Пад крыламі песняроў
02.06.2012
—
Разное
|
ХІІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне прысвячаецца 130-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. З 8 па 10 чэрвеня гледачоў чакаюць насычаныя святочныя дні. У другі раз на фестывалі адбудзецца канцэрт самых маленькіх выканаўцаў. Госці таксама змогуць убачыць тэатральныя спектаклі, атрымаць асалоду ад джазавых канцэртаў, наведаць конкурс маладых выканаўцаў. Асноўныя мерапрыемствы пройдуць у амфітэатры і парку культуры і адпачынку імя Перамогі, у Палацы культуры горада, а таксама ў філіялах Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў вёсках Вязынка і Яхімоўшчына. Чакаюць у госці і дэлегацыі з гарадоў-пабрацімаў. Плануецца, што мерапрыемства наведаюць удзельнікі Першага беларуска-літоўскага форуму рэгіянальнага супрацоўніцтва, які праводзіцца ў Маладзечне 7—8 чэрвеня. — Гэты фестываль унікальны, адзіны ў краіне. Ён далучае да беларускай музыкі, паэзіі, мовы, папулярызуе новыя творы сучасных паэтаў і кампазітараў, шукае таленавітых выканаўцаў і рэалізуе іх творчы патэнцыял, — сказала “НГ” намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Святлана Баранок. — Для Мінскай вобласці гэта свята — адно з самых значных. Мы вельмі ганарымся тым, што такі фестываль праводзіцца менавіта ў Маладзечне — горадзе, які заўсёды быў і застаецца багатым на таленты. Асноўныя мерапрыемствы адбудуцца ў новым прасторным амфітэатры, пабудаваным у горадзе да “Дажынак-2011”, а гасцям свята, несумненна, будзе на што паглядзець. Праграма вельмі насычаная і цікавая. Маштабны фэст і праўда ўключае шматлікія мерапрыемствы для розных узроставых катэгорый. Значнай падзеяй павінны стаць рок-опера “Курган” Ігара Лучанка па матывах паэмы Янкі Купалы; літаратурна-музычная вечарына “Паэзіі чароўная краса” з удзелам вядучых акцёраў дзяржаўных тэатраў краіны; спектакль “Цудоўная дудка” Мінскага абласнога тэатра лялек “Батлейка”. Адбудуцца паэтычныя сустрэчы з удзелам беларускіх паэтаў, прэзентацыя новых выданняў, канцэрт акадэмічнай і джазавай музыкі з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі прафесара Міхаіла Фінберга, а яшчэ — гала-канцэрт “Дзве яркія зоркі” гэтага заслужанага калектыву, прысвечаны Купалу і Коласу. Праграма фэсту ўключае таксама канцэрт заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага, Рэспубліканскі конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні і праграму “Залатая калекцыя беларускай песні” Маладзёжнага тэатра эстрады. Фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне праходзіць раз у два гады з 1993 года. У мінулым годзе было прынята рашэнне ладзіць яго штогод. У розныя гады менавіта на гэтым фэсце загучалі імёны Ірыны Дарафеевай, Наталлі Тамела, Вікторыі Алешка, Ларысы Грыбалёвай, Дзмітрыя Качароўскага. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ХІІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне прысвячаецца 130-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба... |
|