Помніць, каб стаць моцнымі
08.10.2013
—
Разное
|
ля помніка ў вёсцы Шкленікова Адразу ў дзвюх вёсках Мядзельскага раёна ў адзін дзень, 27 верасня, ушанавалі памяць спаленых фашыстамі 70 год таму землякоў.Адразу мітынг-рэквіем адбыўся ў вёсцы Шкленікова. На ім прысутнічалі прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, школьнікі, жыхары вёскі і сваякі загінуўшых. Яны аддалі даніну памяці бязвінным ахвярам, усклалі вянкі і кветкі да помніка. А хто з бабулек падаў на калені ля помніка з крыжам і хрысціўся. – Баба мая родная, цётка тут ляжаць, – расказвае адна з іх. – Як пачулі, што фашысты ідуць, мы на балота паляцелі, а старыя тут засталіся. Хто ж ведаў, што іх згоняць у хлеў і спаляць... У той страшны дзень ахвярамі фашыстаў у Шкленікове сталі 16 чалавек, ад 58 двароў засталіся папялішчы. 27 верасня 1943 года яшчэ сем вёсак цяперашняга Сваткаўскага сельсавета былі спаленыя: Лужы, Мацкі, Новікі, Наўрані, Даўжані, Андрэйкі, Брусы. У апошняй таксама прайшоў мітынг-рэквіем. І ці забудзецца хто з яго ўдзельнікаў балючыя ад жахлівых дэталяў успаміны жыхаркі Брусоў Галіны Балаховіч: – 27 верасня, на вялікае царкоўнае свята Уздвіжанне Крыжа Гасподняга, фашысты ўчынілі дзікую, жорсткую расправу над людзьмі: пакутнікі згарэлі жывымі ў агні. Карнікі сабралі ўсіх, хто яшчэ застаўся жыць у Брусах пасля лютаўскай бамбёжкі. У вялікі ток, дзе захоўвалася збажына, сена, сагналі ўсіх людзей. Маладзейшых, хто мог працаваць, адабралі на адзін бок, потым іх сагналі ў рабства ў Нямеччыну. Старых загналі ў гэты ток – не прывялі, а загналі. Зачынілі шырокія цяжкія дзверы на замок, паабапал стаялі паставыя з аўтаматамі напагатове. Аблілі ток бензінам, падпалілі. Кажуць, чуліся моцныя крыкі і плач, стрэлы. Напэўна, стралялі тады, калі яшчэ ў гэтых пакутнікаў мелася нейкая надзея на выратаванне – магчыма, кідаліся да дзвярэй. Вестка пра трагедыю разляцелася вельмі хутка. Мы жылі ў вёсачцы Кухальскія за Мядзелам, а мая бабуля засталася ў Брусах. Мая мама праз ноч ішла, бегла напрамкі праз лес. Прыбегла на папялішча. Што яна ўбачыла адразу – ляжалі абгарэлыя трупы. І кінуўся позірк найперш на купку астанкаў людзей. Яны былі сабраныя ўсе ў кружок, сядзелі згорбіўшыся, цесна прытуліўшыся адзін да аднаго – напэўна, так лягчэй было перажыць апошнія хвіліны. Мама казала: “Абыходжу кругом, дакранаюся да чарапкоў – каторы рассыпаецца, каторы ледзьве трымаецца. А я шукаю сваю маму”. Сталі сыходзіцца людзі, таксама шукалі сваіх. Хто знойдзе абгарэлы кавалак пасцілачкі, хто астатак хусткі, хто рукаво. А вось адна дзяўчына пазнала сваіх бацькоў. Яны ляжалі побач і ля іх – быццам у выцягнутай руцэ – вялікі медны кубак, набіты пяском. Яна пазнала свой кубак. Во якая мудрасць народная: чалавек знайшоў недзе жменьку пяску, а, можа, здагадаўся, калі гналі ў гэты ток. Набіў гэты кубачак пяском, каб ён не сплавіўся, і падаў знак, што гэта ён тут. Другая дзяўчына знайшла кішэнь ад сярмягі. Яна за гэту кішэнь – а ў ёй нізка ключоў, якую заўсёды насіў бацька. Таксама знайшла. А мая мама сваю маму не знайшла… Сталі людзі думаць, што рабіць. І вырашылі сабраць у якую-небудзь пасцілачку гэтыя костачкі, попел і пахаваць. Так і зрабілі. Пахавалі ў брацкай магіле, памаліліся як умелі. Неаднойчы ў часе гэтага страшнага ўспаміну наварочваліся слёзы ў вачах у Галіны Балаховіч, і ў тых, хто яе слухаў. – Цяжка такое ўспамінаць, але забываць не трэба. Трэба помніць гэтыя падзеі – для таго, каб стаць моцнымі, – казала яна. І ў Брусах таксама гучалі словы памяці – ад раённага кіраўніцтва, святара, ветэрана, моладзі. І тут людзі неслі і неслі да помніка вянкі і кветкі. І ў абедзвюх вёсках падчас мітынгу-рэквіюму ішоў дождж – быццам сама прырода плакала разам з людзьмі. А мо гэтак прасіла прабачэння, што 70 год таму не змагла, не здолела затушыць той жудасны, забраўшы жыцці людзей агонь?.. Алесь ВЫСОЦКІ. Фота Алеся ВЫСОЦКАГА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адразу ў дзвюх вёсках Мядзельскага раёна ў адзін дзень, 27 верасня, ушанавалі памяць спаленых фашыстамі 70 год таму землякоў.
|
|