Востраў зялёных скарбаў. 21.by

Востраў зялёных скарбаў

31.03.2011 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Цэнтральным батанічным садзе, які адкрыты для наведвальнікаў круглы год, прыжыліся тысячы раслін з усяго свету. Гэта сапраўдны музей-лабараторыя пад адкрытым небам і ў аранжарэях.
Востраў зялёных скарбаўСёлета ўпершыню наведвальнікі Цэнтральнага батанічнага сада Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі маюць магчымасць палюбавацца, як зацвітаюць там першыя кветкі вясны. Раней, нагадаю, з 1 лістапада па 30 красавіка сад зачыняўся, у зімовы сезон працавала толькі экспазіцыйная аранжарэя.
У адной з найстарэйшых батанічных устаноў краіны, здаецца, жыве сама гісторыя. Не ўсе ведаюць, што да 1918 года землі гэтыя належалі спачатку роду Радзівілаў, затым — шляхецкаму роду Ваньковічаў. У адвечны Камароўскі лес гараджане любілі прыязджаць, каб атрымаць асалоду ад цішыні, назбіраць грыбоў і ягад. У 20-я гады тэрыторыя ўвайшла ў склад горада, побач збудавалі Усебеларускі стадыён (цяпер Палац воднага спорту), заклалі Парк культуры і адпачынку (Парк Чалюскінцаў), у сасновым бары была і першая Усебеларуская сельскагаспадарчая і прамысловая выстаўка. І толькі ў 1932 годзе на тэрыторыі выстаўкі паводле спецыяльнага генплана пачаў фарміравацца Цэнтральны батанічны сад. Дарэчы, у класічным французскім стылі: з прамымі сцежкамі, строга геаметрычнымі па форме кветнікамі, радавой пасадкай дрэў і кустоў.
“Тады галоўнае было — пашыраць калекцыі раслін, для гэтага насенны матэрыял паступаў з многіх краін і кантынентаў, — расказвае навуковы сакратар Цэнтральнага батанічнага сада кандыдат біялагічных навук Міхаіл Матыль. — І сёння ў нашай калекцыі амаль 10 000 відаў раслін, гэта дваццатая частка ўсёй сусветнай флоры!”
Ды ўнікальнасць Цэнтральнага батанічнага сада, як лічыць М. Матыль, нават не ў колькасці відаў — у іх якасці. Як правіла, тлумачыць, батанікі іншых краін збіраюць калекцыі асобных відаў, напрыклад, кактусаў, ружаў. А ў Мінску наведвальнік можа пабачыць расліннасць амаль з усіх рэгіёнаў свету.Востраў зялёных скарбаў
Парадная частка Батанічнага — гэта, вядома ж, цэнтральны партэр, ад якога веерам расходзяцца розныя алеі: кляновая, бярозавая, дубовая, ясянёвая, яловая, ліпавая, туевая, чаромхавая, яблыневая. Яны, дарэчы, і падзяляюць усю тэрыторыю на геаграфічныя сектары, і Еўропа, Паўночная Амерыка, Далёкі Усход, Сібір, Крым, Каўказ прадстаўлены характэрнай для іх расліннасцю. Але асноўная частка калекцый — гэта спецыялізаваныя экспазіцыі. Асаблівай папулярнасцю ў мінчан і гасцей нашай сталіцы карыстаецца адкрытая ў 2007 годзе экспазіцыйная аранжарэя: футурыстычны будынак нагадвае касмічную лабараторыю. На плошчы звыш 1200 квадратных метраў растуць алеандры, агавы, мірты, азаліі — усяго больш за 500 экзатычных відаў цеплалюбных раслін з розных кантынентаў.
Цяпер ёсць у Батанічным садзе і куток Германіі. Яго план спецыяльна распрацавала Вівіянэ Шміт Нойербург, батанік па прафесіі, жонка аднаго з супрацоўнікаў пасольства Германіі ў Беларусі.
Унікальная для Беларусі і аранжарэя цытрусавых, дзе растуць, даюць плады лімоны, мандарыны, апельсіны, грэйпфруты, папайя. Мне, напрыклад, глянуўся адмысловы гатунак лімонаў “Рука Буды”. Многія, дарэчы, пад час экскурсіі хочуць дакрануцца да экзота — як запэўніваюць батанікі, тады можна загадаць жаданне, якое абавязкова спраўдзіцца.
Батанчны сад сёння — не толькі любімае месца адпачынку гараджан і гасцей Мінска, але і вядучы навуковы цэнтр у галіне інтрадукцыі, ці акліматызацыі, раслін. Гэта, па сутнасці, вялікая лабараторыя пад адкрытым небам. Вучоныя тут ставяць доследы, распрацоўваюць як тэарэтычныя асновы, так і метады выкарыстання сусветных раслінных рэсурсаў для патрэб народнай гаспадаркі. І ёсць вялікая заслуга батанікаў у тым, што ў апошнія гады харашэюць беларускія гарады і пасёлкі, з’яўляюцца цікавыя раслінныя аб’екты ў парках, новыя алеі, газоны і кветнікі.Востраў зялёных скарбаў
“Замяніць дарагі імпартны раслінны матэрыял, стварыць уласную сыравінную базу — гэта было нашай першай задачай, і мы яе паспяхова вырашылі, — з гонарам гаворыць М. Матыль. — А цяпер мы распрацоўваем метады вылучэння біяактыўных рэчываў, якія ёсць у інтрадуцыраваных раслінах. Яны будуць выкарыстоўвацца ў харчовай, фармацэўтычнай прамысловасці. У гэтым кірунку Батанічны сад пачынае актыўна супрацоўнічаць з В’етнамам. Важныя таксама для нас кантакты, сумесныя праекты з калегамі ў Польшчы, Германіі, Расіі, Венгрыі, Вялікабрытаніі па пытаннях інтрадукцыі ў Беларусі тых тэхнічных раслін, якія здольныя назапашваць у біямасе максімальную колькасць калорый і могуць быць эфектыўна выкарыстаныя ў якасці таннага паліва”.
Дарэчы, цяпер у Беларусі ёсць шэсць батанічных садоў. Яны маюць розную значнасць, але ўсе — тэрыторыі беражлівай аховы і ўліку раслін.

Іна Ганчаровіч

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Цэнтральным батанічным садзе, які адкрыты для наведвальнікаў круглы год, прыжыліся тысячы раслін з усяго свету. Гэта сапраўдны музей-лабараторыя пад адкрытым...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА

© 2004-2020 21.by
Яндекс.Метрика