Экс-пясняр Андрэй Усанаў: “Больш не хачу быць рабом”
29.04.2013
—
Разное
|
Андрэй Усанаў – саліст ансамбля “Спадчына”, былы саліст ансамбля “Песняры” – расказаў пра тое, што, каб дасягнуць вяршынь, пачынаць трэба з печыва. Спяшаючыся на сустрэчу з Андрэем, я ўспамінала, як адбылося маё завочнае знаёмства з ім. Мы з сяброўкай глядзелі тэлевізар, раптам яна ўскрыкнула: “Не пераключай! Дай палюбавацца!” “На каго?” – спыталася я”. – “Ды на гэтага маладзенькага, сімпатычнага саліста “Песняроў”! А потым ён раптоўна знік і з “Песняроў”, і з тэлебачання… А пытанні засталіся. Вось я і паспрабавала атрымаць на іх адказы ў самога Андрэя Усанава. І хацеў бы пагаварыць па-беларуску, ды няма з кім – Андрэй, я заўважыла, што вы на абшарах інтэрнэту вельмі часта дзеліцеся сваімі думкамі менавіта на беларускай мове... – Я вельмі люблю беларускую мову і вельмі хачу ёй авалодаць дасканала. А пагаварыць па-беларуску амаль няма з кім. Вы разумееце? Даводзіцца чытаць. – Што чытаеце? – Класіку. Янка Купала вельмі падабаецца. Захапляюся Максімам Багдановічам. Чалавек так мала пражыў у Беларусі, а такія творы напісаў: “Вераніка”, “Слуцкія ткачыхі”… – Ці звязаныя вы як-небудзь з Маладзечнам? – Так. Я скончыў Маладзечанскі політэхнічны каледж. Маладзечна – гэта маё юнацтва, студэнцкія гады, каханне, дзяўчаты, песні пад гітару… – А любімае месца ёсць? – Так, Палац культуры, дзе я ўпершыню ўзяў ў рукі мікрафон, стаў пераможцам конкурсу “Зоркі Маладзечна”. З таго часу і пачалося… У "Песнярах" мы адчувалі сябе гастарбайтарамі – Раскажыце пра ансамбль “Песняры”, як вы сталі яго салістам? – “Песнярам” мяне “паказала” рэжысёр ваеннага фестывалю “Зорка” Аксана Камінская, з якой мы і пазнаёміліся на гэтым конкурсе. Яны мяне праслухалі і адразу запрасілі ў калектыў. – “Уліліся” ў калектыў адразу? – Гэта быў цудоўны калектыў! 2008-2012 гады – росквіт “Песняроў”. Тады, у 2008-м, у калектыў прыйшлі цудоўныя людзі, натхнёныя творчасцю! Намі рухала толькі ідэя! – А што адбылося пасля? Чаму такі цудоўны калектыў праіснаваў так мала? – А што тут гаварыць? (Андрэй адводзіць позірк у акно). Мы па-ранейшаму натхнёныя адной ідэяй, толькі калектыў іншы… (Маўчанне) Разумееце, гэта доўга выспявала, кіраўніцтва ансамбля нас проста не хацела чуць… Калі я пакідаў калектыў, мне Вячаслаў Шарапаў (мастацкі кіраўнік “Песняроў” – “РГ”) нават “дзякуй” не сказаў. – У адным інтэрв’ю Вячаслаў Шарапаў сказаў, што ў артыста не можа быць прыярытэту матэрыяльных каштоўнасцей. Што вы пра гэта думаеце? – Ну вось з гэтай прычыны ў калектыве цяпер маладыя выпускнікі музычнага калежда, для якіх грошы – гэта не галоўнае. Андрэй заказвае каву і працягвае… — У “Песнярах” мы не раз адчувалі сябе быццам гастарбайтарамі. Прыязджалі на канцэрты ў дзіравых джынсах, самі насілі цяжкія сумкі з апаратурай… А побач з нашым аўтобусам спыняўся “Мерседэс” Марка Цішмана (расійскі спявак – “РГ”), і ён увесь такі ў касцюме за пяць тысяч даляраў прыязджаў, каб спець адну песню пад “фанеру”, а мы ўжывую спявалі 40 хвілін. Крыўдна ўсё гэта! – Я даўно не чула “Песняроў” у новым складзе. – А дзіва і не будзе, я вас запэўніваю. – А з мулявінскіх “Песняроў” вы з кім-небудзь знаёмыя? – А як жа! Працавалі разам з Леанідам Барткевічам, з Анатолем Кашапаравым. Барткевіч – зорка, яго любяць. Хаця смешны такі. Кажа мне (Андрэй далей расказвае голасам Леаніда Барткевіча): “Андрюша, у вас такой голос, прям как у меня в молодости, и поёте вы так, как я пел в молодости”. А Мулявіна, на жаль, я так і не ўбачыў, вось ён легендарным быў чалавекам. "Спадчына" – новы калектыў з былых "Песняроў" – А ў якім калектыве вы працуеце цяпер? – Ансамбль “Спадчына”, я б не сказаў, што ён новы. Сабраліся ў ім былыя “Песняры”: я, Вячаслаў Ісачанка, Леанід Вярэніч, Сяргей Шкрудзэ і іншыя. Хлопцы сабраліся, каб не губляцца, каб працаваць. У нас сыграны калектыў. – А песні з рэпертуару “Песняроў” спяваеце? – Не, цяпер мы працуем з праграмай “Легендарныя хіты беларускай эстрады”. Усе тыя песні, якія складаюць залаты фонд беларускай эстрады, якія ведаюць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Цяпер выступаем у Расіі, хутка плануем тур па Беларусі. – А Маладзечна таксама ўбачыць ансамбль “Спадчына”? – Так. Думаю, так. Я ніколі не буду спяваць дрэнныя песні! – Вы неяк гаварылі, што марыце пра “Еўрабачанне”. Мары не змяніліся? – Я з’ездзіў бы, але гэты конкурс нейкі… незразумелы. Я не разумею, па якіх крытэрыях адбіраюццца фаварыты і пераможцы. – А як вы ацэньваеце ўзровень Беларусі ў гэтым конкурсе? – Што? Які такі “ўзровень”? (Андрэй глядзіць на мяне вялікімі вачыма). Мы рыхтаваліся на “Еўрабачанне”, запісалі песню “Я – ліцвін”, можа чулі? Там словы такія: Я ліцвін тутэйшы родам. Сіл хапала маладзецкіх Зведаць край, напіцца воды з задняпроўскіх, камянецкіх І пад неба я падняўся ад дзявочага ўздыхання Як вясёлкам накупаўся ў крыніцы слёз кахання. Прыгожая песня з прыгожымі словамі. А ў нас за што народ галасуе? “Три рубля, хоп, хоп, три рубля…” (Андрэй напявае) – два словы, тры акорды. Я б ніколі не згадзіўся спяваць такія песні! – А хто вам здаецца цікавым з беларускіх выканаўцаў? Каго вы б адправілі на “Еўрабачанне”? – Я адправіў бы спевака Uzari. Вельмі цікавы ён, мне здаецца. Арыгінальны, а Еўропу трэба здзіўляць. – І што, вашых асабістых спроб больш не будзе на “Еўрабачанні”? – Не ведаю. Я цяпер спрабую рабіць сольную кар’еру. Неаднойчы запрашалі ў Маскву, але я вельмі пільна адношуся да кантрактаў, не хачу больш быць рабом. Мяне запрасілі ў Кіеў на запіс канцэрта да 9 Мая, там я думаю дамовіцца наконт здымак кліпа на песню “Раскажы”. Вось шукаю кампазітараў, каб напісалі для мяне добрыя, лірычныя песні. – А чаму толькі лірычныя? Вы, напрыклад, рокерам сябе не бачыце? – Не, ніколі не буду лезці ў рок. Рокерам трэба нарадзіцца. Курт Кабейн, Мік Джагер – вось гэта рокеры. А ўсе беларускія выканаўцы року – гэта ракапопс. – А самі якую музыку слухаеце? За Андрэя адказаў яго мабільнік, які зазваніў песняй гурта “ABBА” “Dancing queen”. Пагаварыўшы па тэлефоне, Андрэй паглядзеў у акно. – Так вясны хочацца ўжо. А ўвогуле я аптыміст. Хутка ўсё зменіцца… Пойдзем ужо? Пракаментаваць словы Андрэя пра гастарбайтараў мы папрасілі Валерыя Скаражонка, былога саліста і дырэктара беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”, які родам з Вілейкі: – Ну, наконт апаратуры не зусім так. Яе ўсё ж такі цягалі грузчыкі. А што датычыцца сваіх рэчаў, так, іх насілі самі. Не ведаю, кім сябе адчувалі іншыя, але я менавіта гастарбайтарам сябе і адчуваў. Асабліва ў апошні час. Таму цяперашнія “Песняры” – тэма для мяне закрытая. Яны проста для мяне не існуюць. Наталля ТУР. Фота andrei-usanov.ru. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Андрэй Усанаў – саліст ансамбля “Спадчына”, былы саліст ансамбля “Песняры” – расказаў пра тое, што, каб дасягнуць вяршынь, пачынаць трэба з печыва.
|
|