Рарытэт зноў на радзіме
14.06.2012
—
Разное
|
Дзякуючы магілёўскім актывістам на Беларусь вернута арыгінальнае выданне Статута Вялікага Княства Літоўскага. Як вы думаеце, ці можа кніга стаць фотамадэллю альбо кіназоркай? Можа, аказваецца. Праўда, калі кніга гэта – нацыянальная рэліквія, за якой не адзін год «палявалі» прыватныя асобы і дзяржаўныя інстытуты, а сродкі на яе выкуп збіралі амаль усёй краінай. Трэба было бачыць, колькі фотакарэспандэнтаў, аператараў ды журналістаў сабраў у чацвер Нацыянальны гістарычны музей у Мінску. Шчаўчкі затвораў і ўспышкі камер не спыняліся ні на хвіліну. Што так зацікавіла грамадскасць? Усяго толькі кніга. Але якая! Арыгінальнае выданне Статута ВКЛ 1588 года на старабеларускай мове. Цяжка пераацаніць ролю Статута 1588 года ў гісторыі Беларусі. Па сутнасці, гэта была сярэднявечная Канстытуцыя, якая дзейнічала на ўсіх землях сучаснай Беларусі і была адной з самых прагрэсіўных у Еўропе. Статут быў распрацаваны падканцлерам ВКЛ і старостай магілёўскім Львом Сапегам і выдадзены за яго асабістыя сродкі ў Віленскай тыпаграфіі Пятра Мсціслаўца на грошы магілёўскіх купцоў Мамонічаў. Вядома пра тры выданні Статута – у 1588, 1592–1593 і 1594–1595 гадах. Сёння ў свеце налічваецца не больш за 60 кніг таго часу. Аднак у Беларусі дагэтуль не было ніводнай. Са Статутам можна было пазнаёміцца толькі ў электронным варыянце і ў больш позніх перавыданнях. І вось некалькі тыдняў таму другакурснік гістфака БДУ Андрэй Радкоў заўважыў на адным з электронных аўкцыёнаў выстаўлены маскоўскім калекцыянерам Статут ВКЛ 1588 года, датаваны 1594–1595 гадамі. Зацікаўлены гэтым фактам, студэнт звярнуўся да маладога ініцыятыўнага дырэктара Музея гісторыі Магілёва Аляксея Бацюкова і прапанаваў зладзіць акцыю па зборы сродкаў на ўнікальны дакумент, і такім чынам вярнуць нацыянальную каштоўнасць на радзіму. Неабходную суму – 45 тысяч долараў – сабралі за тры тыдні, дзякуючы прыватным ахвярадаўцам і расійскай кампаніі “Альпары”, дырэктарам па карпаратыўных камунікацыях якой, дарэчы, з’яўляецца выхадзец з Магілёва Валерый Тарасаў. Думаецца, гэта ў многім і паўплывала на рашэнне кампаніі дапамагчы ў набыцці беларускай рэліквіі, ахвяраваўшы на гэта трыццаць тысяч долараў – большую частку неабходнай сумы. І вось кніжны рарытэт зноў у Беларусі! Убачыць яго на ўласныя вочы можна цяпер у Музеі гісторыі Магілёва – менавіта туды быў перададзены Статут падчас яго прэзентацыі ў сталіцы. Чаму ў Магілёў? Усё справядліва: менавіта там і з’явілася ідэя вярнуць Статут ВКЛ у Беларусь. – Мы лічым, што горад Магілёў апраўдвае гонар захоўваць такую каштоўнасць. Калі ўспомніць гісторыю, гэта быў адзін з самых багатых магутных гарадоў у тыя часы, калі дзейнічаў Статут, — разважае дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў. Пацікавілася ў яго, ці падрыхтаваўся музей да прыняцця такой вялікай каштоўнасці. – Пакуль не. Усе думкі былі, як купіць Статут. Нам давалася прыкладна 2,5 месяца, каб вырашыць пытанні са сродкамі. Самі разумееце, такую суму не проста знайсці. Праўда, нам на гэта спатрэбілася ўсяго тры тыдні. У многім – дзякуючы велізарнаму грамадскаму рэзанансу, – лічыць Аляксей. – І вось цяпер, калі Статут ВКЛ ужо набыты, будзем працаваць над тым, каб такую вялікую каштоўнасць і прадставіць адпаведна. Каб былі надзейная сігналізацыя, клімат-кантроль, зручны доступ, каб кожны чалавек змог пабачыць рарытэт. Асабліва тыя, хто дапамог у набыцці Статута. Гэта будзе вялікім шчасцем і для нас, і для іх. Статут ВКЛ, набыты ў маскоўскага калекцыянера, – масіўнае выданне ў тоўстай вокладцы. Тут ёсць сам тэкст, друкаваны, дарэчы, вельмі цікавым “рукапісным” шрыфтам, застаўкі, філіграні, канцоўкі. На жаль, выданне без ілюстрацый. Першыя старонкі Статута, дзе размяшчаліся гравюры, былі згублены яшчэ да ХІХ стагоддзя. Як распавёў дырэктар магілёўскага музея Аляксей Бацюкоў, умовы для захавання выдання ў перыяд з ХVІІ па ХІХ стагоддзе былі не вельмі спрыяльныя. Аднак сёння Статут у досыць добрым стане — вядома, што ў ХХ стагоддзі была праведзена некаторая рэстаўрацыя тых старонак, якія захаваліся. – Вяртанне Статута – вельмі важная падзея для нашай гісторыі і культуры, – сказаў падчас прэзентацыі выдання міністр культуры Беларусі Павел Латушка, звярнуўшы ўвагу на тое, якую цікавасць выклікала падзея ў СМІ: сапраўды, даўно культурныя з’явы не збіралі столькі камер, фотаапаратаў і зацікаўленых асоб. – Наша гісторыя бярэ свой пачатак з Полацкага і Тураўскага княстваў, з Вялікага Княства Літоўскага. Гэта фактычна падмурак нашай культуры, – працягваў міністр. – Вельмі важна, што мы захоўваем нашу спадчыну, аднаўляем замкі Беларусі. Але аднаўленне муроў – толькі частка вяртання нашай гісторыка-культурнай спадчыны. Вельмі важна, каб у гэтых мурах знаходзіліся духоўныя сімвалы нашай нацыі. Адным з такіх сімвалаў, вядома, з’яўляецца Статут ВКЛ 1588 года. Гэта акт, які сведчыць пра развіццё нашай нацыі, нашага народа ў XVI стагоддзі. Гэта дакумент, які выкарыстоўваўся на беларускіх землях, і не толькі беларускіх, аж да сярэдзіны XIX стагоддзя. Гэта выключны акт прававой думкі. Але сёння — гэта рэліквія, гісторыка-культурная каштоўнасць. І той факт, што акцыя па вяртанні гэтай каштоўнасці набыла такі шырокі грамадзянскі розгалас, сведчыць пра неверагодны інтарэс нашага народа да ўласнай культуры, лічыць міністр. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзякуючы магілёўскім актывістам на Беларусь вернута арыгінальнае выданне Статута Вялікага Княства Літоўскага.
|
|