Афіцыйнае «Царкоўнае слова» публікуе шматлікія лісты з заклікам вызваліць арыштантаў
08.01.2011 00:00
—
Разное
|
Прапануем Вашай увазе матэрыял з афіцыйнага выдання Беларускай праваслаўнай царквы. «На працягу апошніх дзён у рэдакцыю прыходзяць лісты нашых чытачоў, звязаныя з падзеямі 19 снежня на плошчы Незалежнасці ў Мінску. У гэтых лістах — трывога і занепакоенасць лёсам зняволеных, клопат аб стане здароўя пацярпелых, просьбы да Мітрапаліта Філарэта здзейсніць місію міратворчасці, міласэрнасці і яднання ў беларускім грамадстве. Сапраўды, святым абавязкам Царквы ва ўсе часы быў клопат пра тых, хто ў няволі, горасцях, пакутах і нястачы. I лісты веруючых — гэта сведчанне таго, што Царква ніколі не заставалася ў баку ад бед народа, а малітоўна падзяляла з ім і радасці, і смутак. Узносячы малітвы «аб міласці, спакоі, прабачэнні» усяго народу і кожнага чалавека, Царква заклікае нас да з’яднання дзеля міласэрнасці і любові Божай, каб стаць на шлях міру, дабра і браталюбнасці. Прыводзім вытрымкі з некаторых лістоў. Ваша Высокапраасвяшчэнства! Зважаючы на Ваш аўтарытэт,як сярод веруючых Праваслаўнай Царквы, так і сярод людзей іншых канфесій і веравызнанняў, і на тое, што ў часе скрухі менавіта ад хрысціян чакаюць найбольшай мудрасці і разважлівасці, якія даюцца нам Богам, а з імі — і навучэння, як выйсці на той шлях, што не завядзе грамадства ў гушчар грахоў і беззаконня, а прывядзе да праўды і любові, якою ёсць Хрыстос. Просім Вас заклікаць палітычных апанентаў да міласэрнасці, дабрыні і чалавекалюбства, даравання правінаў, просім хадайнічаць аб вызваленні і спыненні спраў супраць усіх зняволеных, каб светлае свята Божага Нараджэння яны маглі сустрэць дома разам са сваімі сем’ямі ў радасці ды згодзе і не баяліся далейшых затрыманняў або зняволення. Просім хадайнічаць за ўсіх затрыманых студэнтаў і працоўных, каб яны не былі адлічаны са сваіх навучальных устаноў ці пазбаўлены сваіх працоўных месцаў, за ўсіх хворых і збітых, каб ім была аказана належная медыцынская дапамога. Бо толькі так, праявіўшы хрысціянскую міласэрнасць, мы зможам спыніць хвалю нянавісці і супрацьстаяння ды аднавіць спакой і братнюю любоў як у нашым грамадстве, так і ў нашых душах». Ад імя маладых праваслаўных веруючых Таццяна Міхайлоўская Мы, вернікі Рэспублікі Беларусь, звяртаемся да Васз просьбай аб малітве за тых, хто зараз знаходзіцца ў турмах, пасля падзей 19 снежня 2010 года ў нашай краіне. Сярод затрыманых ёсць цяжка хворыя, людзі сталага ўзросту, жанчыны і маладыя людзі. Улічваючы Ваш аўтарытэт, просім Вас звярнуцца да кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, каб у гэты святочны час, паміж Каталіцкім і Праваслаўным Раством, была праяўлена міласэрнасць, дабрыня і вызвалены датэрмінова ўсе затрыманыя. Каб яны вярнуліся ў свае сем’і, да сваіх родных, каб разам сустрэць Божае Нараджэнне. Просім Вас ініцыяваць дыялог і выступіць пасярэднікамі паміж кіраўніцтвам краіны і апанентамі ўлады, каб было знойдзена разумнае і гуманнае выйсце з гэтай сітуацыі, каб мір і супакой былі на нашай беларускай зямлі. Сем’і Андросік, Арэшкаў, Ваюшыных, Коваль, Мартыненка, Мяльгуй, Супрановіч Ад імя прадстаўнікоў беларускай навуковай і творчай інтэлігенцыі, праваслаўных веруючых просім Вас, дарагі Уладыка, звярнуцца да кіраўніцтва нашай краіны з хадайніцтвам і просьбай праявіць міласэрнасць да ўсіх людзей, зняволеных у сувязі з шэсцем ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці У святыя дні Ражджэственскага посту ўвесь хрысціянскі свет шчодра праяўляе любоў Хрыстову і здзяйсняе справы ўзаемапрабачэння і міласэрнасці да бліжніх. У гэтыя дні святым абавязкам Царквы з’яўляецца заклік да еднасці, грамадзянскага міру і міласэрнасці, якія толькі і здольны пераадолець размежаванні і прынесці сапраўдны мір і спакой у нашы сем’і і грамадства. Народ Божы штодзень моліцца ў храмах «за краіну нашу, улады і воінства яе», а таму Царква мае права прасіць улады прыслухацца да нашага голасу як часткі народа, каб здзейсніць справу міласэрнасці і вызваліць зняволеных з заключэння, бо яны не ўяўляюць сабою пагрозы для іншых людзей. Такі жэст добрай волі з боку ўлады паспрыяе ўсталяванню ўзаемадаверу, узаемаадказнасці і ўзаемадзеяння дзяржавы з рознымі слаямі грамадства. Што прывядзе да ўзаемаразумення, салідарнасці і пошуку шляхоў развіцця нашай Бацькаўшчыны. Такія дзеянні маюць асаблівае значэнне цяпер, напярэдадні Ражджаства Хрыстовага, перад абліччам Богадзіцяткі Хрыста, Які прыходзіць у свет і яўляе міласць Сваю да ўсіх: дабрадзейных і грэшных, тых, хто праведны і хто памыляецца. I калі ў гэтыя святыя дні мы здолеем узняцца над палітычнымі і ідэйнымі падзеламі і з’яднаць свае сэрцы дзеля міласці і любові Божай, то можам спадзявацца, што Гасподзь дапаможа народу нашаму пераадолець спакусы і цяжкасці, каб стаць на богаўгодны шлях міру, дабра і браталюбнасці. Старшыня Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў Мікалай Матрунчык На нашай зямлі вялікае гора, большае, чым пажары і навадненні ў іншых краінах. Больш за 600 чалавек апынуліся ў турме,сярод іх хрысціяне, прыхаджане нашых храмаў. Пакутуюць іх дзеці і бацькі. Нашага спачування і нашых слабых малітваў тут недастаткова. З гісторыі Царквы мы ведаем, што ўменнем сунімаць спрэчкі і прыпыняць звады славілася святая Еўфрасіння Полацкая. Прападобны Феадосій Пячэрскі выкрываў грахі міранаў і павучаў князёў, заступаўся ў судзе за пакрыўджаную ўдаву, вазіў хлеб вязням у астрог, будаваў дом для бязродных. Святы Сергій Раданежскі прайшоў пешкі 200 вёрст дзеля сустрэчы з князем Алегам Бранскім, пасля якой князь, перамяніўшы лютасць на лагоднасць, памірыўся з Дзімітрыем Данскім. Ваша Высокапраасвяшчэнства, мы просім Вашых святых малітваў за пацярпелых і зняволеных, а таксама Вашага хадайніцтва перад уладамі аб праяўленні міласэрнасці адносна зняволеных дзеля ўсталявання міру і спакою на зямлі нашай». Ганна Дораш, прыхаджанка Падзяліцца навіной:
МБ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прапануем Вашай увазе матэрыял з афіцыйнага выдання Беларускай праваслаўнай царквы. «На працягу апошніх дзён у рэдакцыю прыходзяць лісты нашых... |
|