Шлях праз стагоддзі. 21.by

Шлях праз стагоддзі

20.04.2013 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Без перабольшвання ўнікальны помнік экспануецца зараз у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Гэта Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года

Нашы продкі ўмелі не толькі працаваць і ахвяраваць сабой дзеля Бацькаўшчыны, але і ствараць дакументы, якія вызначалі ўладкаванне ўсіх сфер жыцця ў тагачасным грамадстве.

Выстава, што распачала сваю работу, прымеркаваная да 425-годдзя зацвярджэння Статута. Гэта трэцяя рэдакцыя зборніка законаў краіны пад назвай Вялікае Княства Літоўскае. Дарэчы, зборнік складзены і выдадзены пасля заключэння Люблінскай уніі, якая аб’яднала Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае ў адзіную дзяржаву — Рэч Паспалітую (але, згодна з умовамі уніі, Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае захоўвалі ўласныя законы). Звод законаў быў настолькі ўдалы, што не страчваў сваёй актуальнасці і выкарыстоўваўся на працягу двух з паловай стагоддзяў.

У свеце налічваецца ўсяго каля 30 асобнікаў гэтага выдання, яны знаходзяцца ў Расіі, Польшчы, Літве, Украіне і Вялікабрытаніі. Лёс гэтага помніка быў даволі пакручасты. Калі яго сляды адшукаліся ў Расіі, нашы неабыякавыя суайчыннікі вырашылі набыць гэтую рэліквію для Беларусі. І дзякуючы народным ахвяраванням (было сабрана больш як 45 тысяч долараў) арыгінальнае выданне на старабеларускай мове было выкуплена ў прыватнага калекцыянера і знаходзіцца зараз у фондах музея гісторыі Магілёва.

На выставе прадстаўлены выданні Статута ВКЛ з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама перавыданні Статута і іншыя прававыя зборнікі XVI—XIX стагоддзяў. Але галоўным экспанатам, без сумневу, з’яўляецца Статут 1588 года на старабеларускай мове. Да слова, ён быў распрацаваны пры ўдзеле канцлера ВКЛ Астафея Валовіча і падканцлера Льва Сапегі і выдадзены ў друкарні, якая была заснавана ў Вільні Пятром Мсціслаўцам на грошы магілёўскіх купцоў Мамонічаў. Арыгінальны Статут уяўляе сабой вышэйшае дасягненне старабеларускай прававой думкі, якое аказала ўплыў на культурна-гістарычную і юрыдычную традыцыі краін Еўропы.

“Статут з’яўляецца не толькі дакументам, але сімвалам і помнікам вышэйшага культурнага значэння, — адзначыў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі (на фота). — У бліжэйшы час мы не зможам набыць яшчэ арыгіналы Статутаў, а тым больш сабраць іх у адным месцы. Але такая задача і не ставілася, галоўнае, каб мы маглі ствараць падобныя выставы і каб з гэтымі дакументамі маглі працаваць усе зацікаўленыя. І гэта дазваляюць сучасныя тэхналогіі”.

Прысутнічаў на адкрыцці і дырэктар музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў. Яму па-добраму зайздросцілі іншыя спецыялісты: гэта ж такі гонар быць уладальнікам бясцэннай каштоўнасці. На што ён слушна заўважыў: “Уладальнікам Статута з’яўляецца беларускі народ, а мы ўсяго толькі адказныя захавальнікі”.

Пакуль з экспанатамі выставы пазнаёміліся ўдзельнікі IX Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў. Але да 15 мая гэтая выстава дае магчымасць кожнаму зазірнуць у глыбіню стагоддзяў і адчуць гонар за нашу гісторыю.

Уладзімір ШЛАПАК (фота) /НГ/

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Без перабольшвання ўнікальны помнік экспануецца зараз у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Гэта Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика