Год таму пайшоў ад нас Анатоль Дарафееў
24.08.2011
—
Разное
|
Год таму перастала біцца сэрца Анатоля Максімавіча Дарафеева — выдатнага навукоўца, эколага, настаўніка, краязнаўца, грамадскага дзеяча, публіцыста Яго не стала ў спякотным ліпені мінулага года. Ён толькі вярнуўся з заказніка “Сіньша” — са сваёй апошняй экспедыцыі, прайшоўшы пехатой шмат кіламетраў па лесабалотных угоддзях. Як заўжды прылёг адпачыць у сваім улюбёным райскім куточку — на дачы на ўскрайку Віцебска — і заснуў спакойным вечным сном у цішы зялёнага саду... Анатоль Максімавіч Дарафееў нарадзіўся ў вёсцы Лажані Гарадоцкага раёна ў жніўні 1941 года ў сялянскай сям’і. Сёлета мог бы адзначыць сваё сямідзесяцігоддзе. Лёс, на жаль, вырашыў інакш. Але ж, як кажуць, чалавек жыве, пакуль жыве памяць аб ім. І як не ўзгадаць сапраўднага патрыёта сваёй краіны, шчырага беларуса, які з асаблівай павагай ставіўся да нацыянальных традыцый, роднай культуры і мовы?! Як не ўзгадаць апантанага абаронцу роднай прыроды і ўсяго жывога на зямлі?! У дадатак да прафесійных дасягненняў і пасад ён быў надзейным сябрам, мужам, бацькам, дзядулем. За сваё жыццё Анатоль Дарафееў паспеў зрабіць шмат добрых спраў. Напрыклад, па яго ініцыятыве былі аб’яднаны абаронцы навакольнага асяроддзя ўсяго басейна Балтыйскага мора — актывісты з Расіі, Беларусі, Латвіі — у адзіны рух “Дзвіна — Даўгава”. У 1990-м Анатоля Максімавіча прызначылі на пост старшыні Дзяржкамітэта па экалогіі. У той час у краіне распрацоўвалі новы пакет прыродаахоўных законаў, а Мінск стаў месцам пастаяннай працы выканаўчага сакратарыята Міждзяржаўнага экалагічнага савета. Анатоль Дарафееў удала праводзіў карысны дыялог з палітычнымі партыямі, грамадскімі арганізацыямі і заўсёды імкнуўся знайсці канструктыўнае выйсце з любога складанага становішча. З асаблівай увагай і любоўю ён ставіўся да нацыянальных прыродаахоўных тэрыторый, заўсёды імкнуўся, каб унікальныя прыродныя аб’екты набывалі статус аховы міжнароднага ўзроўню. Блакітныя вочы лёсуДарафееў быў чалавекам лёгкім на пад’ём. Адзін тэлефонны званок — і вось мы як зацятыя аматары прыроды адпраўляемся ў рэйд ці ў экспедыцыю. Анатоль Максімавіч умеў добра і аднолькава роўна ладзіць і з простымі людзьмі, якія не былі прафесіяналамі ў сферы экалогіі, і з акадэмікамі, і з высокімі службовымі асобамі. Ён арганізаваў і правёў шмат навукова-практычных канферэнцый, на якія з’язджаліся вучоныя з розных краін свету. І што цікава, канферэнцыі ладзіліся нават у аддаленых вёсках. Адна з апошніх адбылася ў вёсачцы Вярэчча Гарадоцкага раёна і была прысвечана экалагічнаму стану возера Ціоста. Анатоль Дарафееў, незадаволены тым, што праект стварэння рэспубліканскага комплекснага заказніка “Суражскі” на поўначы Гарадоцкага раёна застаецца толькі на паперы, прапанаваў больш увагі надаць захаванню прыродных комплексаў на мясцовым узроўні. Азёрнай спадчыне Прыдзвінскага краю навукоўца прысвяціў шэраг сваіх даследаванняў. Захапіўшыся арніталогіяй са студэнцкіх гадоў, Анатоль Максімавіч з прафесійным сталеннем усё глыбей вывучаў сістэмы азёр і верхавых балот Віцебшчыны. У 1994 годзе Дарафееў зноў вяртаецца ў родныя сцены віцебскай alma mater, становіцца першым прарэктарам дзяржуніверсітэта і плённа займаецца не толькі праблемамі захавання біялагічнай разнастайнасці, але і аховай водных рэсурсаў. Парнасы малой радзімыУ сталым узросце Дарафееў даволі часта працаваў у архівах, збіраў матэрыял пра сваю малую радзіму. Краязнаўства стала яго найвялікшым захапленнем, пасля біялогіі, зразумела. Ён марыў у рэшце рэшт напісаць кнігу. Але не паспеў. Затое колькі паспеў пакінуць пасля сябе добрых спраў! На Гарадоччыне яго вельмі любілі. Намаганнямі Анатоля Максімавіча мясцовы краязнаўчы музей узбагаціўся і каштоўнай экспазіцыяй, і рэдкімі знаходкамі. Дзякуючы Дарафееву з’явіліся памятныя знакі, прысвечаныя паэме “Тарас на Парнасе”. Ананімны аўтар гэтага твора сярэдзіны ХІХ стагоддзя набыў канкрэтныя рысы гарадоцкага мешчаніна, ураджэнца вёскі Астраўляны — Канстанціна Вераніцына. З таго часу ў Гарадку за шаноўным Дарафеевым замацавалася другое імя — “наш Тарас”. З імем гэтага чалавека можна звязаць і вяртанне нашчадкам памяці пра слыннага класіка беларускай літаратуры Яна Баршчэўскага. Насамрэч з фантасмагарычным аповедам “Шляхціц Завальня” беларусы ўпершыню змаглі пазнаёміцца ў 1990 годзе, калі твор быў выдадзены ў серыі “Спадчына”. Прачытаўшы кнігу, якая незаслужана была забыта на працягу амаль паўтара стагоддзя, Анатоль Максімавіч арганізаваў першую комплексную навуковую экспедыцыю ў Расонскі раён, на радзіму класіка. Нам ёсць чым ганарыццаУ 2002 годзе ў Віцебскім дзяржуніверсітэце ім.П.М.Машэрава была створана кафедра экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя. Узначаліў яе дацэнт Анатоль Дарафееў, аўтар больш як 120 навуковых прац. Ён з’яўляўся рэдактарам другога выдання Чырвонай кнігі, склаў папулярны сярод школьнікаў энцыклапедычны даведнік “Птушкі Беларусі”, а разам з калегай па ўніверсітэце Святланай Фамінічнай Сюбаравай напісаў кнігу “Они не должны исчезнуть”. Эколаг Дарафееў часам паўтараў словы свайго настаўніка прафесара Анатоля Фядзюшына: “Ахоўваць прыроду патрэбна не ад чалавека, а для чалавека”. А калі я запытала ў Анатоля Максімавіча пра яго крэда, ён адказаў: “Твары дабро прыродзе, людзям...” Біёлагі ВДУ разам з Анатолем Дарафеевым сталі ініцыятарамі стварэння многіх прыродаахоўных тэрыторый. Два заказнікі — “Асвейскі” і “Ельня”, — у распрацоўцы якіх яны прымалі ўдзел, атрымалі міжнародны статус аховы. Сетка асоба ахоўных прыродных тэрыторый Беларускага Паазер’я, стваральнікам якой стаў і Анатоль Дарафееў, уяўляе сабой багацейшую скарбніцу біяразнастайнасці.Сярод любых ландшафтаў Дарафееў адчуваў сябе камфортна, за ўсім назіраў і кожны дзень заканчваўся яго дзённікавымі запісамі. Асабістыя экалагічныя дзённікі Анатоль Максімавіч вёў з 1955 года. Сабраў багацейшы матэрыял у 115 нататніках. Яго зацягвала вечная тайна жывой планеты і засмучала безабароннасць, збядненне экасістэм, асушэнне балот. - Я вывучаю Віцебшчыну са студэнцкіх гадоў, з канца 1950-х, многа дзе пабываў з даследчымі мэтамі, — сказаў у адным са сваіх апошніх інтэрв’ю Анатоль Дарафееў. — Магу засведчыць: у нас сапраўды захаваліся ўнікальныя комплексы. Мы павінны ганарыцца і берагчы гэтыя тэрыторыі, дзе прырода варта таго, каб яе ўхвалялі і нашы, і замежныя турысты. Больш поўны нарыс, прысвечаны Анатолю Дарафееву, плануецца надрукаваць у вераснёўскім нумары часопіса “Родная прырода”. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ён быў выдатым навукоўцам, эколагам, настаўнікам, краязнаўцам, грамадскім дзеячам і публіцыстам. |
|