У Смаргоні ўсталявалі помнік воінам-інтэрнацыяналістам. 21.by

У Смаргоні ўсталявалі помнік воінам-інтэрнацыяналістам

11.09.2013 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Яго адкрыццё адбудзецца ў пятніцу, 13 верасня.

Знаходзіцца помнік на вуліцы Танкістаў, непадалёк ад цэнтральнай бібліятэкі.

– Месца такое абралі, каб воінам-інтэрнацыяналістам было зручна да яго прыходзіць, ускладаць кветкі, – тлумачыць начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аляксей Апановіч. – Звычайна яны збіраюцца ў зале райвыканкама. Адсюль да помніка зусім недалёка.

Сам камень апрацоўвалі на станку з дапамогай камп’ютарнай праграмы. Кіраваў гэтым працэсам і займаўся аддзелачнымі працамі ганаровы грамадзянін Смаргоні, скульптар, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Церабун (ніжэй на фота).


– Больш за год мы працавалі разам з архітэктарам Аляксандрам Бажыдаем над тым, каб помнік з’явіўся, – кажа спадар Уладзімір. – Аднак нашмат больш часу занялі ўзгадненні і дакументацыя, чым сама праца з каменем; камень з Карэліі, “арэхаўскі” называецца.

Помнік воінам-інтэрнацыяналістам складаецца з трох камянёў: падэшва і яшчэ два, злучаныя пасярэдзіне.


– Як мастак, я назіраў і за працай тых, хто апрацоўваў камень, – працягвае Уладзімір Церабун. – Трэба было сачыць, каб усё супала. Дарэчы, тут мы сутыкнуліся з цяжкасцямі. Майстра выпілоўваў на абодвух камянях удар ад снараду. Камяні ляжалі асобна і, калі іх злучылі, гэты след згубіўся, бо быў занадта малы. Прыйшлося выпраўляць. Даводзілася сачыць і за тым, каб з кожнага боку каменя спілавалі не больш і не менш, а менавіта столькі, колькі трэба, і пад патрэбным вуглом.

– Ці працавалі вы раней з камянямі?

– Даводзілася, але не вельмі шмат. Падчас працы над помнікам трэба было больш кантраляваць, чым самому рабіць. Хаця аднойчы быў выпадак, калі майстар не змог прыйсці, і я раззлаваўся, узяў балгарку і круг, што якраз былі пад рукой, і сам усё парабіў.

– Як людзі рэагавалі на з’яўленне новага помніка?

– Мне ўжо давялося пачуць некалькі цікавых думак ад гараджан. Адзін чалавек выказаў меркаванне, што след ад снараду сімвалізуе расстралянае сэрца воіна. Другі – што дзюрка ў камяні нагадвае тунель, праз які пралятае душа чалавека, які адыходзіць у іншы свет, што мы называем вечнасцю.


– Як прыйшла да вас ідэя паказаць на камяні ўдар ад снарада?

– Ведаеце, а гэта вось так зверху цюкае. Нельга сцвярджаць, што ў помніку павінна быць канкрэтыка. На маю думку, трэба, каб, гледзячы на яго, узнікалі пэўныя асацыяцыі. Мая першая асацыяцыя – у камень трапіў асколак снарада, які рвануў. Загінулі людзі. Дарэчы, наконт распрацоўкі помніка. Практыка паказвае, што самы першы накід найбольш эмацыйны. Ён і застаецца ў аснове.

– Ці мае для вас асабістае значэнне праца над гэтым помнікам?

– Калі гэты помнік хоць крышачку суцішыць боль блізкіх і родных загінулых, то мой абавязак як грамадзяніна, мастака будзе выкананы.

Настасся РОЎДА.


ТЛУМАЧАЛЬНАЯ  ЗАПІСКА

Аснову памятнага знака “РЭХА ВАЙНЫ”, прысвечанага  воінам-інтэрнацыяналістам  Смаргоншчыны,  якія загінулі пры  выкананні воінскага  абавязку,  уяўляе  сабой   камень,  як  напамін  афганскіх  гор.  Пасля  выбуху асколак снарада ўпіўся ў гэты камень, забраўшы жыцці маладых воінаў. Той след, што пакінуў асколак,  наводзіць жах  і  напамінае  жывым  аб  тым,  што  трэба  рабіць  ўсё,  каб  ніякіх  войнаў  не  ведала чалавецтва.

Злева ўнізе надпіс: “Воінам-інтэрнацыяналістам Смаргоншчыны, якія  загінулі  пры  выкананні  воінскага  абавязку”

Насупраць – імёны воінаў, прозвішчы, узрост (гады).

Надпісы і асколак снарада выконваюцца з бронзы і паліруюцца.

Агульная вышыня з пастаментам – 230 сантыметраў.


Уладзімір ЦЕРАБУН, скульптар,

Наталля ЦЕРАБУН, дызайнер,

Аляксандр БАЖЫДАЙ, архітэктар.

Фота забяспечана Аляксандрам ЦЕРАБУНОМ, smorgon.org.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яго адкрыццё адбудзецца ў пятніцу, 13 верасня.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика