, гасцёўня і офіс. Як расказаў нам гасцінны гаспадар, агенцтва ён стварыў у 1997 годзе. І спачатку вельмі шкадаваў аб гэтым, бо не мог надаваць свайму стварэнню належнай увагі.

Але потым усё змянілася, і сёння гэтая подыум-школа — адно з самых паспяховых мадэльных агенцтваў Польшчы. Выхаванкі Рамана часта ўпрыгожваюць вокладкі такіх папулярных заходніх часопісаў, як «Vogue» і «Elle», удзельнічаюць у разнастайных тыднях модаў.

Здымкі праходзілі ў зусім новай для мяне абстаноўцы. Усю механічную працу выконваў асістэнт, хлопец 18–20 гадоў, які атрымліваў неабходныя рэкамендацыі па ракурсе, святле і рэзкасці ад Рамана, які кіраваў здымкамі. Я заўважыла, як пільна сачылі за намі вочы гэтага чалавека, напоўненыя нейкай шчаслівай тугой.

Пазней Раман расказаў нам, пра што думаў у той момант: «Жывем у суседніх краінах, а такое адчуванне, што мы з розных планет. Мне даўно не даводзілася працаваць з такім задавальненнем. А ўсё таму, што гэты бізнэс ператварыўся ў суцэльнае спаборніцтва. Эмоцый — нуль, толькі прага нажывы… А вы, беларусы — зусім іншыя: шмат усміхаецеся, жартуеце, ператвараючы працу ў адпачынак. Вы для мяне — глыток свежага паветра».

Другі, заключны дзень нашай працы, падыходзіў да канца. Усе былі ў выдатным настроі, бо вынік пераўзыходзіў чаканні. Па заканчэнні фотасесіі Раман запрасіў нас ў свой загарадны дом на кубак кавы.

Машына збочыла з дарогі, залітай сонечнымі промнямі, у сад, густа засаджаны бярозамі, карлікавымі хвоямі, пахучымі кветкамі і напоўнены спевам птушак, якія хаваюцца ў цені пухнатых крон. Дом быў невялікім, але ўтульным. Усё тут дыхала спакоем і любоўю, схіляла да даверлівай гутаркі…

Раман разгарнуў стары альбом і пачаў гаварыць:

«Я вельмі хачу паказаць адну фатаграфію… Я часта гляджу на яе і ўзнаўляю ў памяці ўсе, нават нязначныя, падзеі таго дня. А дакладней, некалькіх хвілінаў пасля таго, як быў зроблены гэты здымак. На фота малады хлопец, які сядзіць на беразе возера ў шумнай кампаніі сяброў. Ён усміхаецца, трохі жмурачыся ад яркага ліпеньскага сонца, якое ў той дзень было асабліва бязлітасным.

Праз некалькі хвілін хлопец вырашыць выкупацца, увойдзе ў ваду на дастатковую глыбіню і нырне, папярэдне падскочыўшы так, як рабіў гэта шмат разоў менавіта тут, на гэтым самым месцы. Але эфектнага пагружэння ў ваду не атрымаецца…

Праз некалькі імгненняў яго падхопяць з вады рукі сяброў, якія заўважаць нешта не тое. Усё як у сне: шум у вушах, усхваляваныя твары, мітусня… І хуткая, якая прыехала толькі праз дзве гадзіны. Пазней дактары вынесуць свой прысуд: праз пералом пазваночніка ён больш ніколі не зможа хадзіць, яго рукі таксама будуць паралізаваныя, і няма ніводнага шанцу нешта выправіць…

Як жа балюча сёння ўсведамляць, што гэты хлопец на фатаграфіі — я. І што калісьці ўсё было па-іншаму»…

Пакуль мы разглядалі фатаграфію, апавядальнік працягваў: «Шэсць месяцаў, праведзеныя ў шпіталі з гіпсам на ўсіх канечнасцях, пажаўцелая столь перад вачыма раніцай і ўвечары, прусакі, што бегалі каля майго ложку, і ўсведамленне таго, што ўсмешлівага хлопца на беразе возера больш ніколі ўжо не будзе, зрабілі сваю справу. Я быў у глыбокай дэпрэсіі, перажыць якую мне дапамог той дзень, калі мяне неслі на насілках праз двор у іншы корпус бальніцы. Гэта была першая прагулка за паўгода. Сонца прабівалася праз лісце каштанаў, я адчуваў цяпло яго праменьчыкаў на твары, пылок квітнеючых раслін казытаў мой нос — і свежае паветра… Нарэшце свежае паветра…

Гэта дапамагло мне адарвацца ад дна той прорвы, з якой, як тады здавалася, ужо ніколі не ўдасца выбрацца. Я зразумеў: усё трэба мяняць, і чым хутчэй, тым лепш.

Я кінуў рэабілітацыю, бо лічыў яе марнаваннем часу, і аднавіўся ва ўніверсітэце, жадаючы даказаць не толькі навакольным, але і ў першую чаргу самому сабе, што змагу атрымаць дыплом юрыста нароўні з усімі. Старанна вучыў нямецкую і ангельскую, якім раней не надаваў належнай ўвагі. Але нягледзячы на ўсе намаганні, бачыў вакол сябе толькі жаль, які межаваў з паблажлівасцю. Так, на экзамене для таго, каб атрымаць пяць балаў, мне дастаткова было адказаць на пытанне, хто адкрыў Амерыку.

Зламаць гэты стэрэатып я тады так і не здолеў. А таму і дыплом юрыста ўсё ж не дапамог самасцвердзіцца. Сабой я быў незадаволены…

Наступны яркі ўспамін звязаны з 1985 годам. Мне 24 гады, і на адной з галоўных вуліц Франкфурта я прадаю велікодныя яйкі з алешыны, зробленыя на маю замову рукамі вроцлаўскіх умельцаў. Гэты няхітры занятак прыносіць сямікротны прыбытак, бо закупляў тавар я вельмі танна. Напярэдадні будучага свята яйкі разляталіся, як гарачыя піражкі. За некалькі паездак удалося прадаць тысячы яек, дзякуючы чаму ўжо да наступнага Вялікадня я купіў сабе «Мерсэдэс».

Быў і яшчэ адзін круты паварот у маім жыцці. Разам з сябрам Марыюшам, якія сядзеў ля майго ложку, мы ламалі галаву над тым, як зарабіць грошы, каб пачаць агульны бізнэс. Гэта быў канец 1980-х — час, калі ў Польшчы можна было прадаць многае. І мы пачалі закупляць у Германіі электратавары, курткі, джынсы і прадаваць гэта ў нас, у Польшчы. Справы ішлі лепш, чым мы маглі сабе ўявіць. Неўзабаве мы адкрылі ў Вроцлаве некалькі кандытарскіх з уласнай пякарняй.

Праз некаторы час Марыюш ўсё часцей пачаў гаварыць, што марыць пра ўласны банк. Тады я сказаў яму: «Гэта цудоўна, але я не рызыкну гэтым займацца «. А Марыюш рызыкнуў, і цяпер фігуруе ў спісе самых багатых людзей Польшчы: яго «Еўрабанк» — адзін з самых надзейных польскіх банкаў. Мы і сёння вельмі сябруем, проста кожны абраў сваю дарогу.

Так сталася, што ў пачатку 1990-х я пачаў сур’ёзна займацца прамысловай нерухомасцю. За некалькі гадоў мы змаглі зарабіць добрыя грошы, але ў гэтым бізнэсе я страціў некалькі старых сяброў. Шмат хлусні, падробленыя рахункі, неабгрунтаваныя прэтэнзіі… Напружанасць расла, і ў выніку мне давялося пакінуць гэтую гульню — ужо занадта вялікія былі стаўкі…

Ну, а потым у мяне з’явілася маё цяперашняе дзіця — мадэльнае агенцтва.

Тут жыццё віруе: бясконцая чарада фатографаў, стылістаў, мадэляў, візажыстаў і патэнцыйных замоўнікаў. Я люблю гэтую атмасферу і атрымліваю задавальненне ад таго, што раблю.

Бо гэта вялікае мастацтва — заўважыць у натоўпе незвычайны твар і потым аднавіць усю яго непаўторнасць на фатаграфіі. Тым больш што большасць дзяўчат прыходзяць да мяне закамплексаванымі падлеткамі, праз насмешкі аднакласнікаў яны не ўсведамляюць сваёй унікальнасці.

Але праходзіць крыху часу, і на змену комплексам прыходзяць самаўпэўненасць і пачуццё перавагі. Калі я заўважыў гэтую заканамернасць, у штаце майго мадэльнага агенцтва адразу ж з’явіўся псіхолаг, задача якога — душыць у дзяўчат гэтую ганарыстасць на ранняй стадыі. Бо ўсе мае выхаванкі вельмі дарагія мне і горача любімыя. Мы з імі як адна сям’я…

А быў жа час, калі ідэя стварэння мадэльнага агенцтва здавалася мне дзіцячай. Пазней я зразумеў, што гэта таксама добры бізнэс. Да таго ж я магу вучыць… Некалькі гадоў запар я бяру стажораў, якіх бясплатна навучаю рамяству фатографа. Неўзабаве хлопцы робяцца прафесіяналамі, і я адпускаю іх «у вольнае плаванне», пасля чаго набіраю новых.

Вядома, я не мог рабіць нічога адзін, таму побач са мной заўсёды мой малодшы брат Пётр і сябры, якія ва ўсім дапамагаюць. Мой мабільны тэлефон не змаўкае, электронная пошта заваленая лістамі, а ў галаве велізарная колькасць планаў і ідэй, якія я спадзяюся рэалізаваць. Я заўсёды казаў і гатовы паўтарыць гэта яшчэ раз: «У жыцці не павінна быць месца для льготных тарыфаў, бо яно не залежыць ад наяўнасці ў ім інваліднай каляскі».

Пётр паднёс да вуснаў Рамана кубак гарбаты. Мы маўчалі. Думаю, што ў той момант думкі ўсіх гасцей, якія сабраліся ў пакоі, былі пра адно… Не, ніхто з прысутных не насмеліўся б зрабіць спачувальны твар — занадта ўжо моцны духам быў чалавек, які сядзіць у інвалідным крэсле.

Калі Раман праводзіў нас на вакзал, ён паабяцаў, што абавязкова прыедзе ў Беларусь, якую завочна палюбіў пасля знаёмства з намі…

Падзяліцца навіной: 
Вольга Хіжынкова, «Салідарнасць»

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Раман мог бы стаць героем сучаснай «Аповесці пра сапраўднага чалавека». З’яўляючыся абезрухоўленым, ён даказаў, што ў гэтым свеце няма нічога немагчымага,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика