Здымак дапамог жанчыне атрымаць звесткі пра свайго бацьку
04.08.2012
—
Разное
|
![]() Журналісты “Народнай газеты” разам з калегамі з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё дапамагаюць людзям знаходзіць адзін аднаго Лісты, электронныя паведамленні і тэлефонныя званкі... Мінулы тыдзень зноў быў багаты на водгукі чытачоў. У іх — аповед пра чалавечыя лёсы, боль ад страты родных, дарагіх сэрцу людзей, надзея сустрэцца з тымі, з кім па нейкіх прычынах абарвалася сувязь. Мінчанка Людміла Сцяпанаўна Казлова разгарнула аднойчы газету, убачыла на фотаздымку чатырох танкістаў і ледзьве не страціла прытомнасць: сярод іх быў яе бацька, пра якога яна нічога не ведала. “Танкавы экіпаж старшага лейтэнанта Хворава за ўмелыя дзеянні ў час бою ўзнагароджаны ордэнамі. Злева направа: камандзір гарматы Букін, радавы, стралок Казлоў, механік-вадзіцель Энсіс і камандзір Хвораў” — чытала, перачытвала яна радкі тэксту пад фотаздымкам, аўтарам якіх быў ваенны карэспандэнт Павел Нікіцін. Людміла Сцяпанаўна хуценька патэлефанавала ў рэдакцыю. Ёй паведамілі, што Павел Іванавіч Нікіцін на заслужаным адпачынку, але паабяцалі, што дапамагуць сустрэцца з ім. І гэта сустрэча адбылася. Павел Іванавіч падарыў жанчыне фотаздымак, які быў змешчаны ў газеце. Людміла Сцяпанаўна паглядзела на яго і расплакалася. На танку сапраўды стаяў яе бацька. На грудзях — два ордэны і медаль. Расказаць пра кожнага члена экіпажа Павел Іванавіч Нікіцін не мог, бо ваенных фотаздымкаў у яго былі сотні, але ён добра памятаў, што менавіта гэтых танкістаў фатаграфаваў ва Усходняй Прусіі. “Бацька з першых дзён вайны быў на фронце. Але ваяваць яму давялося нядоўга, — распавядае Людміла Сцяпанаўна. — У ліпені 1941-га, у баях пад горадам Чэрыкавым, што на Магілёўшчыне, ён быў паранены і трапіў у варожы палон. Лагер ваеннапалонных знаходзіўся ў Оршы. У першыя месяцы вайны фашысты маглі за некалькі бутэлек гарэлкі, кавалак масла ці кошык яек адпусціць каго-небудзь. Пашчасціла і нашаму дарагому салдату. Дарога дадому для бацькі была доўгай і цяжкай, бо ён ледзьве стаяў на нагах”. Жонка Ефрасіння як магла лячыла мужа. Пасля вызвалення ад фашысцкіх захопнікаў усходняй часткі Дрыбінскага раёна райваенкамат накіраваў Сцяпана Казлова ваенруком у школу, бо па стану здароўя ён не мог быць у арміі. Але тады людзі лічылі немагчымым адседжвацца ў тыле. У чэрвені 1944-га добраахвотнікам пайшоў на фронт і Сцяпан Казлоў. Ваяваў як належыць. А якія лісты слаў! У кожным ён звяртаўся да дзяцей, каб слухалі маці, дапамагалі ёй, добра вучыліся. “Хутка пераможам ворага, вярнуся дадому і ўсе будзем разам”, — паведамляў ён. Але, відаць, гэтаму не наканавана было збыцца. Праз некаторы час перасталі прыходзіць пісьмы, а ў чэрвені 1945-га прыйшло паведамленне, што Сцяпан Ларыёнавіч Казлоў 23 кастрычніка 1944 года быў цяжка паранены і накіраваны ў шпіталь, нумар палявой пошты — 56 210. Пра далейшы лёс дарагога чалавека родныя не ведаюць. Людміла Сцяпанаўна Казлова беражліва захоўвае ўсе бацькавы пісьмы з фронту. А цяпер і фотаздымак, які ёй падарыў былы ваенны карэспандэнт. З дапамогай сведак тых падзей, пошукавых груп, архівістаў, музейных работнікаў, карэспандэнтаў ажываюць старонкі гісторыі, удзельнікамі якой былі звычайныя людзі. Спадзяёмся, што пашанцуе і Людміле Сцяпанаўне Казловай, адрас якой знаходзіцца ў рэдакцыі.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Журналісты “Народнай газеты” разам з калегамі з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё дапамагаюць людзям знаходзіць адзін аднаго |
|