НЕПРАДКАЗАЛЬНАСЦЬ. 21.by

НЕПРАДКАЗАЛЬНАСЦЬ

28.05.2012 10:30 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Італіі на тэлебачанні ёсць культавая перадача «Che tempo che fa?» («Якое ж у нас надвор’е?»). У назве закладзены саркастычны, празрысты намёк на тое, што ў час кіравання С. Берлусконі журналістам замест праўдзівага абмеркавання палітыкі лепей было весці размовы «пра сонца і дождж».

Тутэйшае насельніцтва, інфармацыйнае меню якога часта абмежавана толькі перадачамі БТ, АНТ, РТР (Беларусь), спажывае прымітыўныя фантазіі хлуслівых прапагандыстаў пра знешніх і ўнутраных «ворагаў», пра тое, як кепска жывуць іншыя народы свету, і закалыхваецца паведамленнямі пра невераемныя ўласныя поспехі. А раз на ўсіх беларускіх «франтах» суцэльныя перамогі, то людзей больш хвалююць надвор’е, магнітныя буры. Толькі затым чарга даходзіць да першага месца ў СНД па павышэнні цэн, да малых зарплат і пенсій. Але татальна замбіраваных «памяркоўных» беларусаў нішто не выводзіць з раўнавагі, любыя негатыўныя змены яны прымаюць моўчкі або палахліва, стомлена бурчаць на кухнях і ў чэргах…

У Беларусі ў 1994 годзе атрымалася нешта падобнае на падзеі 1917 года ў самадзяржаўнай Расіі. Амерыканскі дзяржаўны дзеяч, паспяховы ліквідатар голаду ў сусветных маштабах Г. Гувер, які потым стаў прэзідэнтам краіны, пісаў у 1919 годзе: «Нельга адмаўляць таго, што гайданне маятніка грамадскага развіцця ад тыраніі гранічна правага да тыраніі гранічна левага кшталту абумоўлена рэальнымі адносінамі ў грамадстве. Меры, якія прымаюць бальшавікі, — натуральны гвалт з боку цёмнай масы, народа, які на працягу многіх пакаленняў пакутаваў ад тыраніі і гвалту. Наш народ, які мае асалоду ад свабоды і дабрабыту, не можа ў нейкай меры не спачуваць гэтаму блуканню ўпоцемку ў пошуках лепшага сацыяльнага ладу». Гувер не падтрымліваў бальшавікоў, але прыйшоў на дапамогу рускаму народу. Ён заявіў: «Дваццаць мільёнаў людзей галадаюць. Незалежна ад палітыкі — ім трэба есці!»

Аглядаючы абсягі гісторыі чалавецтва, я таксама лічу, што толькі адзін голад можа быць па-за палітыкай, усё астатняе — цесна звязана з ёй. А таму грэбліва адношуся да істэрыі, якая ўзнялася вакол правядзення чэмпіянату свету па хакеі 2014 года ў Беларусі. Урэшце, хакей — гэта не хлеб для галодных, а забава, відовішча. Спорт у сучасным свеце стаў бізнесам, падмуркам папулісцкай палітыкі і задавальнення амбіцый узурпатараў. Дарэчы, гэта яны публічна прызнаюць самі.

Нядаўна людзі з розных краін, якія пікетавалі саміт «вялікай васьмёркі» ў Кэмп-Дэвідзе, заявілі, што кіраўнікі развітых дэмакратычных дзяржаў «недастаткова жорстка паводзяць сябе ў адносінах да дыктатараў» і напомнілі, чым заўсёды заканчваецца такое патуранне. Значыць, гэта не меркаванне асобных публіцыстаў, аналітыкаў, а думка цэлых народаў, якія падвяргаюцца гвалту, усёй міжнароднай супольнасці.

Беларускае жыццё, пачынаючы з пераходу ў новае стагоддзе, трэба бачыць не ў лакальных выявах, скажам, таго ж хакею, даступнага толькі для забяспечаных людзей, а панарамна, маштабна. Тады адразу стане ясна, што прагрэсу ў нас няма, ёсць таптанне на месцы, застой.

Мы ходзім па замкнутым коле. За выключэннем чыноўнікаў, сілавікоў і прыўладных прадпрымальнікаў, у звычайнага люду сярэдняя зарплата ўвесь час круціцца каля 300 долараў, пенсіі не перавышаюць лічбу — 200. Пра стыпендыі, якія выплачваюцца студэнтам і навучэнцам, лепей памаўчаць. Але нават сціплыя лічбы былі б недасягальнымі, калі б не меркантыльная, зацікаўленая дапамога Расіі, настроенай на пашырэнне імперыі, не розныя міжнародныя пазыкі.

Свет хоча дапамагчы Беларусі наладзіць цывілізаванае, дэмакратычнае жыццё, а аўтарытарны рэжым зноў шукае «ворагаў», нагнятае ў грамадстве атмасферу падазронасці, варожасці, непрадказальнасці. Хто вінаваты, што ў народа няма грошай? Ён сам! Гэты хітры народ робіць «невераемнае»: то раптам скупляе ў абменніках долары і еўра, то ў крамах расхоплівае не толькі цукар, алей, крупы, муку, але і… соль, запалкі. А куды дзецца, бо даўні лозунг беларусаў «Толькі б не было вайны!» патрабуе на ўсялякі выпадак да яе рыхтавацца. Словам, пастаянна спявалі з трыбун народу дыфірамбы, а тут і ён не дагадзіў, правініўся перад уладай, таму свае пралікі можна спісаць на яго!

Народ вінаваты, але не ў валюнтарызме непрадказальных кіраўнікоў, якія маніякальна блукаюць у «трох соснах» захавання аўтарытарнай улады, а ва ўласнай разумовай ляноце, недасведчанасці, нізкай палітычнай культуры, палахлівасці. Еўрапейскія традыцыі нашых мужных продкаў — жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, якое пакінула выдатную спадчыну ва ўсіх сферах жыцця, пакуль не зацікавілі нігілістычную, маладасведчаную ўладу і грамадзян. Пра гэты скарб не заікаюцца даўнія гістарычныя супернікі на ўсходзе, якія даўно бачаць нас у складзе сваёй імперыі. Расійскі ідыёлаг М. І. Тургенеў у вядомым творы «Россия и русские» падкрэсліваў: «Истинные интересы русской политики находятся не на Западе, а на Востоке. Таково было мнение всех выдающихся людей, руководивших внешними сношениями империи». Такі падыход для Расіі застаецца актуальным.

Гіганцкіх планаў, пражэктаў у Беларусі і Расіі шмат, але паўсядзённа яны жывуць непрадказальна, у рэжыме «ямачнага рамонту»: тут залаталі — там нешта абвалілася або выбухнула. Паказчыкі вытворчасці працы ў нас у 3 — 4 разы ніжэй, чым у развітых краінах. Затое ў Расіі было 12 алігархаў, а цяпер — 120. У афшорныя зоны сплаўлена за апошні час 330 мільярдаў долараў. Прэзідэнт У. Пуцін пракаменціраваў гэта так: «Тырят у своих сограждан». У Беларусі такія звесткі засакрэчаны.

Пры аўтарытарызме або дыктатуры «ўсе канцы хаваюцца». Час ідзе, але застаецца без адказу простае пытанне разумных, палітычна адукаваных беларусаў і расіян: «Калі ў нашых дзяржавах будуць сапраўды сумленныя выбары і безагаворачна легітымная ўлада?»

У Беларусі выбары пастаянна заканчваюцца пусканнем «чырвонай юшкі» пратэстуючаму супраць фальсіфікацый народу, кіданнем апанентаў рэжыму за турэмныя краты. Расія актыўна пераймае гэты вопыт, пра што сведчаць падзеі ў Маскве, Санкт-Пецярбургу і іншых гарадах. Яе кіраўнікі плануюць ударыць па грамадзянскай пазіцыі смелых людзей штрафам 1,5 мільёна расійскіх рублёў, які ў 200 (!) разоў большы за папярэдні. Вось вам вынік трыбуннай дэмагогіі пра дэмакратыю!

Непрадказальнасць узнікае ў атмасферы татальнай хлусні, палітычных махінацый. Беларускія і расійскія аўтакраты забываюць сказанае імі ўчора, цынічна не зважаюць на тое, што народы ўсё бачаць, чуюць і помняць.

Сышлі з міжнароднай палітычнай арэны Шродэр, Берлусконі, Сарказі, і нічога кепскага з Германіяй, Італіяй і Францыяй не адбылося, жывуць сабе, прытым даволі няблага. А ў нас палітычнае надвор’е застаецца стабільна змрочным.

Калі скончыцца беларуская непрадказальнасць, я не ведаю, бо надта шмат як унутраных, так і знешніх фактараў уплываюць на яе існаванне. Але цвёрда ўпэўнены, што тутэйшы люд некалі паўторыць словы папулярнай рэкламы: «Гэта быў не прараб!»

Народнай сям’ёй абавязкова давядзецца перарабляць аўтарытарны лад на дэмакратычны, перафарбоўваць жыццё ў нармальныя, радасныя колеры.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Італіі на тэлебачанні ёсць культавая перадача «Che tempo che fa?» («Якое ж у нас надвор’е?»). У назве закладзены саркастычны, празрысты намёк на тое, што ў час кіравання С....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика