Марскія расліны: карысць ці шкода? (+стравы з водарасцяў)
10.01.2013
—
Разное
|
![]() Прывучайце дзяцей да водарасцяў змалку. Гэта карысна. Многія беларусы прывыклі думаць пра водарасці як пра тое, што павінна знаходзіцца ў морах ці акварыумах, але ніяк не на кухонным стале. Але марскія расліны могуць дапамагчы ва ўмацаванні нашага здароўя. – На ўсёй тэрыторыі нашай краіны вельмі мала ёду, – кажа дыетолаг Ганна Белавусава. – Дактары часта кажуць, што неабходны аб’ём гэтага мікраэлемента мы можам атрымаць з ёдаванай солі, грэчкі, хурмы і грэцкіх арэхаў. Так, для нас яны сапраўды з’яўляюцца асноўнымі крыніцамі ёду, але неабходную яго колькасць з гэтых прадуктаў атрымаць цяжка. А вось у водарасцях ёду надзвычай шмат, прычым з іх ён лёгка засвойваецца і хутка перапрацоўваецца арганізмам. Ад водарасцяў не схавацца Часта водарасці адбіваюць жаданне есці адным сваім выглядам: яны маюць зялёны ці карычняваты колер, бясформенную кансістэнцыю. Але нават пры катэгарычнай адмове ад водарасцяў у рацыёне ніводны з нас не можа сцвярджаць, што ніколі ў жыцці не каштаваў іх. Справа ў тым, што водарасці – абавязковы складнік многіх прадуктаў. Агар-агар ці карагінан, якія атрымліваюць з водарасцяў, ужываюцца пры вытворчасці мармеладу, зефіру, марожанага і некаторых малочных прадуктаў. Гэтыя кампаненты надаюць прадуктам неабходную кансістэнцыю і пры гэтым не дадаюць лішніх калорый. Да таго ж часта водарасці ўваходзяць у склад касметыкі. Не толькі розных крэмаў для догляду скуры, але і тушы, памады, ценяў. У водарасцях – палова табліцы Мендзялеева Асабліва карыснымі водарасці будуць для тых, чыя праца звязаная з нервовым напружаннем. Чым больш мы нервуемся – тым больш ёду патрэбна арганізму. Да таго ж акрамя ёду ў склад водарасцяў уваходзяць бор і бром, якія дапамагаюць супакоіцца і расслабіцца. Важным з’яўляецца і селен. Ён дапамае адбывацца сотням рэакцый, што працякаюць у арганізме. Спіс карысных элементаў можна працягваць: жалеза, кальцый, магній, калій, марганец… Не трэба забываць і аб тым, што водарасці – крыніца расліннага бялку, які лёгка засвойваецца арганізмам. Гэта акалічнасць набывае асаблівую важнасць для вегетарыянцаў, якія часта не атрымліваюць неабходную колькасць бялку. Карысць водарасцяў зразумелі ўжо ў многіх краінах свету. У Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі водарасці пачалі разводзіць штучным спосабам, нягледзячы на тое, што гэтыя краіны маюць выхад да мора. “А што, водарасці бываюць розныя?” Для таго, каб зразумець, што водарасці – не самы хадавы тавар у нашых крамах, дастаткова прайсціся па найбуйнейшых гандлёвых цэнтрах Маладзечна. Ва ўсіх крамах можна знайсці марскую капусту, ці, як яе называюць іначай, ламінарыю. Яе можна набыць асобна, а таксама ў складзе разнастайных салатаў. У некаторых крамах ламінарыю можна набыць на вагу. Яна бывае сушанай, замарожанай і кансерваванай. Сушаную часцей за ўсё набываюць у аптэках. – Мы прадаём марскую капусту на вагу, – кажа таваразнаўца крамы адной з гандлёвых сетак Маладзечна. – Не магу сказаць, што яна карыстаецца асаблівай папулярнасцю ў пакупнікоў. Так, від водарасцяў у нас толькі адзін. А што, яны бываюць розныя? Насамрэч, у свеце налічваецца каля 20 відаў водарасцяў, якія прыдатныя для харчавання. З распаўсюджаных можна адзначыць фукус (альбо марскі дуб), парфіру, ульву (марская салата). Знайсці іх нават у сталічных крамах – нялёгкая задача. Яшчэ адзін спосаб пакаштаваць водарасці ў нашым рэгіёне – набыць сушы. Для іх прыгатавання часта выкарыстоўваюцца тыя ж ламінарыі, але вялікімі, непарэзанымі кавалкамі. Менавіта ў іх найчасцей загортваюць рыбу і рыс. Парады часцей ужываць у ежу водарасці будуць карыснымі для ўсіх беларусаў. Для таго, каб ліквідаваць недахоп ёду, неабавязкова бегчы ў аптэку. Часам дастаткова пачаць з ламінарыі. Паўсядзённыя стравы з водарасцямі Бутэрброды з сушанай ламінарыяй Такія бутэрброды можна гатаваць на кожны дзень. Для гэтага неабходна здрабніць сушаную марскую капусту, дадаць яе ў мяккае масла і пасаліць. Атрыманую масу намазаць на хлеб і на некаторы час паставіць у халадзільнік. Водарасці замест солі Сушаную ламінарыю альбо фукус можна здрабніць і дадаваць у стравы замест солі. Дадаўшы такую прыправу да рысу, салаты, супу, вы адчуеце саланаваты смак, а таксама лёгкі пах ёду. Адзіная заўвага: дадаваць водарасці трэба ў гатовую страву, каб яны захавалі свае карысныя ўласцівасці. Да таго ж дыетолагі не рэкамендуюць спалучаць водарасці з капустай, кукурузай і гарчыцай: гэтыя прадукты перашкаджаюць арганізму засвойваць ёд. Салата з марской капустай Ламінарыя традыцыйна ўжываецца для прыгатавання салатаў. Вашай увазе – адзін з іх. Для прыгатавання спатрэбіцца балгарскі перац, памідоры, цыбуля і марская капуста. Усе прадукты парэзаць і змяшаць, пасля заправіць аліўкавым алеем з лімонным сокам. Аляксандра ПАРАХНЯ. Фота Настассі Роўды. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Многія беларусы прывыклі думаць пра водарасці як пра тое, што павінна знаходзіцца ў морах ці акварыумах, але ніяк не на кухонным стале. Але марскія расліны могуць... |
|