Шаноўная каралева
10.09.2013
—
Разное
|
У Мазырскiм раёне ствараюцца высокапрадукцыйныя гiбрыды кукурузы, дзякуючы якiм сельгаспрадпрыемствы па ўсёй краiне будуць забяспечаны айчынным насеннем У апошнія гады нашы земляробы збіраюць пад мільён дзвесце тысяч тон кукурузы. А нядаўна гэта здавалася фантастыкай. Нават валюнтарыст Мікіта Хрушчоў, які з зайздроснай настойлівасцю рухаў яе ледзьве не за Палярны круг, і той не адважваўся патрабаваць немагчымага. А ён жа так быў зачараваны каралевай палёў у амерыканскага фермера Гарста! Вучыцца канкурыраваць... Яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя пачаліся даследаваннi па селекцыі і тэхналогіі вырошчвання кукурузы не толькі на сілас і зялёную масу. Ушчыльна імі займаліся Барыс Журавель, цяперашні акадэмік Васіль Шлапуноў, кандыдаты навук Зінаіда Глушына, Мікалай Надтачаеў. Пачатак плённа працягвае калектыў РНДУП “Палескі інстытут раслінаводства”, што ў пасёлку Крынічны Мазырскага раёна, РУП “НПЦ НАН Беларусі па земляробству”. — Мы сканцэнтраваліся на стварэнні высокапрадукцыйных гібрыдаў кукурузы ўніверсальнага выкарыстання, — гаворыць яго дырэктар, кандыдат сельскагаспадарчых навук Леанід Шыманскі. — Мы адзіная арганізацыя ў краіне, якая атрымлівае яе бацькоўскія формы. Штогод рэалізуем да 150 тон насення гібрыдаў першага пакалення і 50 тон бацькоўскіх форм. Дарэчы, апошнія каштуюць каля шасці долараў за кілаграм, калі завозіць іх з-за мяжы. Цана апошнім часам стабілізавалася, таму што мы сталі дастойнымі канкурэнтамі замежным фірмам. А яшчэ задача заключаецца ў тым, каб у бліжэйшай перспектыве поўнасцю забяспечыць патрэбы краiны ў айчынным насенні. Цяпер раяніраваны тры гібрыды. З іх “палескі 212 СВ” займае да 40 працэнтаў у пасевах на насенне, а на таварных палях — чвэрць. Дзяржаўнае выпрабаванне праходзяць якасна новыя гібрыды зерневага і ўніверсальнага напрамкаў: “палескі 101 СВ”, “палескі 103”, “палескі 175 СВ”. Патэнцыял іх даволі высокі — да 120 цэнтнераў зерня і 200 цэнтнераў сухога рэчыва з гектара. Гэта дазваляе ім быць у шэрагу канкурэнтаў з замежнымі аналагамі. Перавагі супрацоўніцтва Пачатак прамысловае насенняводства бярэ са стварэння творчай групай БЕМА (Беларусь — Малдова) за 1982—2000 гады серыі з шасці гібрыдаў. Чаму менавіта з малдаўскімі калегамі наладзілі цеснае супрацоўніцтва беларускія селекцыянеры? Ды таму, што для нашых паўднёвых суседзяў кукуруза спакон веку з’яўляецца традыцыйнай харчовай і кармавой культурай. У савецкія часы там быў і спецыялізаваны навукова-даследчы інстытут. Спалучэнне намаганняў толькі на карысць абодвум бакам. Вось і былі закладзены ў АТ “Ністру-Алэнешт” участкі бацькоўскіх форм гібрыда “палескі 212 СВ”. Намалочана 57 тон насення высокай якасці. Сёлета ў аграпрамысловай гаспадарцы АТ “Ністру-Алэнешт” закладзены ўчасткі гібрыдызацыі бацькоўскіх форм “Дар’я М” і “Якуб СВ” па 40 гектараў кожны. Як “ідзе працэс”, праінспектавалі нядаўна генеральны дырэктар НПЦ па земляробству Фёдар Прывалаў і Леанід Шыманскі. Убачаным задаволены: пасевы роўныя, пачаткі добра наліваюцца. Значыць, запланаваны збор у 35—40 тон гібрыда “Дар’я М” і 40—45 тон гібрыда “Якуб СВ” будзе. Плюс сваё залацістае зерне “Ці не падножка гэта айчыннаму насенняводству?” — цікавімся ў спецыяліста. — Дапаўненне, — кажа Леанід Шыманскі. — Сёлета намечана атрымаць насення гібрыдаў першага пакалення 24—25 тысяч тон. Вытворчасць бацькоўскіх форм гібрыдаў беларускай селекцыі павінна скласці 190 тон, або каля 75 працэнтаў ад патрэбы. Практыка сведчыць, што ва ўмовах нават поўдня нашай краiны гэта звязана з пэўнай рызыкай, бо год на год не выпадае. Скажам, у 2009 годзе сабралі толькі 20 тон, а ў наступным ужо 108 тон. Пазбегнуць такіх ваганняў і дапаможа супрацоўніцтва з малдаўскімі аграрыямі. У іх спрыяльных кліматычных умовах можна гарантавана атрымліваць познеспелую мацярынскую форму, захоўваць розныя тэрміны сяўбы бацькоўскіх кампанентаў пры меншых матэрыяльных выдатках. Позніх жа гібрыдаў нам патрэбна 5—6 тысяч тон штогод. Для поўнага забеспячэння попыту ў класным пасяўным матэрыяле ў Мазыры і Івацэвічах уведзены ў строй кукурузакалібровачныя заводы. Замяшчэнне імпарту на гэтай пазіцыі дазволіць эканоміць 20 мільёнаў долараў у год. Тое, што мы змаглі вырошчваць кукурузу на зерне ў вялікіх аб’ёмах і амаль на ўсёй тэрыторыі краіны, сведчыць аб пераломе не толькі ў селекцыі і тэхналогіі вырочшвання паўднёвай культуры, але і ў псіхалогіі гаспадарнікаў. Сёння ўжо нікога не здзівіш ураджаямі ў сто і больш цэнтнераў з гектара. Важна, каб такая лічба не была прэрагатывай “выбраных”, як СВК “Агракамбінат “Сноў” Нясвіжскага і “Дзяржынскі”, “Прагрэс”, “Кастрычнік” Гродзенскага раёнаў, а большасці сельгасарганізацый. Селекцыянерам наканавана тут быць на крок наперадзе масавай вытворчасці. І на доследных дзялянках ужо спеюць пачаткі, здольныя забяспечваць 240 цэнтнераў кармавых адзінак з гектара. Такімі і на Захадзе хваляцца. Задача ж не толькі ў тым, каб атрымаць унушальны вал, але каб прадукцыя ферм была канкурэнтаздольнай. Даўняя формула — больш з найменшымі выдаткамі — з парадку дня не здымаецца. А фураж якраз і займае асноўную долю ў фарміраванні сабекошту жывёлагадоўчай прадукцыі. Кукурузныя “зялёнка”, сілас, зерне не з танных. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Мазырскiм раёне ствараюцца высокапрадукцыйныя гiбрыды кукурузы, дзякуючы якiм сельгаспрадпрыемствы па ўсёй краiне будуць забяспечаны айчынным насеннем
|
|