Беразінскае – гісторыя альтэрнатыўнай энергетыкі
28.04.2013
—
Разное
|
Так выглядае вытворчы будынак торфабрыкетнага завода “Беразінскі” цяпер. Тэма “альтэрнатыўнай” энергетыкі актуальная ва ўсім свеце. Беларусь не выключэнне.Сёння ў нас шмат кажуць і пра пераход на мясцовыя віды паліва, энэргазберажэнне і іншае. Да таго ж створаная і ўводзіцца ў дзеянне праграма па энергетычнай бяспецы краіны. Але я не стану засяроджвацца на сучаснасці і прапаную чытачу заглянуць у мінулае, у часы, калі ў “альтэрнатыўнай” энергетыцы на нашай зямлі проста не было альтэрнатывы. Усё пачалося з торфу Гаворка пойдзе пра пасляваенныя гады – канец 40-х і пачатак 50-х. У той час тэрыторыю рэспублікі яшчэ не праціналі іглы трубаправодаў з эфектыўным і танным палівам, а сваёй нафты крытычна не хапала. Таму роля асноўнага энэрганосьбіту ў адбудове пасля вайны эканомікі была адведзеная торфу. У пачатку 1950-х па ўсёй рэспубліцы адно за адным паўставалі прадпрыемствы торфаздабычы. Сярод якіх і торфазавод каля пасёлка Беразінскае. Гэты пасёлак у Маладзечанскім раёне быў заснаваны ў 1951 годзе, як працоўнае паселішча для рабочых торфазавода. Акрамя жылых дамоў тут былі пабудаваныя карпусы прафесійна-тэхнічнага вучылішча, якое павінна было займацца падрыхтоўкай кадраў для торфаздабываючай галіны прамысловасці. Само торфапрадпрыемства “Беразінскае” пачало працаваць ў студзені 1953 года. Багатая сыравінай даліна Заходняй Беразіны зрабіла Маладзечаншчыну буйным цэнтрам вытворчасці торфу. Ён актыўна выкарыстоўваўся як паліва для электрастанцый і як угнаенне для сельскай гаспадаркі. З прыходам у краіну ў сярэдзіне 1960-х нафты і газу з Сібіры, патрэба ў спальванні торфу знікла. Аграрнай гаспадарцы краіны не сталі патрэбныя такія вялікія аб’ёмы торфу, што здабываліся на беларускіх торфазаводах. Таму многія прадпрыемствы торфаздабычы ў Беларусі былі зачыненыя ці пераведзеныя на іншы від вытворчасці. Так і торфазавод у Беразінскім потым прыпыніў здабычу торфу і пераключыўся на выпуск дэталяў, запасных частак і тавараў народнага спажывання.' Што цяпер можна пабачыць у Беразінскім? Прадпрыемства ААТ “Беразінскае” існуе і сёння, але будынак былога торфазавода стаіць напаўзакінутым. Яго можна пабачыць, калі па трасе Маладзечна-Валожын пад’язджаць да вёскі Літва. Выкананы ў стылі прамысловага канструктывізму, велічэзны заводскі будынак добра бачны здалёк. Ён знаходзіцца каля лініі чыгункі Маладзечна-Ліда, але калісьці торфазавод меў сваю ўласную чыгуначную сетку. Асноўнай асаблівасцю здабычы торфу з’яўляецца тое, што яна вядзецца адкрытым спосабам. Слой торфу ўтвараецца на паверхні балот і таму пасля асушэння мясцовасці яго можна проста збіраць з зямлі адмысловымі машынамі. Дастаўка торфу ад радовішчаў звычайна праходзіць з дапамогай чыгункі, але не звычайнай, а спецыяльнай – вузкакалейнай, з шырынёй каляіны ў 750 мм (1520 мм – стандартная). Ад завода ў Беразінскім да торфанарыхтовак ў раёне Беразіны ішла такая самая вузкакалейка. Яе працягласць дасягала 10 км. Запасы торфу ў Беларусі налічвалі і налічваюць мільярды тон. Сёння ад старой вузкакалейкі засталіся толькі рэшткі насыпу. Рэйкі і шпалы даўно дэмантаваныя. Па гэтай чыгунцы хадзілі не толькі грузавыя вагоны, але і пасажырскія цягнікі, дакладней, аўтаматрысы – пасажырскія вагоны, абсталяваныя маторам для самастойнага перамяшчэння па рэйках без лакаматыва. З іх дапамогай работнікі торфазавода дабіраліся да месца здабычы торфу. Адзін з такіх матарызаваных вагонаў (іх яшчэ называюць “рэйкавымі аўтобусамі”) можна пабачыць на ўскрайку тэрыторыі прадпрыемства. Там знаходзіцца і перароблены пад павець пасажырскі вузкакалейны вагон ПВ40. Рэйкавы аўтобус на тэрыторыіі ААТ Беразінскае. Такога ж тыпу вагоны выкарыстоўваюцца цяпер на “Дзіцячай чыгунцы” ў Мінску. Гэта ўсё, што засталося ад былога рухомага саставу заводскай чыгункі. На тэрыторыі ж самога торфазавода захаваўся адзін аб’ект вузкакалейнай чыгуначнай інфраструктуры: высыпны тэрмінал з устаноўкай для перакульвання вагонаў з торфам. Высыпны тэрмінал. Нягледзячы на знешні заняпад і закінутасць, сёння завод не стаіць без справы. Частка памяшканняў галоўнага будынка пераробленая пад цэх прыватнай вытворчасці. На маю думку, торфазавод у Беразінскім быў і застаецца цікавым аб’ектам “альтэрнатыўнай” энергетыкі мінулага, як ніколі актуальнай і на сёння. Уладзімір САДОЎСКІ. Фота Уладзіміра САДОЎСКАГА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тэма “альтэрнатыўнай” энергетыкі актуальная ва ўсім свеце. Беларусь не выключэнне. |
|