Што варта пакаштаваць за мяжой? (+рэцэпт баршчу па-ўкраінску)
11.08.2013
—
Разное
|
Есці грыбны суп з хлебнага гаршчочка – абавязковы рытуал для многіх, хто ўпершыню прыехаў у Літву. У час летняга адпачынку многія разважаюць над тым, дзе ж яго правесці: падарожнічаць у Беларусі ці выехаць за мяжу?Калі мы абіраем другі варыянт, то і не задумваемся, што ад выбару краіны, па якой давядзецца вандраваць, залежыць і тое, што мы будзем есці. Разам з жыхарамі суседніх краін спрабуем разабрацца, што ў нацыянальнай кухні варта пакаштаваць турыстам. Літва: суп наліваюць у... хлеб Страва даўно стала звыклай не толькі для Літвы, але і для заходнеславянскіх краін. Свае варыянты супу ў хлебным гаршчочку вам прапануюць і ў Польшчы, і ў Чэхіі. Для таго, каб прыгатаваць страву, робяць спецыяльны круглы хлеб з тоўстай скарынкай. Пасля зразаюць верх каравая і асцярожна дастаюць хлебны мякіш, пакідаючы сценкі таўшчынёй у адзін-два сантыметры. Для такога гаршчочка падыходзіць не кожны суп: надта рэдкія могуць хутка прамачыць хлебную скарынку. Лепш за ўсё у гаршчочку падаваць супы-пюрэ. У Літве асаблівай папулярнасцю карыстаецца грыбны суп. – Такую страву часцей можна пабачыць у кавярнях, якія спецыялізуюцца на народнай кухні, – заўважае вілянчук Томас Тамілінас. – На маю думку, такі суп не мае ніякага дачынення да народа. Уявіце, як маглі нашы продкі зрабіць дзірку ў хлебе, а пасля заліць туды суп? Яны б ніколі не здзекаваліся так з хлеба, які ў іх быў на вагу золата. Затое цяпер страва вельмі прыцягвае турыстаў і дае прыбытак кавярням. Мы самі ядзім такі суп вельмі рэдка. Як правільна з’есці суп у хлебе – таксама асобная навука. Некаторыя проста ядуць суп, а гаршчочак пакідаюць. Іншыя паступова адломваюць краі гаршчочка і ядуць яго разам з супам. А ёсць і ахвотнікі паскрэбці лыжкай хлебны мякіш са сценак, дадаючы яго да супу. Але рабіць гэта трэба асцярожна, каб не атрымаць дзірку ў “посудзе”. Польшча: традыцыйныя бігас і журэк Часцей за ўсё менавіта гэтыя дзве стравы прапануюць палякі замежным турыстам. Пры гэтым падкрэсліваюць: для беларуса яны могуць быць зусім не новымі, бо нашы кухні сапраўды вельмі падобныя. Свае варыянты тых жа страў могуць быць і ў беларускай кухні, толькі мець іншую назву. Некаторыя стравы маюць сваю гісторыю. Згадкі пра іх можна знайсці нават у літаратуры. Знакаміты бігас – страва са свежай і кіслай капусты з мясам – апісвае Адам Міцкевіч у паэме “Пан Тадэвуш”: У кацельцах тушылі бігос. Але выказаць трудна/ дзіўны яго колер і смак, і як пахне ён цудна;/ бо слоў толькі гукі пачуе і рыфмаў зьмяняньне,/ а іхняга зьместу мяшчанскі трыбух не уцяме… Цаніць каб належна літоўскія песьні і стравы,/ Бярэцца да гэтага сечана кісла капуста,/ сама, як той кажа, у рот яна лезе, як клуста;/ закрыта ў катле, яна ў вогкім нутры абымае/ найлепшага мяса кускі да сябе прытуляе;/ а пражыцца так, каб агонь зь яе выціснуў клёку/ найболей, аж пырсьнецца варам з начыньня ад соку/ і ўкола прасыце сваім араматам. Бігос во гатовы. (Пераклад Браніслава Тарашкевіча). Сапраўды народным можна назваць і суп журэк. – Журэк мы часта ядзім у паўсядзённым жыцці, – кажа жыхар Кракава Лукаш Міхалоўскі. – Я сам яго гатую вельмі рэдка, бо рэцэпт для мяне складаны. А вось знайсці яго ў звычайнай сталоўцы нескладана. Назва стравы паходзіць ад слова “жур” – адмысловай закваскі на аснове аржаной мукі. Самастойна прыгатаваць яе і праўда складана, але ў Польшчы закваска прадаецца ў бутэльках рознага памеру. Абавязковы складнік супу – белыя кілбаскі. У ідэале іх таксама трэба рабіць самастойна, але часцей іх набываюць у краме. Ужо перад падачай на стол у суп дадаюць варанае яйка і смятану. Украінскі боршч – “самы правільны” Вядома, заехаўшы ў суседнюю Украіну, немагчыма знайсці рэстаран, кавярню ці сталовую, у якіх бы не прапаноўвалі боршч. – Мы вельмі часта гатуем яго самі, – гаворыць украінка Ганна Анішчанка з Мікалаева. – На смак ён паўсюль розны. Нават калі набор прадуктаў аднолькавы, боршч усё роўна ў кожнай гаспадыні атрымаецца свой. Часта да баршча дадаюць галушкі – невялікія кавалачкі цеста, а таксама – часночны соус. Галушкі падаюць і асобна, але з баршчом яны добра дапаўняюць адно аднаго. – Боршч лічаць сваёй нацыянальнай стравай не толькі ўкраінцы, – дадае Ганна. – Неяк у Варшаве давялося яго пакаштаваць. Памятаю, як я здзівілася: замест наварыстага баршчу мне прынеслі чырвоненькую вадзічку з трыма пельменямі! Да таго ж палякі гатуюць боршч на заквасцы, і гэта адразу адчуваецца на смак. Калі хочаце пакаштаваць сапраўдны боршч – прыязджайце да нас на Украіну! Боршч па-ўкраінску Сваім рэцэптам баршчу падзялілася з “РГ” украінка Ганна Анішчанка. Вам спатрэбіцца: 600 грамаў мяса (лепей свіныя рэбры) Спачатку трэба зварыць мясны булён. Да гатовага булёну дадаць бульбу, нарэзаную кубікамі. Бурак нарэзаць саломкай і абсмажыць на патэльні. Пасля на патэльню дадаць нарэзаныя моркву і цыбулю. Гародніну абсмажыць да залацістага колеру цыбулі. З памідораў трэба зняць лупіну і надзёрці на тарцы. Атрыманую масу дадаць да таматнай пасты і нарэзанага перцу, пасля ўліць адну шклянку булёну. Тое, што атрымалася, трэба патушыць на патэльні каля дзесяці хвілін. Калі ў булёне ўжо зварыцца бульба, трэба дадаць у каструлю гародніну, таматную масу, а таксама нашаткаваную капусту і зеляніну. Не забудзьцеся пасаліць боршч на свой густ. Чым больш зеляніны – тым лепей. Пракіпяціце боршч яшчэ хвілін пяць. Галоўны сакрэт: перад самым выключэннем газу трэба дадаць у боршч кавалачак сала і расцёрты зубок часнаку. Смачна есці! Аляксандра ПАРАХНЯ. Фота забяспечана Аляксандрай ПАРАХНЁЙ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У час летняга адпачынку многія разважаюць над тым, дзе ж яго правесці: падарожнічаць у Беларусі ці выехаць за мяжу?
|
|