Музей... у кнізе. 21.by

Музей... у кнізе

25.04.2013 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Творам беларускіх тэкстыльшчыкаў і керамістаў могуць пазайздросціць многія краіны свету

Людзі ХХІ стагоддзя, нягледзячы на сваю практычнасць і прагматычнасць, нямала ўвагі надаюць прыгожаму і эстэтычнаму. Невыпадкова сёння мы так актыўна пачынаем займацца хэндмэйдам і ствараем вакол сябе прыгажосць. Аднак адна справа – аматарства, іншая – прафесійны ўзровень. На жаль, вельмі рэдка можна трапіць на выставу, дзе было б багата прадстаўлена беларускае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Дзякуй богу, выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» паклапацілася пра тое, каб мы змаглі атрымаць асалоду ад работ таленавітых майстроў і ўзбагаціць веды аб сучасным беларускім мастацтве, не выходзячы з дому. У свет выйшаў унікальны альбом «Сучаснае беларускае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. ХХІ стагоддзе». Што натхніла аўтараў на стварэнне гэтага выдання, чым унікальнае айчыннае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і якія творы беларускіх мастакоў сапраўды здольныя здзівіць?

Сама гісторыя выдання цікавая. Аўтар ідэі альбома намеснік дырэктара выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Кацярына Аксёнава прызналася, што на стварэнне гэтага выдання яе натхніла выпадкова пачутая размова ў сталічнай кнігарні. Замежны турыст прасіў паказаць яму кнігу, у якой можна было б убачыць беларускае мастацтва нашых дзён. Аднак прадавец, апраўдваючыся, спрабавала растлумачыць, что падобных выданняў у кнігарні няма, ды, пэўна, і ў Беларусі ўвогуле. І прапаноўвала замежнаму госцю кнігі пра асобных беларускіх мастакоў. Кацярына загарэлася ідэяй выправіць гэтую сітуацыю. І, атрымаўшы падтрымку ў дырэктара выдавецтва Таццяны Бяловай, пачала дзейнічаць: сустракацца з творцамі, радзіцца з мастацтвазнаўцамі і супрацоўнікамі музеяў.

Ужо ў 2010 годзе выйшаў першы альбом серыі «Сучаснае беларускае мастацтва» – «Сучасны беларускі жывапіс. ХХІ стагоддзе», у мінулым годзе – «Сучасная беларуская скульптура. ХХІ стагоддзе». Фотаальбом «Сучаснае беларускае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. ХХІ стагоддзе» стаў трэцяй кнігай серыі. У яго ўвайшлі работы амаль ста прафесійных мастакоў: Таццяны Арцёмавай (шкло), Аляксандры Зіменка (кераміка, шкло), Алы Непачаловіч (габелен), Ірыны Куставай (батык, роспіс па тканіне), Наталлі Сухаверхавай (габелен) і іншых. Гартаючы кнігу, можна пазнаёміцца з беларускімі габеленамі, ткацтвам, вышыўкай, керамікай, шклом, саломкай, разьбой па дрэве, ювелірным мастацтвам і іншымі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

– Адкрываючы альбом, разумееш, як многа ў Беларусі моцных мастакоў, наколькі прасякнута іх творчасць культурнымі традыцыямі нашай краіны, – адзначыла на прэзентацыі кнігі дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, аўтар уступнага слова да альбома Наталля Шаранговіч. На яе думку, беларускае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва актыўна ўключаецца ў міжнародны творчы дыялог, чаму садзейнічае наладжванне сувязяў Беларусі з краінамі Усходу, дзе дэкаратыўныя традыцыі з’яўляюцца неад’емнай часткай нацыянальнай культуры.

Творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва беларускіх майстроў сёння ўпрыгожваюць сцены Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (да прыкладу, габелен Наталлі Сухаверхавай «Рагнеда»), Мірскага і Нясвіжскага замкаў, экспануюцца ў музеях Беларусі і знаходзяцца ў прыватных калекцыях замежнікаў. У чым «разыначка» беларускіх мастакоў? У іх здольнасці ўмела спалучаць аўтэнтычныя традыцыі з наватарствам.

Узяць, да прыкладу, работы Вадзіма Удавенкі. Гэта хіба адзіны мужчына-батыкіст у краіне. Аднак вядомым яго зрабіў не гэты факт, а партрэтныя выявы на шоўку і бавоўне. І хоць лічыцца, што тэхніка «батык» для партрэтаў зусім не падыходзіць, Вадзім, які сам канструюе неабходныя для працы тэхнічныя прыстасаванні і падбірае хімічныя саставы, змог даказаць адваротнае. Ён нават вынайшаў спосаб, як імітаваць на тканіне трэшчыны, як на тынкоўцы! З лёгкай рукі Вадзіма батык стаў у адзін шэраг са станковым жывапісам і дарос да манументальных маштабаў.

– Такога альбома не было ніколі: так поўна і маляўніча падаць творчасць беларускіх мастакоў не змагла ніводная энцыклапедыя, – падзялілася думкай намеснік старшыні секцыі мастацкага тэкстылю Беларускага саюза мастакоў Наталля Сухаверхава. – Таму выхад у свет гэтага альбома – вялікая падзея.

Дарэчы, у хуткім часе беларусы змогуць пазнаёміцца з айчынным сучасным мастацтвам яшчэ шырэй. Сёлета запланаваны выхад яшчэ адной кнігі серыі – «Сучасная беларуская графіка. ХХІ стагоддзе».

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Творам беларускіх тэкстыльшчыкаў і керамістаў могуць пазайздросціць многія краіны свету
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика