Вялікі Сэрвач – “раскіданае гняздо” Козелаў-Паклеўскіх
02.06.2013
—
Разное
|
Маёнтак у Сэрвачы. 150 год мінула ад пачатку паўстання 1863 года. Годны ўдзел у падзеях таго часу бралі пяцёра братоў Козелаў-Паклеўскіх, якія нарадзіліся ў маёнтку Вялікі Сэрвач (цяпер вёска Вялікая Сэрвач).Сэрвач – назва балцкага паходжання. Ад “serga” – “хвароба” ці “вартаваць”. Вёска Сэрвач Сэрвач (Вялікая Сэрвач ) – вёска ў Касцяневіцкім сельсавеце, у складзе раённага сельскагаспадарчага прадпрыемства “Першы Беларускі”. Знаходзіцца за 31 кіламетр на паўночны ўсход ад Вілейкі, 18 – ад чыгуначнай станцыі Княгінін на лініі Маладзечна-Полацк і за 131 кіламетр – ад Мінска. 18 гаспадарак, 51 жыхар на 2008 год. Паводле гістарычных крыніц вядомая з 16 стагоддзя, маёнтак, выдзелены з Куранецкай воласці. У 1505 годзе Я. Ю. Забярэзінскі, ваявода трокскі, маршалак земскі, атрымаў каралеўскі прывілей на пяць сёл даннікаў над Сэрвачам. У 1555 годзе – маёнтак, уласнасць Ю. Ванькевіча, першае ўпамінанне пра мястэчка, царква. У 1626-м – уласнасць М. Войны, каралеўскага сакратара. У 1744-м – маёнтак Гецэвічаў, суддзяў браслаўскіх, царква (уніяцкая). У 1765 годзе – маёнтак Элеаноры Радзевіч; у мястэчку 15 двароў, 96 жыхароў. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) – у складзе Расейскай імперыі. У 1800 годзе двор, сяло Сэрвач Вялікая – сумесная ўласнасць В. Козел (14 двароў, 100 сялян) і Сэрвацкай каталіцкай плябаніі (19 двароў); касцёл. Недзе ў 1800 годзе маёнтак адыходзіць да Козелаў-Паклеўскіх. КОЗЕЛЫ-ПАКЛЕЎСКІЯ
Старажытны шляхецкі род уласнага герба “Козел” у ВКЛ. Паходзіць з Прыдняпроўя. Родапачынальнік Казёл у 1415 годзе быў паслом вялікага князя ў горадзе Вісліца (Польшча). У 1504-м узгадваюцца Ян і Мікалай Казлы, ложнічыя караля і вялікага князя Аляксандра. Верагодна, у 16 стагоддзі Савіч Казёл перасяліўся з Прыдняпроўя ў паўночна-заходнюю Беларусь. Ад пачатку 17 стагоддзя род пачаў звацца Козелы-Паклеўскія – ад назвы свайго маёнтка Паклева ў Ашмянскім павеце; валодаў таксама Сухадоламі (Ашмянскі павет), землямі ў Віцебскім ваяводстве і іншымі. Ад 1667 да 1793 года прадстаўнікі роду былі старостамі дзісенскімі, займалі розныя пасады ў Ашмянскім, Вількамірскім, Аршанскім паветах, Інфлянтах. У канцы 18 стагоддзя ўтварыліся дзве новыя галіны роду: літоўская з сядзібай у Антокалі (Вількамірскі павет) і віцебская з сядзібай у Быкаўшчыне (Лепельскі павет). Кніга “Памяць. Вілейскі раён” узгадвае нейкую Барбару (Варвару) Козел-Паклеўскую з сёстрамі як першую гаспадыню Сэрвачы з роду Козелаў. Але ж радавод Козелаў-Паклеўскіх гаворыць нам пра іншае. Згодна з радаводам, першым уласнікам маёнтка з гэтага роду быў Юзаф-Каласанты Козел-Паклеўскі, які атрымаў Сэрвач як пасаг, калі ажаніўся з паненкай з роду Радзевічаў, папярэдніх уладароў маёнтка. А чаму тады ў энцыклапедыі пішацца “В.Козел”? Хутчэй за ўсё гэта пераклад на рускую мову імя Юзаф (Іосіф ці Восіп), бо на той час Сэрвач быў ужо ў складзе Расейскай імперыі. “Имение Великий Сервеч принадлежит помещику Ивану Осипову Козеллу по наследству от отца его как это видно из представленных документов (вводный акт Временного отделения Вилейского земского суда от 26 января 1841 года №2) и состоит в нераздельном и исключительном в его Козелла владению.” Гэта ўрывак з апісання маёнтка Вялікі Сэрвач, зробленага ў 1863 годзе расейскімі ўладамі з нагоды падрыхтоўкі да канфіскацыі маёмасці Яна Козела за ўдзел яго сыноў у паўстанні. Сапраўды, пасля Юзафа-Каласанты наступным уладальнікам Сэрвачы быў ягоны сын Ян Напалеон Козел-Паклеўскі. Гэты Ян і быў бацькам братоў-“інсургентаў”: Яна, Вінцэнта, Зянона, Юзафа і Міхала. Ян Козел-Паклеўскі Псеўданімы Скала, Якуб, Глябовіч (1837-1896). Нарадзіўся ў 1837 годзе ў маёнтку Сэрвач Вілейскага павета. Яго бацька, таксама Ян, быў ліберальным памешчыкам, уладальнікам маёнтка Вялікі Сэрвач, Жар і Харак, ганаровым куратарам гімназій Мінскай губерні, уласнікам некалькіх прыбытковых дамоў-камяніц у Вільні. Маці – Юзэфа Таленсдарф. Да 1852 года выхоўваўся дома, потым паступіў у школу гвардзейскіх падпрапаршчыкаў у Пецярбург. Далей была вучоба ў Вайсковай інжынернай акадэміі, якую скончыў з залатым медалём. У 1859 годзе падаў у адстаўку ў званні паручніка і адразу выехаў у Парыж, дзе паступіў у Вышэйшую вайсковую школу на інжынерны факультэт. Падчас вучобы ў Пецярбургу ён увайшоў у рэвалюцыйны гурток пад кіраўніцтвам З. Серакоўскага і Я. Дамброўскага, але за мяжой ён яшчэ больш пераканаўся ў неабходнасці барацьбы з самадзяржаўем за незалежнасць роднай Айчыны. Таму ў 1861 годзе ён вяртаецца на радзіму, дзе стварае арганізацыю “чырвоных” у Мінску. Увосень 1862 года Ян Козел як чалавек з шырокімі армейскімі сувязямі, быў выкліканы кіраўнікамі падполля ў Вільню замест Л. Звяждоўскага, пераведзенага па службе ў Маскву. Козел стаў чальцом Літоўскага Правінцыйнага камітэта, бліжэйшым паплечнікам Кастуся Каліноўскага па падрыхтоўцы паўстання на Беларусі і ў Літве. Калі пачалося паўстанне ў Польшчы (студзень 1863), Ян Козел па даручэнні Каліноўскага дзеля аб’яднання дзеянняў канспіратараў ездзіў у Пецярбург і Маскву, аб’ехаў Беларусь і толькі калі пачаўся пераслед яго з боку царскіх уладаў быў вымушаны з’ехаць у Польшчу. З вясны 1863 года працаваў у паўстанцкай арганізацыі ў Варшаве, быў рэферэнтам у вайсковым аддзеле паўстанцкага ўрада і нават камендантам Варшавы. Увосень 1863 ён пад псеўданімам Скала (палкоўнік Скала) прызначаецца ваенным начальнікам Аўгустоўскага і Гродзенскага ваяводстваў, потым камандзірам 3-га корпуса паўстанцкіх узброеных сіл. Пасля задушэння паўстання апынуўся ў эміграцыі, спачатку ў Дрэздане, а потым у Парыжы. У канцы 1864 года французскі ўрад прапанаваў яму згуртаваць і ўзначаліць аддзел сапёраў для запланаванага будаўніцтва канала ў Панаме, але справа тая не здзейснілася. З 1865 года працаваў інжынерам у Ла-Рашэлі. Калі пачалася франка-пруская вайна (1870 год), браў у ёй ўдзел на баку Францыі. Атрымаў пад сваё кіраўніцтва брыгаду пяхоты з Вандэі, потым узначальваў штаб 24 корпуса. Па заканчэнні вайны апынуўся ў Марсэлі, дзе спрабаваў працаўладкавацца. Там пазнаёміўся з расейскім консулам, з якім дамовіўся выдаваць часопіс, каб прапагандаваць ідэі панславянства. Гэткая здрада выклікала абурэнне ў колах польскай эміграцыі, і Ян Козел вымушаны быў вярнуцца на радзіму. Па вяртанні (студзень 1872) ён быў арыштаваны і сасланы простым жаўнерам у горад Верны (цяпер Алматы). Пасля службы ў войску застаўся ў Сярэдняй Азіі. У 1875 годзе атрымаў патэнт на заснаванне прадпрыемства па здабычы і апрацоўцы мармуру ў Кульджы. Акрамя гэтага меў яшчэ параход на рацэ Ілі і кіраваў будаўніцтвам моста праз раку Муграб, у Ашхабадзе. У 1883 вярнуўся на радзіму. Памёр 7 мая 1896 года. Пахаваны ў Бабруйску. Вінцэнт Козел-Паклеўскі (1838-1863) Нарадзіўся ў 1838 годзе ў маёнтку Вялікі Сэрвач Вілейскага павета. Таксама як і яго старэйшы брат Ян да 1852 года быў на хатнім выхаванні. У 1852 годзе разам з Янам паступіў у школу гвардзейскіх падпрапаршчыкаў у Пецярбургу, скончыўшы якую ў 1856 годзе застаўся вучыцца ў Пецярбургу на вайсковага інжынера разам з братам. Падчас вучобы належаў да афіцэрскай рэвалюцыйнай арганізацыі пад кіраўніцтвам З. Серакоўскага і Я. Дамброўскага. У 1858 годзе скончыў акадэмію і быў накіраваны на службу ў Вільню. Праз год пераведзены ў фінскі Свеаборг, дзе і служыў ваенным інжынерам да канца 1860-га. У гэтым жа годзе сыходзіць са службы ў званні штабс-капітана. На пачатку 1861-га па даручэнні кіраўніка віленскіх “чырвоных” Л. Звяждоўскага едзе ў Познань, каб наладзіць стасункі з тамтэйшымі патрыётамі. У сакавіку 1861 года вяртаецца на радзіму, дзе стварае рэвалюцыйную арганізацыю ў Вілейскім павеце. У студзені 1863 года прызначаны ваенным кіраўніком роднага Вілейскага павета, шырока прапагандаваў сярод насельніцтва праграмныя дакументы паўстання. Паводле ўспамінаў удзельніка тых падзей на Міншчыне В. Кошчыца, паўстанцкая арганізацыя ў Вілейскім павеце дзякуючы Козелу стаяла на самым высокім узроўні, прынамсі праца тут была наладжаная лепш, чым у большасці паветаў Мінскай губерні. На пачатку мая 1863 года згуртаваў і ўзначаліў паўстанцкі атрад, у якім налічвалася 200-250 чалавек. 28 мая 1863 загінуў у бітве з царскімі войскамі каля вёскі Уладыкі. Разам з ім палегла большая частка яго атрада. Паўстанцкая публіцыстыка ставіла Вінцэнта Козела ў адзін шэраг з кіраўніком лідскіх паўстанцаў Людвікам Нарбутам і называла “Літоўскім Леанідам” (па аналогіі са спартанскім царом, знакамітым героем Фермапіл). Пахаваны Вінцэнт Козел-Паклеўскі быў у брацкай магіле каля вёскі Уладыкі, разам з іншымі загінулымі ў тым баі паўстанцамі. Але існуюць звесткі аб тым, што яго бацька, Ян Козел, уладальнік Сэрвачы, употайкі перапахаваў цела Вінцэнта і яго малодшага брата Міхала, таксама загінуўшага пад Уладыкамі, у родным Сэрвачы, пад касцёлам, каб не знайшлі расейскія ўлады. Касцёл той у пачатку 1950-х разабралі і перавезлі ў вёску Давыдкі, пад клуб. Цяпер на месцы колішняга касцёла ў Сэрвачы невялічкі пагорак, а на ім – металічны крыж. Гэта і ёсць месца пахавання камандзіра вілейскіх паўстанцаў. Ён загінуў, але да гэтага часу з пакалення ў пакаленне перадаюцца яго апошнія словы: “Не мы, дык нашы косці здабудуць свабоду”. Юзаф Козел-Паклеўскі (1845-1915) Нарадзіўся ў 1845 годзе ў маёнтку Вялікі Сэрвач Вілейскага павета. Брат Яна і Вінцэнта Козелаў-Паклеўскіх. Удзельнік паўстання 1863 года. Пасля задушэння паўстання быў сасланы ў салдаты ў Омск. Дзякуючы сувязям сваяка Альфонса Фаміча Козела-Паклеўскага быў накіраваны адбываць пакаранне на Таліцкі вінакураны завод, які належаў А.Ф. Козелу-Паклеўскаму. Ад 1890 года ён ужо кіраўнік канторы Таліцкіх заводаў, упаўнаважаны па справах гандлёвага дома “Нашчадкі А.Ф. Козела-Паклеўскага”. Займаў шэраг пасад у Пермскай губерні. Ахвяраваў шмат грошай на мэты развіцця адукацыі і медыцыны Урала. Быў жанаты на Юліі Паўлаўне Козел-Паклеўскай (ад 1883), дачцэ Паўла Козела-Паклеўскага, уладальніка маёнтка Дзекшне Вількамірскага павета, удзельніка паўстання 1863 года, ад якой меў трох сыноў: Тадэвуша, Вінцэнта і Юзафа. Памёр 31 студзеня 1915 года ў Таліцы Камышлоўскага павета Пермскай губерні, дзе і пахаваны. Пасля яго смерці жонка Юлія разам з сынамі вяртаецца ў Вялікі Сэрвач і дзеліць спадчыну мужа паміж нашчадкамі. Старэйшы сын Юзаф атрымаў Вялікі Сэрвач, Вінцэнт – толькі пабудаванае Людвінова, з закладзенай у ім фермай серабрыстых ліс, а малодшы Тадэвуш атрымаў Кастыкі, у якіх быў вадзяны млын. З трох братоў натуральнай смерцю памёр толькі старэйшы Юзаф, у якога было пяцёра дзяцей: Эльжбэта, Ізабэла, Юлія, Тадэвуш і Міхал, якія цяпер жывуць у Польшчы. Сярэдні брат Вінцэнт быў расстраляны НКВД у 1940 годзе ў лагеры польскіх ваеннапалонных у Казельску. Малодшы з братоў Тадэвуш быў расстраляны немцамі ў 1942 за ўдзел у Арміі Краёвай. Зянон Козел-Паклеўскі (1842-1878) Нарадзіўся ў маёнтку Вялікі Сэрвач у 1842 годзе. Брат Яна і Вінцэнта Козелаў-Паклеўскіх. У 1863 годзе вучыўся ў Віленскай гімназіі. За рэвалюцыйную агітацыю сярод вучняў гімназіі ў лютым 1863-га быў сасланы на тры гады ў Арэнбургскі асобны корпус простым шарагоўцам. Міхал Козел-Паклеўскі (1847-1863) Нарадзіўся ў 1847 годзе ў маёнтку Вялікі Сэрвач Вілейскага павета. Малодшы з братоў Козелаў-Паклеўскіх. Удзельнік паўстання 1863 года. Загінуў у баі з царскімі войскамі каля вёскі Уладыкі разам з братам Вінцэнтам. Перапахаваны бацькам у родным Сэрвачы пад алтаром сэрвацкага касцёла. Вось мы і даведаліся, адкуль у Сэрвачы з’явіліся браты-паўстанцы і хто былі іх продкі. А цяпер паспрабуем уявіць сабе, як выглядаў Вялікі Сэрвач у часы паўстання. Годны ўдзел у падзеях таго часу бралі пяцёра братоў Козелаў-Паклеўскіх, якія нарадзіліся ў маёнтку Вялікі Сэрвач (цяпер вёска Вялікая Сэрвач). Паспрабуем уявіць сабе, як выглядаў Вялікі Сэрвач у часы паўстання. Дапаможа нам у гэтым усё тое ж апісанне маёнтка, складзенае расейскімі ўладамі ў 1863 годзе, і старыя фотаздымкі. Па-першае, паглядзім на сядзібны дом ці, як тады казалі, “палацык”. Гэтак яго апісвае царскі службовец: “Жылы панскі двухпавярховы мураваны дом, у даўжыню 8,5, у шырыню 12,5 сажня (18,1 метра на 26,6 – рэд.) Пры гэтым доме па абодва бакі ад фронту два мураваныя флігелі – даўжынёй 6,1/4 і шырынёй 2,1/4, накрытыя гонтам. У доме сем і ў флігелях пакояў 14, вялікіх вокнаў з жалезнымі кручкамі 30, печак у доме кафляных вялікіх з юшкамі і дзверцамі жалезнымі дзевяць, дзвярэй на жалезных круках з жалезнымі ручкамі і ключамі 28; у доме гэтым падлога драўляная ва ўсіх пакоях, за выключэннем дзвюх вялікіх залаў, дзе падлога паркетная. У падмурках гэтага дома зроблены склеп з шасцю аддзеламі. Дом гэты трывалы”. Дом быў пабудаваны ў другой палове 1830-х, таму на здымку яму прыблізна 100 год. Але, напэўна, акрамя даху (быў з гонтаў, а на фота – з бляхі ), анічога не змянілася. Гэткім яго бачылі і браты Козелы-Паклеўскія. Акрамя дома, у маёнтку было шмат яшчэ якіх гаспадарчых пабудоў, але апісанне іх зойме шмат месца. Касцёл у Сэрвачы мае дачыненне да падзей паўстання, бо ў ім, паводле паданняў, былі пахаваныя два браты Козелы-Паклеўскія, якія загінулі пад Уладыкамі. Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі ў Сэрвачы. Фундатарам касцёла быў бацька паўстанцаў Ян Напалеон, на грошы якога касцёл і пабудавалі ў 1852 годзе. У 1950-х яго разабралі і перавезлі пад клуб у вёску Давыдкі. Да нашых дзён захаваўся будынак капліцы-пахавальні роду Козелаў-Паклеўскіх на мясцовых могілках. Капліца-пахавальня Козелаў-Паклеўскіх Капліца пабудаваная ў 1840-х гадах дзедзічамі маёнтка Вялікі Сэрвач Козеламі-Паклеўскімі як радавая пахавальня. Гэта цагляны, атынкаваны, наўпросткутны будынак ў стылі класіцызму пад двухсхільным дахам. Склеп-пахавальня знаходзіцца пад капліцай. У алтары капліцы ўсталяваны абраз “Пан Езус каля слупа бічаваны”. Капліца належыць да Касцяневіцкай парафіі, і ў ёй ладзяцца набажэнствы. Капліца-пахавальня Козелаў-Паклеўскіх з’яўляецца помнікам архітэктуры 19 стагоддзя. Цікава, што Козелы нейкім чынам усё ж такі не страцілі свой маёнтак у 1863 годзе. Магчыма, за хабар, бо ў апісанні маёнтка гаворыцца: “Грашовых капіталаў, залатых, срэбных рэчаў не знойдзена”. Годны ўдзел у падзеях таго часу бралі пяцёра братоў Козелаў-Паклеўскіх, якія нарадзіліся ў маёнтку Вялікі Сэрвач (цяпер вёска Вялікая Сэрвач). Цікава, што Козелы нейкім чынам усё ж такі не страцілі свой маёнтак у 1863 годзе. Магчыма, меў месца хабар, бо ў апісанні маёнтка гаворыцца: “Грашовых капіталаў, залатых, срэбраных рэчаў не знойдзена”. Хаця там жа напісана: “У маёнтку Сэрвач карчма пры паштовай дарозе знаходзіцца на арэндным утрыманні да 1864 года ў сялян маёнтка Сэрвач Іосіфа Де...лы па дагаворы з памешчыкам Козелам, дае прыбытак 200 рублёў. Юзаф, Вінцэнт і Тадэвуш Козелы-Паклеўскія. Вялікі Сэрвач. 1938 год. Фруктовы сад, у якім знаходзяцца дрэвы: яблыневых вялікіх пладаносных 34, яблыневых малых дрэваў 52 і груш невялікіх дрэваў 42. Дрэваў сліваў невялікіх 186, малых 54 дрэвы. Сад гэты памешчык Козел на гэты год аддаў у арэнду яўрэю Осеру Гурвічу за 40 рублёў, у лік якіх 20 рублёў выплачаныя 4 мая, а астатнія 20 рублёў яшчэ атрымаў ад гэтага яўрэя. Рыбацтва на рацэ Сэрвач памешчык Козел не аддаваў з-за малога полава рыбы, якую лавілі толькі на кухню ў двор маёнтка Сэрвач. Але калі аддаваць у арэнду, то можна атрымаць каля 15 рублёў. Запазычанасцяў на маёнтку паводле указання гаспадара Івана Козела няма”. Агульная плошча зямель гэтага роду падчас Другой Рэчы Паспалітай складала 4850 гектараў, што ставіла іх на 283 месца сярод землеўласнікаў той дзяржавы. Ведамасць з пасеваў на землях маёнтка Сэрвач, якую склалі 12 ліпеня 1863 года: “Дзесяцін Жыта 35 Пшаніцы азімай 1 Пшаніцы яравой 4 Аўса 15 Гароха 7 Бульбы 2 Канапель 1/2 Ільну 2/3”. Трэба яшчэ ўзгадаць, што ён быў гаспадаром некалькіх прыбытковых дамоў у Вільні, але тады ўзнікае пытанне: “Чаму ў яго не было грошай і золата?” Напэўна, усе грошы пайшлі на тое, каб уратаваць маёнтак і сваіх сыноў. Так ці інакш, але маёнтак застаўся ў Козелаў. Сучасныя нашчадкі Козелаў-Паклеўскіх прыгадваюць, што ўсе браты-паўстанцы, якія былі сасланыя ў жаўнеры, некалькі разоў наведвалі родны маёнтак, але сяліцца тут ім было забаронена. І ўжо толькі падчас Першай сусветнай вайны сыны Юзафа (Юзаф, Вінцэнт і Тадэвуш) разам з маці Юліяй вяртаюцца на спадчынныя землі свайго роду. Апошнім уладальнікам Сэрвачы робіцца старэйшы з іх, Юзаф. Вінцэнт атрымлівае Людвінова, а Тадэвуш – Кастыкі. Паводле ўспамінаў мясцовых доўгажыхароў, Юзаф болей жыў у Вільні ды Польшчы, а гаспадаркай ў маёнтку кіраваў аканом па прозвішчы Верашчака. Пры ім у Сэрвачы нават выраблялі сыры, якія потым прадавалі за мяжой. Дзеля гэтага ў маёнтак запрасілі майстра з Францыі. Маёнтак Вялікі Сэрвач быў досыць багатым і прыносіў сваім гаспадарам добрыя прыбыткі. Але надышоў год 1939, а разам з ім і саветы. На гэтым заканчваецца гісторыя панавання роду Козелаў-Паклеўскіх ў Сэрвачы. Гэта адзінае, што засталося ад палацыка слыннага роду Козелаў-Паклеўскіх. Больш прадстаўнікі гэтага роду не з’явяцца ў нашых мясцінах, акрамя Тадэвуша, які падчас нямецкай акупацыі вяртаецца ў свае Кастыкі, але ўжо ў 1942 годзе яго расстралялі немцы ў Вілейскай турме за ўдзел у канспірацыі Арміі Краёвай. Сённяшні выгляд калісьці заможнага маёнтка ў Сэрвачы пакідае ў роспачы. Дыхтоўны сядзібны дом Козелаў-Паклеўскіх спалілі падчас вайны партызаны. Рэшткі разабралі пасля вайны “на цэглу” мясцовыя жыхары. Сёння пасярод гурбаў гною, паросшых пустазеллем і кустаўём, узвышаецца, як слуп, адзіны вугал колішняга палацыка. Яшчэ больш-менш захаваўся будынак вінакурні на беразе Сэрвачы і ўжо ўзгаданая намі капліца-пахавальня на могілках. Вось і ўсё, што засталося ад маёмасці слыннага шляхецкага роду Козелаў-Паклеўскіх, якія гаспадарылі на гэтай зямлі, баранілі яе, змагаліся за яе незалежнасць і пахаваныя ў ёй. Сёлета сябры вілейскай суполкі ”Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры” плануюць усталяваць у Сэрвачы інфармацыйныя стэнды, з якіх кожны зацікаўлены вандроўнік зможа даведацца аб гісторыі гэтага месца і яго колішніх гаспадароў. Зміцер Хаценчык, сябра Вілейскай суполкі “Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”. Архіўныя дакументы і фотаздымкі перададзеныя старшынёй Вілейскай суполкі “ТАПГіК” Дзянісам Канецкім. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
150 год мінула ад пачатку паўстання 1863 года. Годны ўдзел у падзеях таго часу бралі пяцёра братоў Козелаў-Паклеўскіх, якія нарадзіліся ў маёнтку Вялікі Сэрвач (цяпер... |
|