Мост. 21.by

Мост

13.10.2011 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ён злучае берагі рэк, гарады, лёсы людзей, а часам увогуле становіцца месцам драматычных падзей

Бохан хлеба, звычайнае кола лі­чацца найвялікшымі вынаходствамі чалавецтва. Сюды можна з поўным правам аднесці таксама мост, які спрадвеку злучаў берагі рэк, гарады, краіны, лёсы людзей…

У свеце існуе незлічоная колькасць мастоў. Вузенькія, як кладка, і шырачэзныя, кароценькія, каля метра ў даўжыню, і працягласцю на многія кіламетры. І без усялякага, вузкага і шырокага, кароткага і доўгага, нельга абысціся.

Асаблівае значэнне набывалі масты ў ліхія ваенныя часы. Ёсць выдатны фільм «Пастарайся застацца жывым» студыі «Масфільм», рабочая назва яго была «Мост». Здымаўся фільм на працягу ўсяго лета напрыканцы 70-х на чыгуначным мосце цераз Случ, на памежжы Гомельскай і Брэсцкай абласцей. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў тых адносна ціхіх месцах вакол мастоў часам адбываліся сапраўды драматычныя падзеі, а мастоў было тут больш як дзесяць, асаб­ліва па дарозе да Вільчы. Іх знішчалі і ўзнаўлялі, міма некаторых можна было праехаць і прайсці ўзбоч, каля другіх у нізіне цямнела заўсёды халодная вада, зман­ліва зелянела непраходная дрыгва. Пісьменнік Віктар Казько, выхаванец Вільчанскага дзіцячага дома ў пасляваенныя гады, налічваў такіх масткоў ад Жыткавіч да Вільчы каля двух дзясяткаў, і, успамінаў ён, амаль на кожным удзень грэліся на сонцы нетаропкія, нібы сонныя, невялікія балотныя чарапахі — іх спакой тады рэдка парушаўся. Нячаста хадзілі тут людзі, яшчэ радзей ездзілі падводы, тым больш машыны, хіба што раз ці два ў тыдзень дзетдомаўская «палутарка».

Урочышча з доўгім, больш як 50 метраў, мостам праз балота і шырокія размытыя ранейшымі паводкамі канавы, пакінутыя 130 гадоў назад экспедыцыяй генерала І.І. Жылінскага, так і называецца — Масцішчы (мост дык мост, сапраўднае масцішча!)… Толькі цяпер гэтыя доўгія масты бетонныя, па іх за дзень праходзіць мноства машын, асабліва ў летні час, шмат людзей, нават з далёкіх мясцін, едуць адпачываць на Прыпяць ці на Случ.

…У даваенны час у вёсцы Града ў старога і адзінокага Савона Паўлюка жыў нетутэйшы бядняцкі сялянскі хлопец Піліп Ханеня. На пачатку вайны яму было гадоў шаснаццаць. Аднойчы ў хату да Савона завіталі партызаны. «Ты чаго дома расседжваешся? — падступіў да Піліпа адзін, відаць, старшы групы. — Чаму не ў партызанах?.. Вось табе заданне: спаліць мост у Масцішчах. Немцы з паліцаямі амаль штодня шастаюць па ім у нашу зону… А не спаліш — глядзі, пашкадуеш!»

Што было рабіць Піліпу? Настругаў сухіх трэсачак, узяў запалкі і ноччу пайшоў да моста. Наўтыкаў трэсак пад мостам паміж бэлькамі і дошкамі, у шчыліны паміж самімі дошкамі. «Самае страшнае было — падпаліць, — расказваў Піліп Адамавіч. — Залезці пад мост і наўтыкаць трэсак у цемры яшчэ сяк-так, ты не бачыш нікога, і цябе, здаецца, ніхто. Агонь жа відаць далёка. А можа, хто сочыць, можа, за паваротам дарогі ўначы нехта ёсць...»

Хоць немцы па начах ніколі не ездзілі і не хадзілі, але нядобрых людзей хапала. Тыя самыя паліцаі, яны іншы раз хадзілі па партызанскай зоне, наведвалі вёскі пад выглядам партызан. Ды і партызаны былі розныя, іншы раз, не разабраўшыся, маглі нарабіць бяды…

Усё ж хлопец перамог страх, падпаліў некалькі трэсак. І наўцёкі…

Мост згарэў. Пры немцах яго, канечне, ніхто не ўзнаўляў. Жыць вяскоўцам стала крыху спакайней. Улетку акупанты і паліцаі іншы раз прабіраліся да далёкіх вёсак па балоце міма згарэлага моста, каб парабаваць, нагнаць страху на людзей. Зімою няпрошаныя госці з’яўляліся часцей, тым больш што ім патрэбны былі харчы і цёплая вопратка, а вясной, у паводку, ворагам дабрацца ў прырэчныя вёскі зусім не было ніякай магчымасці. Вёску Поўчын 24 красавіка 1944 года разам з людзьмі, 128 чалавек, знішчыў карны атрад, які на досвітку таго страшнага вясенняга дня, каб застаць знянацку, прыплыў па Прыпяці на лодках з Турава. Граду да апошняй хаты 14 мая спалілі немцы з паліцаямі — яны прыйшлі сюды ад Доўгай Дубровы, але людзей, якіх сагналі да калгаснай канюшні, каб знішчыць таксама, як і ў суседнім Поў­чыне, адпусцілі. Казалі, нехта з нямецкага начальства заступіўся, прынамсі, у апошнюю хвіліну да афіцэра, які камандаваў карнай акцыяй, падкаціў матацыкліст і перадаў нейкі загад.

Яшчэ да паловы 60-х гадоў мы штодня пешшу хадзілі ў школу ў Браніслаў, за 5—6 кіламетраў, міма спаленага моста па часовым невялікiм мосціку з тоўстых дошак, пракладзеным праз дрыгву за насыпаным з’ездам у нізіну, у самым вузкім месцы. Побач тоўстымі свечкамі чарнелі абгарэлыя сваі спаленага Ханенем моста, якія і праз дзясяткі гадоў нагадвалі пра вайну. Толькі з пракладкай асфальтавай дарогі ў гэтыя аддаленыя мясціны быў пабудаваны новы бетонны мост, па якім, дарэчы, сёння не так проста праехаць на машыне з-за шматлікіх ям і выбоін — не рамантуецца… Але мост жыве, працуе.

…Піліпу Ханені ў пасляваенны час вяскоўцы гаварылі:

— Ты ж здзейсніў геройскі ўчынак, узнагароды заслу­гоўваеш…

Піліп адказваў:

— Вы што! Я і цяпер баюся, каб не прыцягнулі да адказнасці. Гэта ж не жартачкі — такі мост уласнымі рукамі знішчыў!

Ханеня не адзін дзясятак гадоў пасля вайны працаваў шафёрам. Быў выдатным работнікам, сціплым, старанным. За баранкай аўтамашыны ён і загінуў. Амаль праз пяць дзясяткаў гадоў пасля вайны. У аварыі…

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ён злучае берагі рэк, гарады, лёсы людзей, а часам увогуле становіцца месцам драматычных падзей...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика